Шэсць гадзінаў раніцы. На пляцоўцы ля Акадэміі навук — мікрааўтобус, ля яго купка людзей. Пэўна, мне сюды. «Прабачце, тут збіраюцца на экскурсію?» — пытаюся няўпэўнена; мне патлумачылі, што адсюль будуць выязджаць энтузіясты, якія збіраюць звесткі па беларускай міфалогіі. «Не на экскурсію, мы ў экспедыцыю едзем!» — пярэчаць мне.

Так я пазнаёмілася з цудоўнымі жанчынамі і знаўцамі беларускай даўніны — Людмілай Дучыц і Ірынай Клімковіч. Людміла — карэнная мінчанка, Ірына нарадзілася на Сахаліне, яна з сям’і высланых з-пад Гродна.

Вось ужо дзесяць гадоў яны ездзяць па Беларусі, збіраючы звесткі пра цікавосткі народнай культуры. Экспедыцыя, на якую я трапіла была 109 па ліку! І ўсё гэта — выключна за свае сродкі. Але не для сябе — для ўсіх нас.

Культавы камень на Бабінай гары каля Барысава.

Культавы камень на Бабінай гары каля Барысава.

Ірына Клімковіч (злева) і Людміла Дучыц.

Ірына Клімковіч (злева) і Людміла Дучыц.

У вёсцы Вішчын на Рагачоўшчыне.

У вёсцы Вішчын на Рагачоўшчыне.

Каля каменя-краўца, вёска Пілатоўшчына Ушацкага раёна.

Каля каменя-краўца, вёска Пілатоўшчына Ушацкага раёна.

Прошча каля вёскі Любонічы, Кіраўскі раён.

Прошча каля вёскі Любонічы, Кіраўскі раён.

Святая крыніца ля вёскі Карытніца Бялыніцкага раёна.

Святая крыніца ля вёскі Карытніца Бялыніцкага раёна.

Як усё пачыналася

Ірына Клімковіч: Я па адукацыі інжынер, будавала дарогі. Увесь час даводзілася «мець справу» з камянямі. Мы працавалі вахтавым метадам, начавалі ў бабуль па вёсках. Чула ад іх легенды пра тыя валуны… Муж мой, пісьменнік Максім Клімковіч, таксама інжынер-дарожнік па адукацыі, да слова… З цягам часу я змяніла прафесію — прыйшла працаваць у часопіс «Крыніца», калі яго зачынілі, падалася ў «Маладосць». Падчас працы ў рэдакцыях з’явілася ідэя скласці энцыклапедычны слоўнік «Беларуская міфалогія». З тых часоў мы пасябравалі з Людмілай Дучыц, якая тады працавала ў акадэмічным Інстытуце гісторыі.

Наталка Бабіна: То бок, ваша цікавасць да міфалогіі, спадарыня Ірына, пачалася з дарог, якія вы будавалі… А вы, спадарыня Людміла, археолаг, як вы прыйшлі да зацікаўлення?

Людміла Дучыц: Падчас раскопак да нас пастаянна прыходзілі мясцовыя жыхары — і ўсе з паданнямі, з легендамі… Усе нашыя археалагічныя аб’екты проста авеяныя паданнямі. Можна рабіць асобныя кнігі і пра камяні, і пра крыніцы, — матэрыялу надзвычай шмат.

НБ: Гэта знайшло адлюстраванне ў вашых кнігах?

ІК: Так, адна з іх — «Сакральная геаграфія Беларусі» пабачыла свет зусім нядаўна, яна выйшла ў выдавецтве холдынгу «Літаратура і мастацтва». Там апісаныя розныя сакральныя аб’екты: рэкі, азёры, балоты, камяні, дарогі… Прыводзяцца паданні, звязаныя з імі. Мы спрабавалі паказаць чытачам, як нашы продкі ўспрымалі навакольную рэчаіснасць, тлумачылі беларускую карціну свету.

А ў выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга пад назвай «Міфалогія беларусаў», дзе ў шэрагу шматлікіх аўтараў ёсць і нашы імёны. «Міфалогія…» пабудавана па даведачным прынцыпе і знаёміць чытачоў са старажытным светапоглядам беларусаў, але нашмат больш пашыраная, перапрацаваная і багата ілюстраваная.

НБ: Вы ладзіце экспедыцыі за свае грошы?

ІК: Вядома ж! Само сабою склалася кола людзей, якія шукаюць кожны сваё ў гэтых паездках. Хто збірае матэрыял для дысертацыі, хто проста новыя уражанні, журналісты з намі ездзяць, краязнаўцы…

НБ: А ці вы самі верыце ў тое, што недзе правалілася царква, ці з гары выходзіць дзева?

(Смяюцца).

Міфалогія — гэта агульначалавечае

ІК: Цікава параўноўваць беларускую міфалогію з іншымі. Відаць, міфалагічнае мысленне розных народаў развіваецца аднолькава. Міфалогія дазваляе лепш разумець матывы учынкаў людзей ва ўсе часы.

ЛД: Гэтая з’ява па-навуковаму называецца канвергенцыя: у розных народаў на пэўных стадыях развіцця грамадства ўзнікаюць адны і тыя ж псіхалагічныя асацыяцыі, якія прыводзяць да падобных вераванняў.

Міфалогія — гэта нават не культура таго ці іншага народа, а агульначалавечая культура.

