Да вашае ўвагі другая частка размовы з Сакратаром інфармацыі Рады БНР Мікалаем Пачкаевым. Першую частку чытайце тут.


Алесь Чайчыц: Распавядзіце, калі ласка, пра сёньняшнюю штодзённую працу Рады БНР: хто туды ўваходзіць, як адбываецца яе праца, сходы, як гэта выглядае?

Мікалай Пачкаеў: Сэсіі самой Рады БНР у наш час адбываюцца раз на два гады, паседжаньні Прэзыдыюму — паводле патрэбы. Гэта значыць, на чале Рады стаіць сфармаваны сэсіяй Прэзыдыюм Рады, які далей выконвае, сёньня ў абмежаваным маштабе, функцыі Ўраду-на-выгнаньні.

Прэзыдыюм уключае шэраг сакратарыятаў — дакладней, у большасьці выпадкаў, саміх сакратароў. Сакратарыяты Прэзыдыюму ў такой якасьці зьяўляюцца пераемнікамі Народных сакратарыятаў, гэта значыць міністэрстваў колішняга Ўраду БНР у Беларусі, на чале cа Cтаршынём. Ёсьць таксама Першы заступнік і Заступнік Старшыні, Сакратар Прэзыдыюму і Пратакольны Сакратар, некалькі сяброў Прэзыдыюму без прыналежнасьці да сакратарыятаў

Сярод сакратарыятаў, па-першае гэта Сакратар замежных («вонкавых») справаў.

Традыцыйна пасаду Сакратара вонкавых справаў займае сам або сама Старшыня Рады. Гэты Сакратарыят уключае некалькіх сяброў з асаблівымі сэктарамі працы.
Таксама маем напрыклад Сакратарыят адукацыі, дзе Сакратарам спн. Орса-Рамана, інфармацыі, які ачольваю я, ёсьць Скарбнік Рады БНР, камітэт архіўных справаў БНР, Сакратарыят унутраных сраваў, які цяпер ачольвае сп. Вячка Станкевіч.

АЧ: Чым займаецца Сакратарыят унутраных справаў, калі Рада БНР — у выгнаньні? Якія ў яе могуць быць «унутраныя справы»?

МП: Сапрыўды, ён займаецца ўнутранымі канстытуцыйнымі, статутнымі пытаньнямі ў самой Рады, пытаньнямі паўнамоцтваў і сяброўства ў Радзе, дачыненьнямі з тымі арганізацыямі ў замежжы, якія адносяць сябе да БНРаўскіх і складаюць тую грамадзкую супольнасьць вакол Рады БНР. Акрамя гэтага, у яго кампэтэнцыі розныя пытаньні статусу і ўсе іншыя пытаньні, што паўстаюць і мусілі бы належаць да міністэрстваў унутраных справаў і юстыцыі — у тым аб’ёме, які магчымы ў экзылі.

Сакратарыят вонкавых справаў, з прычыны знаходжаньня Рады БНР на выгнаньні, зьяўляецца найбольш разбудаванай структурай і ўключае некалькі асобаў. У яго ўваходзяць таксама намесьнікі старшыні і шэраг іншых сяброў, якія складаюць, так бы мовіць, «калегію» Сакратарыята вонкавых справаў. Я таксама ўваходжу ў яго склад і пераважная частка маёй працы для Рады фактычна датычыцца яго.

АЧ: Вонкавыя справы — гэта і ёсьць дачыненьні зь іншымі дзяржавамі?

МП: Так, і ня толькі зь дзяржавамі. Гэта наступнік міністэрства замежных справаў урадаў БНР. Пэўныя зьвесткі пра сучасны склад Прэзыдыюма ёсьць на сайце Рады БНР, які, трэба прызнаць, не абнаўляецца рэгулярна.

АЧ: Такім чынам, у Радзе прадстаўлена кіраўніцтва эмігранцкіх арганізацый?

