Канстанцін Сумар: «Па-мойму, нядрэнна выйшла».

Пра гэта стала вядома на прэс-канферэнцыі, арганізаванай для журналістаў рэгіёну па выніках працы Брэстчыны. «У Канстанціна Андрэевіча — лірычны тэнар і абсалютны слых», — сцвярджаюць спецыялісты упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама. Менавіта яны пераканалі старшыню ўстаць да мікрафона.

— Прызнаюся, паўгода мяне ўгаворвалі людзі ад культуры. Нарэшце пагадзіўся. За дзве гадзіны запісалі дзве песні ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры. Калі праслухаў, зразумеў, што трэба запісаць больш. І так запісалі дзесяць. Па-мойму, нядрэнна выйшла, — прызнаўся Канстанцін Сумар.

Хоць, кажа, з музычным афармленнем і аранжыроўкай не адразу можна здагадацца, хто спявае.

Запіс праходзіў не ў студыі, а на сцэне з жывым музычным суправаджэннем. Акампаніраваў ансамбль народных інструментаў «Сябрына» Тэльмаўскага дома культуры, што пад самым Брэстам, пад кіраўніцтвам Віктара Дземянюка. Цяпер ідзе афармленне дыска. А пачуць кіраўніка вобласці ў музычным запісе можна будзе ў пачатку наступнага года.

— Я запісаў для сябе, для сям’і, для дзяцей, унукаў. Пройдуць гады, яны змогуць паслухаць. Кажаце, пусціць у продаж? Паглядзім, як будзе, — Канстанцін Андрэевіч пакуль не гатовы гучаць з калонак ў кожнай кватэры. Але не адмаўляе, што дзеля дабрачыннасці наклад, які яшчэ не вызначаны, можа быць павялічаны, паведамляе газета «Советская Белоруссія».

Застаецца спадзявацца, што пасля выхаду ў адстаўку кіраўнік вобласці не патрапіць у «чорны спіс» і зможа працягнуць сваю кар’еру на сцэне.

Журналісты газеты «Брестский курьер» знайшлі адзін з запісаў рознабакова адоранага губернатара і змантавалі свой відэакліп.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?