ІК: Беларусь адна з самых багатых на міфалагічную спадчыну і адна з самых недаследаванных краін у гэтым плане. Крыўдна, што ў нас чытаюць таго ж Толкіена, творы якога пабудаваны на заходнееўрапейскай міфалогіі. А ў беларусаў ёсць свае не менш цікавыя міфы! Вось, вядуць нас да камянёў і расказваюць, што гэта муж з жонкай на Вялікдзень акамянелі… Ці вось камень, якому можна пакласці грошы, а ён пашые табе вопратку ці боты… Гэта ж гатовыя сюжэты для кніг, мультфільмаў, спектакляў. Гэта мусіць увайсці ў сённяшнюю культуру. Я, збіраючы ўсе гэтыя паданні, стаўлю перад сабой такую мэту — каб беларусы самі пра сябе даведаліся, згадалі свае міфалагічныя карані.

У нашых продкаў існавала пэўная сістэма поглядаў, высновы пра якую мы можам зрабіць, менавіта аналізуючы паданні. Вось, напрыклад, па усёй Беларусі існуюць паданні пра камень, які закрывае сабой адтуліну, што вядзе ў сярэдзіну Зямлі, а магчыма і ўсяго Сусвету і, калі яго падняць, то з-пад яго пацячэ вада. У многіх месцах існавала павер’е, што калі ўдовы падчас засухі падымуць такі камень, то пойдзе дождж.

ЛД: Мы вельмі спяшаемся зафіксаваць тое, што знікае. Мы яшчэ і сёння можам сустрэць традыцыйнае аздабленне святых крыніц, дрэваў, камянёў… Мы яшчэ заспелі крыжы вакол святых студняў… Здаралася і так, даведваемся з «Апытальных лістоў» Інбелкульта 1920-х, што ў вёсцы быў камень-следавік. Прыязджаем, ніхто пра яго і не чуў. Памятае толькі дзевяностагадовая бабуля. Яна злазіць з печы і вядзе нас да каменя, пачынае там маліцца, расказваць, як у часы яе маладосці пакланяліся каменю. Яе дзеці пытаюцца: «Мама, чаму ж вы нам пра гэта ніколі не казалі?» А яна адказвае: «Дык вы ж не пыталіся!»

Крыніцы, залітыя саляркай

ЛД: Шмат камянёў было разбіта, шмат крыніц засыпана, заліта саляркай у рамках змагання з рэлігіяй. Былі дзве знішчальныя хвалі — у 30-я гады і на пачатку 60-х. Таму культавыя аб’екты лепей захоўваліся ў глухіх, недаступных месцах. Засталіся і сведчанні, калі людзі проста грудзьмі ставалі, каб не даць разбіць звон, каб захаваць вясковыя святыні…

ІК: Вясковыя святыні — асобная тэма.

Каля Лагойска ёсць мясціна, дзе да крыніцы прыносяць ахвяры — там вісяць, напрыклад, хусткі, майткі, шкарпэткі, кашулі, якія прынеслі, каб пазбавіцца ад болю. Лічыцца, калі ахвярная вопратка спарахнее, то чалавек пазбавіцца ад хвароб…

ЛД: У многіх мясцінах, сярод лясоў ладзяцца фэсты на рэлігійныя святы…

ІК: Не толькі сярод лясоў. Прошча, што ў Ператоках Любанскага раёна, знаходзіцца сярод ворнага поля. На ім засталося некранутае месца: бярозы, камень з дзіркамі — у адну дзірку заліваецца вада, з другой выліваецца, і гэтая вада лічыцца гаючай…

ІК: Дарэчы, можна сказаць,

і плошча Незалежнасці, былая плошча Леніна, — адно з самых сакральных месцаў у найноўшай гісторыі Беларусі. Тут практычна склалася БССР, паўстаў велічны Дом ураду, праходзілі вайсковыя парады, дэманстрацыі. Як за савецкім часам, так і падчас нямецкай акупацыі. Тут адразу пасля вызвалення адбыўся знакаміты партызанскі парад. Менавіта тут была абвешчана Рэспубліка Беларусь, праходзілі мітынгі. Дый, увогуле, на плошчы стаіць знакаміты Чырвоны касцёл, тут захаваліся рэшткі даваеннай вуліцы Савецкай, былой Захар’еўскай. Нездарма… Тэма сакральнасці плошчы вартая асобнага артыкула. І тое, што адбылося на ёй 19 снежня, — адна са знакавых падзей нашай гісторыі, якая не вымяраецца і не ацэньваецца ў межах аднаго чалавечага жыцця.

НБ: Вы згодныя, што беларусы — недафарміраваная нацыя? Што беларусы не маюць нацыянальнага патэнцыялу і лёгка паддаюцца уплывам суседніх народаў?

ІК: Так здаецца, бо

нам даводзілася выжываць не адно стагоддзе… Міне час, вернецца сапраўднае — беларускае. І мова, і культура. Гэта яшчэ выбухне. Патэнцыял насамрэч вялізны, ён напрацаваны тысячагоддзямі і жыве ў памяці пакаленняў.

ЛД: Робіцца ўсё не ў сталіцы. Робіцца ўсё ў правінцыі — у малых гарадах, у вёсках. Паглядзіце, колькі цяпер краязнаўцаў. Свае мясцовыя суполкі, свае грамадзянскія кампаніі. Цяпер ледзь не ва ўсіх машыны, ёсць магчымасць вандраваць… Скінуцца на бензін — і едуць на пошукі.

Беларусь жывая. Вілейка, Лепельшчына, Лынтупы… — па ўсёй краіне людзі розных прафесій, розных спецыяльнасцяў займаюцца тым, што лічаць цікавым, выдаткоўваючы на гэта свае сродкі.

І нават так можна сказаць: калі б гэтым займалася дзяржава, то плёну было б менш. Планы, адпіскі — гэта толькі шкодзіла б справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?