МП: Яшчэ ў 1918 г. быў закладзены канстытуцыйны прынцып кааптацыі новых сяброў Рады. Першапачаткова ён быў уведзены з іншай прычыны, каб уключыць у склад рады сяброў з раней акупаванай немцамі заходняй часткі Беларусі.

Рада была створана І Усебеларускім Зьездам як абсалютна паўнамоцны, але часовы ворган улады. Рада БНР мусіла заснаваць дзяржаўнае жыцьцё Беларусі і забясьпечыць правядзеньне дэмакратычных выбараў у новыя паўнавартасныя ворганы ўлады. Гэтым новым органам Рада БНР перадала бы свой мандат.

Свабодныя выбары, як вядома, не адбыліся з прычыны наступу Чырвонага Войска. Але зь цягам часу магчымасьць кааптацыі аказалася тым статутным інструмэнтам, які дазволіў існаваньне Рады аж да нашага часу.

Новыя чальцы зацьвярджаюцца Радай праз пэўную працэдуру, зафіксаваную ў статуце. Яны кааптуюцца па меры зьяўленьня вакансіяў, што нажаль ёсьць натуральны працэс. Звычайна кандыдатуры прапануюцца ад беларускіх грамадаў замежжа, якія стаяць на прынцыпах вернасьці ідэалам 25 сакавіка і падтрымкі Рады БНР ў яе статутных мэтах.
Гэта асобы, якія ў сваёй супольнасьці здабылі належную вядомасьць і давер сваёй адпаведнай грамадзкай пазыцыяй і дзейнасьцю. Яны таксама павінны атрымаць рэкамэндацыі двух сяброў Рады. У канцовым зацьверджаньні на Сэсіі Рада бярэ пад увагу комплекс фактараў, ад палітычнага мінулага ў Беларусі да асабістых абставінаў, каб мець дастатковую пэўнасьць у кожнай асобе, якая прераймае частку адказнасьці за лёс Рады БНР і ўрэшце за выкананьне яе місіі для Беларусі.

Яны зусім не абавязкова займаюць кіраўнічыя пасады ў арганізацыях дыяспары, хоць як прынцып — гэта асобы, якія маюць права сталага побыту ў адной з замежных краінаў.

АЧ: То бок, яны ня могуць пражываць у Беларусі?

МП: Як прынцып, яны павінны мець права сталага жыхарства за межамі Беларусі.

АЧ: А чаму так? Чаму сталым жыхарам Беларусі нельга быць членамі Рады?

МП: Рэч у тым, што

Рада БНР ня ёсьць проста адной з арганізацыяў-гульцоў на ўнутранай палітычнай арэне ў Беларусі, ня можа стацца там канкурэтнам ніякіх з палітычных партыяў ці арганізацыяў.

Таму натуральна, што асобы, якія стала пражываюць у Беларусі, ня могуць адначасова дзейнічаць паўнавартасна на пасадзе ўрадоўцаў Рады БНР у яе статусе «на выгнаньні». Калі зь непрадбачнага зьбегу абставінаў выключэньні могуць здарацца, яны не зьмяняюць прынцыпу.

АЧ: А Зянон Пазьняк член Рады БНР ці не?

МП: Не. Зянон Пазьняк выступае ў ролі спэцыяльна запрошанага дарадчыка Рады БНР на некаторых сэсіях Рады. Мы вельмі высока цэнім яго палітычны досьвед, парады і меркаваньне.

АЧ: А чаму ж яго не прынялі? Яскравая фігура, і таксама на выгнаньні

МП: Зянон Пазьняк не разглядае сябе ў якасьці палітычнага дзеяча беларускага замежжа, ён застаецца лідарам адной з палітычных партый, якая імкнецца да ўдзелу ва ўладзе ў Беларусі. Ён фактычна застаецца так ці інакш партыйным гульцом унутранай беларускай палітыкі ў Беларусі, які сёньня знаходзіцца ў эміграцыі. Так яго бачаць палітычныя сілы ў Беларусі і гэтак ён усьведамляе сябе сам.

