Праблемы на валютным рынку другі тыдзень блакуюць працу розных імпарцёраў Беларусі, у тым ліку прадаўцоў запчастак. Продажы практычна спыненыя, склады пустыя, а завезці новыя дэталі няма на што: няма валюты.

У аўтамабільным бізнэсе Беларусі склалася дзіўная сітуацыя, неверагодная для рынкавай эканомікі ў XXI стагоддзі. Попыт ёсць, тавару няма. Праз дэфіцыт валюты афіцыйныя продажы запчастак фактычна спыніліся. Аўтацэнтры пачынаюць адмаўляць кліентам у абслугоўванні. Праблему каментуе старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) і дырэктар імпарцёра Volkswagen у РБ Сяргей Міхневіч: «Мы ўжо спынілі продаж запчастак. У розных дылераў яшчэ могуць быць запасы, але ў цэлым сітуацыі падобныя. Мы вымушаныя былі ў чарговы раз падняць цэны, спрабуем купіць валюту за любыя грошы. Выкарыстоўваем любыя варыянты, каб абслужыць хоць бы гарантыйныя аўтамабілі, па тэрмінах рамонту і сэрвісу якіх у нас ёсць абавязанні. А з наступнага тыдня пачнецца сапраўдны дэфіцыт запасных частак».

У буйных прадаўцоў неарыгінальных запчастак татальнага дэфіцыту пакуль няма з прычыны велізарнага асартыменту вытворцаў.
Але, як паведаміў «Eжедневнику» адзін з мінскіх аптавікоў, з каталогаў выпалі некаторыя пазіцыі, у асноўным з сярэдняй цэнавай катэгорыі. Напрыклад, універсальныя фільтры алівы для Opel 1980 — 1990-х гадоў ад вядомага нямецкага вытворцы запчастак, якія пастаўляліся ў адной ўпакоўцы па 20 штук, каштавалі аптавіку прыкладна $3 і карысталіся шалёнай папулярнасцю, цяпер фактычна адсутнічаюць — можна заказваць паштучна, але тады канчатковая цана будзе цалкам неканкурэнтаздольнай. Ёсць праблемы з пастаўкамі і іншых хадавых дэталяў. Хутка, відавочна, будзе раскупляцца тое, што раней попытам не карысталася, — замест «сераднячкоў» у ход пойдуць танныя нізкаякасныя дэталі. Бо «ўваходныя» для імпарцёраў цэны ў еўра не змяніліся — змяніліся адпускныя цэны ў рублях.
Калі яшчэ тыдзень таму прадаўцы запчастак пералічвалі даляры ў рублі па курсе 3500, то сёння — ужо па 4000 — 4500. Рынкавы курс еўра пры аплаце адначасова з перадачай тавару — 5300 — 5400 рублёў, дзе-нідзе 6000 рублёў. А вось калі дэталі замаўляюцца з умовай аплаты, скажам, праз 20–30 дзён, то курс еўра — ні многа ні мала 8000 рублёў!
Больш за тое, некаторыя «кропкі», дзе ад правераных людзей прымаюць наяўную валюту, гатовыя аддаваць тавар без аплаты, з адтэрміноўкай, абы атрымаць цвёрдую валюту, а не беларускія рублі.

Трывожная сітуацыя і ў аўтасалонах. Нягледзячы на некаторае ажыўленне рынку новых аўтамабіляў у лютым-сакавіку, новыя партыі машын не замаўляюцца. А тыя, што былі замоўленыя раней, немагчыма аплаціць і завезці, прычым валюту на біржы не могуць купіць нават тыя імпарцёры, якія пастаўляюць аўтамабілі з Расіі,

— нягледзячы на абяцанае Нацбанкам зняцце абмежаванняў для тавараў з краін Мытнага саюза.

Дылеры не імкнуцца распрадаваць і тыя аўтамабілі, якія засталіся на складах: невядома, па якіх цэнах іх прадаваць, каб не застацца ў стратах, курс Нацбанка не адпавядае рэаліям, біржавага рынку няма, а курс міжбанкаўскага рынку вельмі нестабільны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?