6 красавіка споўнілася 12 гадоў, як пайшоў з жыцця знакаміты палітык Генадзь Дзмітрыевіч Карпенка. Гэта імя добра вядома жыхарам горада Маладзечна, дзе Генадзь Дзмітрыевіч працаваў мэрам. Яго намаганнямі ў Маладэчне быў устаноўлены ўнікальны помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі», да якога дагэтуль у гадавіны смерці Генадзя Дзмітрыевіча жыхары ўскладаюць кветкі. Стала вядома, што мясцовыя ўлады перад «Дажынкамі» вырашылі гэты помнік прыбраць.

Помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» — валун, аздоблены крыжам Еўфрасінні Полацкай. Напачатку на ім быў яшчэ бел-чырвона-белы сцяжок, які потым прыбралі. На адкрыцці помніка адбылася першая ў гісторыі Беларусі сумесная служба праваслаўнага, каталіцкага і ўніяцкага святароў — такім чынам помнік быў асвечаны.

Ён размяшчаецца ў самым цэнтры горада, і менавіта да яго мясцовыя маладыя канечне ўскладаюць кветкі. Зараз гэта традыцыя будзе парушана, бо аблічча горада радыкальна змяняецца перад «Дажынкамі». А помнік-валун «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» не адпавядае не толькі архітэктурнай, але і ідэалагічнай канцэпцыі свята.

Мясцовыя праваабаронцы і грамадскія актывісты заявілі, што каштоўны помнік яны будуць адстойваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?