АЧ: Нават нягледзячы на тое, што яго партыя дэманструе найбольшую прыхільнасьць да Рады БНР?

МП: Так, мы маем вельмі добрыя кантакты з лідэрам КХП-БНФ Зянонам Пазьняком, таксама заўсёды знаходзілі аднадумства ў БНФ «Адраджэньне», Партыі БНФ, добрае паразуменьне і з шэрагам іншых палітычных партый і значных палітычных, грамадзкіх фігураў, якія стаяць на прынцыпах ідэалаў беларускай дзяржаўнасьці 25 сакавіка ў Беларусі.

Аднак Рада БНР павінна заставацца па-за партыйнай палітыкай, у гэтым спэцыфіка яе статусу.

Спаборнічаць за галасы на свабодных выбарах, сфармаваць склад новай дэмакратычнай ўлады ў Беларусі, увайсьці ў ворганы дэмакратычнай улады, вызначаць яе палітыку і кіраваць краінай — усё гэта задача і роля, якая належыць палітыкам уласна ў Беларусі.
Са свайго боку, Рада БНР бачыць сёньня сваю найважнейшую задачу і ролю ў тым, каб ва ўсялякі спосаб дапамагчы і наблізіць час, калі ў Беларусі зьявіцца той дэмакратычна абраны ворган улады, якому яна магла б перадаць свае паўнамоцтвы.

З гледзішча Рады галоўны крытэр для каардынацыі дзеяньняў у сьвеце паміж арганізацыямі апазыцыі з Беларусі і Радай БНР у замежжы — найбольшая выніковасьць для справы аднаўленьня беларускай дэмакратычнай нацыянальнай дзяржаўнасьці у Менску. Недаацэнка прадстаўнікамі апазыцыі патэнцыялу і статусу Рады БНР ў замежных кантактах дзяржаўнага, непатрыйнага ўзроўню, уражаньне аб чым можа часам складацца, была бы дакладна не на карысьць гэтай агульнай справе.

АЧ: Пытаньне ад чытача ў Livejournal: ці можна атрымаць пашпарт БНР і як гэта можна зрабіць?

МП:

З пашпартамі БНР існуе шэраг мітаў,
якія я мушу разьвеяць, і выбачаюся, калі кагосьці крыху расчарую. Пашпарты БНР выдаваліся ў пэрыяд да Другой Сусьветнай вайны з той прычыны, што не існавала дзяржавы на тэрыторыі Беларусі, якая б выдавала беларускія нацыянальныя пашпарты. Беларусь была ў складзе СССР альбо часткова Польскай рэспублікі. Пашпарты БНР выдаваліся для мэтаў падарожжа і пацьверджаньня дзяржаўнай прыналежнасьці, і яны прымаліся для мэтаў іміграцыі такімі краінамі, як Чэхаславаччына альбо, напрыклад, Канада.

У пасьляваенны пэрыяд і да пачатка 70-х гадоў пашпарты БНР выдаваліся амаль выключна замежнікам у якасьці пасьведчаньня ганаровага грамадзянства ў сувязі зь нейкімі заслугамі перад беларусамі, напрыклад у галіне беларусазнаўства.

Як прыклад, Гай Пікарда, музыказнаўца і беларусазнаўца, які напрацягу дзесяцігодзьдзяў зрабіў надзвычай шмат для пашырэньня ведаў пра Беларусь у Вялікай Брытаніі і на Захадзе і які цяпер пахаваны каля Чырвонага касьцёла ў Менску, быў адным з тых, хто атрымаў такое ганаровае грамадзянства і пашпарт БНР у якасьці пасьведчаньня.

