У войсках кіраўніка Лівіі Муамара Кадафі служаць беларусы. З такой заявай выступіў кіраўнік рабочай групы ААН па выкарыстанні наёмнікаў Хасэ Гомес дэль Прада.
У заяве рабочай групы ААН гаворыцца пра шматлікія доказы таго, што Муамар Кадафі «выкарыстоўваў наёмнікаў і выкарыстоўвае наёмнікаў». Паводле Дэль Прада, бальшыня іх паходзіць з Афрыкі і з Беларусі, паведамляе радыё «Свабода».
Беларускі МЗС адрэагаваў на гэта каментаром аб тым, што публікацыі са спасылкай на экспетаў ААН, якія заяўляюць пра «наяўнасць у Лівіі беларускіх наймітаў», і сродкі масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюць такія заявы, не заслугоўваюць даверу.
Беларускі бок абяцае запатрабаваць афіцыйнага расследавання ў ААН у сувязі з гэтай сітуацыяй.
Нагадаем, нядаўна расійская «Комсомольская правда» пісала пра тое, што Кадафі дапамагаюць ваяваць «сотні беларускіх вайсковых дарадцаў».





