Музыка адпраўляецца ў тур па Беларусі з праграмай «Белая яблыня грому».
Пасля забароны канцэрта Лявона Вольскага і «Крамбамбулі» ў Мінску, гэта будзе спроба сустрэцца са слухачом у рэгіёнах. Першыя канцэрты павінны адбыцца ў Гродне і Брэсце.
«Такую адукацыйную, нават асветніцкую падзею не могуць забараніць», — іранічна заўважыў музыка ў размове з карэспандэнтам НН. Ён лічыць, што
квіткі на канцэрты павінны выкупацца аддзеламі культуры гарвыканкамаў. І распаўджвацца сярод членаў БРСМ, лепшых працаўнікоў мясцовых прадпрыемстваў, навуцэнцаў ліцэяў.
Па словах музыкі, на канцэрты ў Гродне і Брэсце ўжо падпісаны дамовы.
«Белая яблыня грому» — праграма Лявона Вольскага на вершы айчынных паэтаў: Чачота, Міцкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Купалы, Коласа, Броўкі, Танка, Куляшова, Геніюш, Панчанкі, Барадуліна. Акрамя гэтага на канцэртах прагучаць і новыя песні.
«У кожным горадзе турнэ ёсць нейкая прывязка да праграмы. — У Гродне жыў Максім Багдановіч, і цяпер гэты дом стаў музеем. А ў Брэсце, скажам, універсітэт названы імем Пушкіна. Таму трэба паказаць, што і нашыя пушкіны не горшыя. Да таго ж, няня Пушкіна была беларускай… Карацей, усё звязана!»
Але музыка не выключае, што за дзень да канцэртаў могуць узнікнуць праблемы з каналізацыяй у канцэртных залах. Але спадзяецца, што ўлады пойдуць насустрач.
А калі канцэрты забароняць, то забароняць лепшыя творы з айчыннай літаратуры.
Пасля Гродна і Брэста «Белую яблыню грому» чакаюць у Віцебску, Гомелі і Магілёве.
Гродна, 25 красавіка (панядзелак). Канцэртная зала філармоніі (вул. Гарнавых, 17). Пачатак а 19.00. Квіткі ў касах філармоніі. Тэл. для даведак 8 (0152) 527248, 527151.
Брэст, 28 красавіка (чацвер). Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр (вул. Камуністычная, 1). Пачатак а 19.00. Квіткі ў касах філармоніі. Тэл. для даведак 8 (0162) 95-93-01, 23-21-50; 8 (029) 313-21-50.