У сучаснай Беларусі грамадзяне маюць пашпарты Рэспублікі Беларусь. Рада БНР прызнае, што сёньняшнія грамадзяне РБ — гэта тыя выбарцы, што ў будучыні мусяць прагаласаваць і сфармаваць тую дэмакратычную ўладу, на карысьць якой Рада БНР урэшце складзе свае паўнамоцтвы.
З гэтага вынікае, што гэтым чынам усіх іх Рада БНР прызнае і грамадзянамі БНР таксама.

АЧ: Была ж ініцыятыва Беларускага народнага фронта па запісу ў сымбалічнае грамадзянства БНР у канцы 1990-х….?

МП: Рух за сымбалічнае грамадзянства БНР быў распачаты кіраўніцтвам БНФ дзеля ўмацаваньня сярод нядаўніх грамадзян СССР усьведамленьня таго, што яны грамадзяне незалежнай Беларусі ў яе гістарычнай дзяржаўнай пераемнасьці, для згуртаваньня грамадзтва на прынцыпах ідэалаў БНР. У такім ключы Рада БНР ініцыятыву Народнага Фронту тады ўхваліла і пэўнай долі адказнасьці за гэту кампанію зь сябе зьняць ня можа.

Гэта азначае, што ўсе тыя, хто запісаліся грамадзянамі БНР у рамках той кампаніі, з пункту гледжаньня Рады БНР маюць усе падставы лічыцца сапраўды грамадзянамі БНР, незалежна ад таго, ці маюць яны пашпарт Рэспублікі Беларусь сёньня.

Аднак, сказаўшы гэта, мушу дадаць, што арганізатары таго руху не змаглі перадаць Радзе вычарпальных сьпісаў асобаў, якія запісаліся ў грамадзянства БНР. Некаторым пры гэтым выдаваліся даведкі аб запісе, некаторым не выдаваліся, уласна я даведкі таксама не атрымаў. Тымчасам зьявіліся махляры, якія аднекуль з Баўгарыі прапаноўвалі пасьведчаньні грамадзянства БНР за грошы. З увагі на ўсё гэта, вельмі хутка стала відавочна, што, не атрымаўшы пэўнай дакумэнтальнай базы, пачаць выдачу ад Рады камусьці дакумэнтаў было бы недарэчна, немэтазгодна, спарадзіла бы падзелы і прэтэнзіі сярод шчырых прыхільнікаў БНР, спрычыніла бы больш шкоды.

АЧ: Вы казалі, што Рада БНР нясе з сабою «ўвасабленьне дзяржаўнасьці, якая мусіць быць». А ці няма тут такога, што Рада БНР ня будзе задаволеная нават калі ў Беларусі пройдуць дэмакратычныя выбары, але прыйдзе да ўлады партыя кшталту партыі Януковіча ва Ўкраіне — расейскамоўная, арыентаваная перадусім на нейкія прыватныя бізнэс-інтарэсы? Ці ня будзе так, што Рада БНР будзе чакаць, пакуль прэзыдэнтам ня зробіцца «прынц на белым кані»

МП: Можна разважаць аб тым, якія партыі абярэ беларускі народ на першых, пераабярэ на другіх або трэціх свабодных выбарах. Свабодных выбараў на Беларусі няма, такога прадстаўнічага воргану няма.

Урэшце,

падрабязнасьці палітыкі новай улады будуць залежаць ад балянсу палітычных сілаў, які павінны свабодна вызначаць беларускі выбаршчык. Для Рады БНР ідзецца не аб гэтым
 — ідзецца аб тым, каб у Беларусі існавала сама адпаведная палітычная сыстэма, сама незалежная нацыянальная дэмакратычная дзяржаўнасьць, у рамках якой магло бы далей дэмакратычна адбывацца беларускае нацыянальнае палітычнае жыцьцё.

Сучасная дзяржаўная ўлада, што пануе ў межах Беларусі, з пункту гледжаньня Рады БНР фактычна страціла прыкметы належнага ўвасабленьня такога роду дзяржаўнасьці — у сэнсе ня толькі сваёй палітыкі, унутранай і зьнешняй і ў бадай што любой галіне, але і ў сэнсе сымбаляў, у сэнсе ідэалёгіі або палітычнай гэнеалёгіі, самога самаўсьведамленьня свайго месца ў сьвеце і гісторыі.

