Сёння ўдзельнікі круглага стала аб Астравецкай АЭС ў літоўскім Сойме прынялі зварот да кіраўніка Расіі і МАГАТЭ з заклікам звярнуць увагу на небяспеку беларускай АЭС.

У звароце гаворыцца, што

«фінансуючы пабудову АЭС у Беларусі цяпер, Расея падтрымлівае нелегітымны аўтарытарны рэжым у Беларусі»
. Тым часам, міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс назваў рашэньне Беларусі будаваць АЭС за 53 кіламетры ад Вільні правакацыяй.

Ажубаліс сказаў аб гэтым, адказваючы на пытанне, ці атрымала Літва адказ на ноты літоўскага дыпламатычнага ведамства на адрас Беларусі і Расіі адносна ацэнкі ўздзеяння на асяроддзе Астравецкай і Калінінградзкай АЭС.

«Атам не прызнае межаў» У Сойме на абмеркаванне сітуацыі адносна Астравецкай АЭС сабраліся парламентары, супрацоўнікі літоўскіх ведамстваў, палітыкі і грамадскія актывісты з Літвы і Беларусі.

«Для пабудовы такіх аб’ектаў патрэбны асаблівы кантроль, і няма гарантыі, што Беларусь можа такі кантроль забяспечыць»
, — адзначыў літоўскі парламентар Пятрас Луоманас, сябра парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», якая выступіла адным з арганізатараў круглага стала па беларускай АЭС у Сойме.

У выніку быў прыняты зварот з дэтальным пералікам магчымых небясьпечных наступстваў падпісанага 15 сакавіка расейска-беларускага пагадненьня аб пабудове беларускай АЭС.

Пятрас Луоманас сярод іншага зазначыў: «Такія рэзалюцыі, звароты ў пэўныя еўрапейскія інстытуты насамрэч патрэбныя, тым больш, што мы бачым, якія трагічныя наступствы мае выкарыстанне АЭС. Гэта адчула і Беларусь пасьля Чарнобыльскай аварыі, у выніку якой было забруджана 23% беларускай тэрыторыі. Так што мы бачым, гэта вельмі сур’ёзна.

Вядома, тэхналогіі ўдасканальваюцца, але ніхто ня можа быць абаронены цалкам ад магчымасці аварыяў на АЭС. У Літве заклапочаныя таксама і тым, што паколькі планаваная Астравецкая АЭС будзе выкарыстоўваць ваду з басейну Вяллі-Нёману, да нас можа ісці радыяактыўная вада, і ўся экасістэма Балтыйскага мора апынаецца пад пагрозай. Ня кажучы ўжо пра людзей, як у Літве, так і ў Беларусі.

Трэба звяртацца ў еўрапейскія структуры, якія выдаюць дазволы на пабудовы такіх аб’ектаў, як АЭС у памежнай зоне, а калі гэта будзе ігнаравацца, то ўжываць і санкцыі, бо атам не прызнае межаў», — сказаў Пятрас Луоманас.

«Уран у рукax дыктатара»

Прадстаўнікі Беларускага бюро грамадскага і палітычнага прадстаўніцтва ў Літве выступалі ў часе круглага стала з падрыхтаванымі матэрыяламі па Астравецкай АЭС. «Неабходна памятаць, што АЭС — гэта фабрыка па вытворчасці радыяактыўных адкідаў», — сказаў у часе свайго выступу Віктар Гарбачоў. «Я як донар крыві добра ведаю, чаго каштаваў нам у Беларусі Чарнобыль, — адзначыў Ігар Каваленка, старшыня дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня «Кропля жыцьця», які цяпер з-за палітычнага перасьледу на радзіме вымушаны знаходзіцца ў Літве: «Дыктатару, усімі прызнанаму нелегітымным кіраўніком і апошнім дыктатарам Эўропы, нельга даваць у рукі ўран, каб ён пасьля мог шантажаваць Еўропу. Пабудову АЭС можна спыніць на любым этапе, і яшчэ ня позна гэта зрабіць. Апрача таго, расейскае фінансаваньне гэтай АЭС прывядзе Беларусь у поўную залежнасьць ад Расіі».

Палітычны складнік АЭС

Зварот, прыняты сёння, накіраваны ў МАГАТЭ, а таксама прэзідэнту Расеі. «Палітычны складнік пытання адносна Астравецкай АЭС — напэўна, асноўны», — кажа адзін з арганізатараў круглага стала ў Сойме, старшыня літоўскага Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў Стасіс Каўшыніс: «І тут галоўны гулец у гэтай палітычнай гульні — Расія, якая фактычна будуе дзве АЭС каля Літвы — адну ў Калінінградзкай вобласці, а другую на тэрыторыі Беларусі, але па-сутнасьці, у перадмесці Вільні».

Літва чакае адказу

Літва дасюль не атрымала ад Беларусі адказу на ноту літоўскага МЗС адносна ацэнкі ўплыву на асяроддзе Астравецкай АЭС, хаця міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў напрыканцы сакавіка абяцаў адказаць.
Два дні таму МЗС Літвы накіравала падобную ноту і Расіі адносна Калінінградскай АЭС. Сёння міністру замежных спраў Літвы Аўдронюсу Ажубалісу давялося адказаць журналістам на пытанні, што будзе далей рабіць Літва, калі адказаў так і не будзе.

«Існуе комплекс захадаў, якія Літва можа ўжыць, каб сітуацыя была празрыстай, каб пляцоўку пад АЭС адсунулі ад мяжы з Літвой, іначай, як правакацыяй цяперашняе рашэнне Беларусі мы не можам назваць. Я дакладна не магу прагназаваць (што будзе, калі адказы так і не прыйдуць), мы выконваем нашую працу, пераконваем, спрабуем атрымаць інфармацыю, спрабуем размаўляць з міжнароднымі партнёрамі. Адна з асноўных задачаў — каб Еўропа, свет, пабачылі дакладна і аб’ектыўна, што адбываецца ў гэтым рэгіёне», — сказаў міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс сёння ў інтэрв’ю балтыйскаму інфармацыйнаму агенцтву BNS.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?