АЧ: Калі адносіны Рады БНР з дэмакратычнай апазіцыяй у добрым стане, чаму б той апазіцыі тады не прызнаць Раду БНР уладаю замест Лукашэнкі? Альбо чаму б Радзе БНР не пераўтварыцца ў ворган, які б каардынаваў іх дзейнасьць? Чаму б Радзе БНР не зрабіцца сілай на беларускім палітычным рынку, калі ўжо няма жалезнай заслоны?

МП: Пэўна, я магу асвятляць толькі погляд Рады, а ня крокі апазыцыі. Наша падтрымка адрасуецца ўсім нацыянальным, дэмакратычным, незалежніцкім сілам, арганізацыям, грамадзянам у Беларусі, якія стаяць за рэалізацыю прынцыпаў 25 сакавіка. У сваім статусе на выгнаньні Рада БНР ня можа выступаць у якасьці партыйнага воргана і гульца на рынку партыйных кааліцыяў, якія ствараюцца і зьнікаюць унутры Беларусі.

Яна заўсёды зьяўлялася захавальнікам пераемнасьці беларускай дэмакратычнай дзяржаўнасьці для будучай дэмакратычнай улады ў часы, калі незалежнасьць была страчаная. Яна застанецца палітычным дэпазытарыям беларускай дзяржаўнасьці, пакуль дзяржаўныя прынцыпы 25 сакавіка не рэалізаваныя і для незалежнасьці можа існаваць імаверная небясьпека.

Але сказаўшы гэта, трэба зазначыць, што пры пэўных умовах Рада БНР будзе гатова адыграць і больш важкую ролю ў гісторыі Беларусі. Сёньня я магу ўпершыню агучыць наступную пазыцыю Рады БНР.

Погляд Рады БНР, як і дэмакратычных сіл Беларусі, палягае ў неабходнасьці правядзеньня ў Беларусі новых свабодных прэзыдэнцкіх выбараў, у якіх ня будзе кандыдатам Лукашэнка, які канстытуцыйна страціў права балятавацца. У сувязі з гэтым паўстае пытаньне аб тым, наколькі

каляпс рэжыма Лукашэнкі запатрабуе правядзеньня першых выбараў у нейкую канстытуцыйнцую асамблею, якая зьдзейсьніць пераінсталяцыю, пераўгрунтаваньне дзяржаўнасьці ў Беларусі на дэмакратычных прынцыпах, па аналёгіі з, напрыклад, усталяваньнем «Другой» або «Пятай» рэспублікі ў Францыі.

З увагі на гэта,

Рада БНР гатова прадставіць сваю эгіду для правядзеньня ў Беларусі новых свабодных выбараў.
Многія палітычныя сілы ў Беларусі ўсьведамляюць, што правядзеньне такіх выбараў будзе зьвязана са складанасьцямі, настолькі, што мы чуем аб патрэбе правядзеньня тых новых, свабодных выбараў пад эгідаю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, АБСЭ ці кагосьці яшчэ.

Мы аднак мяркуем, што выбары ў Беларусі павінны прайсьці, магчыма, з апорай на спэцыялістаў таксама і зь міжнародных структур, аднак сама палітычная эгіда павінна застацца беларуская. Рада БНР гатовая прадставіць такую эгіду і мяркуе, што правядзеньне новых выбараў у Беларусі на гэтым грунце павінна стацца пунктам кансэнсусу між усімі сіламі, якія выступаюць за аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі.

АЧ: Ці значыць гэта, што Рада БНР прызнае выбары і гэтага прэзыдэнта галавой Беларусі?

МП: Мы ня можам прадказаць зараз дакладна, якімі будуць першыя свабодныя выбары пасьля Лукашэнкі. Сучасная выбарчая сыстэма ЦВК па сутнасьці належыць да аўтарытарнай прэзыдэнцкай сыстэмы ўлады. Лукашэнка зрабіў усё для выдаленьня магчымасьці вяртаньня да дэмакратыі ў рамках сучасных інстытуцыяў дзяржаўнай улады і канстытуцыйных працэдураў РБ.

Расьце імавернасьць таго, што гэта сучасная выбарчая сыстэма таксама не перажыве каляпсу яго рэжыма. Відавочна з гэтага паўстаюць размовы, што новых выбары павінны будуць праводзіцца незалежнымі спэцыялістамі пад эгідай міжнародных арганізацый.

Але тут паўстае і важнае пытаньне нацыянальнага дзяржаўна-палітычнага прынцыпу. Рада БНР грунтуецца на думцы, што

новая дэмакратычная ўлада ў Беларусі не павінна стацца нібыта нейкай крэатурай міжнародных арганізацый, як у Босьніі ці Косава. Гэта павінна быць ад пачатку беларуская справа і ў рамках выключна беларускай дзяржаўнай традыцыі.

Адзіная беларуская інстытуцыя, якая ня ёсьць часткаю апазыцыі ў Беларусі і адначасова не заангажаваная з сучаснай дзяржнамэнклятурай, і якая нясе над-партыйны статус беларускай дзяржаўнаснай інстытуцыі — гэта Рада БНР на выгнаньні.

Рада БНР застаецца гістарычным захавальнікам нацыянальнай дэмакратычнай дзяржаўнай традыцыі БНР для Беларусі ў кожным разе, аднак гатовая гэтым сваім мандатам паслужыць Беларусі так, як будзе патрэбна. Свабодныя выбары пад эгідай БНР могуць стацца той брамай, праз якую беларускі народ палітычна адновіць пераемнасьць са сваёй нацыянальнай дэмакратычнай дзяржаўнай гісторыяй, адначасова расчыніўшы сабе шлях да вольнай будучыні.

АЧ: Хутка будзе ўжо сто гадоў з заснаваньня БНР, многіх з тых, хто нават 60 гадоў таму быў актыўны, ужо няма ў жывых…

МП: Так, Рада БНР была у 1918 годзе ўпаўнаважаная як паўнамоцны, але толькі часовы дзяржаўны ворган беларускай рэспублікі, менавіта да часу і з мэтаю правядзеньня ёю ў Беларусі свабодных выбараў.

Пэўна ніхто не чакаў, што свабода для Беларусі не надыйдзе так доўга.

Тыя, хто прыняў рашэньне аб працягу існаваньня Рады на эміграцыі ў 20-я гг., пэўна таксама не чакалі, што калісьці Рада БНР зробіцца найстарэйшай у сьвеце дзяржаўнай інстытуцыяй на выгнаньні.
Аднак Беларусь апынулася выключэньнем у сваім рэгіёне па шмат якіх паказчыках. Тое, што Рада БНР дагэтуль ня мела магчымасьці перадаць свае паўнамоцтвы, толькі сьведчыць аб глыбокай ненармальнасьці таго становішча, у якім застаецца Беларусі.

Сёньня Рада БНР павінна далей заставацца канчатковым гістарычным гарантам, палітычным захавальнікам беларускай нацыянальнай дэмакратычнай незалежнай дзяржаўнай традыцыі 1918 году, на выпадак, калі будучыня Беларусі яшчэ апынецца ў небясьпецы.


Мікалай Пачкаеў нарадзіўся ў 1973 г. у Менску. Выпускнік БДУ, Цэнтральнаэўрапейскага і Кэмбрыджскага ўнівэрсытэтаў, актывіст БНФ з 1989 па 2006 гг., адзін з кіраўнікоў Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Працуе тэхнічным перакладчыкам і аналітыкам міжнароднай палітычнай рызыкі і інвэстыцыйнага клімату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?