Гэта прагучала ў ягоным выступе на экстранай нарадзе, што трансляваўся дзяржаўным тэлебачаннем.

«Крыць няма чым. У гэтым вінаваты толькі мы», — прызнаў Аляксандр Лукашэнка.

«Без вас нам цяжка будзе знайсці гэтых уродаў. Нам трэба будзе ваша дапамога», — звярнуўся ён да грамадзянаў.

«Прааналізуйце, каму не падабалася стабільнасць», — запатрабаваў Лукашэнка ад сілавікоў. Ягоны голас не выдаваў эмоцый, у ягонай міміцы і жэстыкуляцыі не было нервознасці.

«Мужыкі, нам кінуты сур'ёзны выклік, патрэбны адэкватны адказ і ён павінен быць знойдзены», — заявіў Лукашэнка.

«Я вас папярэджваў, што нам спакойнага жыцця не дадуць. Хто яны? І з адказам на гэтае пытанне прашу паспяшацца», — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён загадаў прыняць дапамогу Расіі ў расследаванні тэракта і ў аказанні дапамогі пацярпелым.

Лукашэнка даў загад абвесціць дзень жалобы ў Мінску.

А 20.15 Аляксандр Лукашэнка прыбыў на месца здарэння. Раней ён заявіў, што «ўзяў сітуацыю ў Мінску пад асабісты кантроль».

Што гэта будзе азначаць? Можна падумаць, што дагэтуль яна была не пад ягоным асабістым кантролем.

За аналагічным тэрактам 3 ліпеня 2008 года ішла хваля арыштаў і ператрусаў, найперш у палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

БТ паказала, што Лукашэнка ўскладаў кветкі на месца здарэння разам з маленькім сынам Колем. Лукашэнка ішоў паміж лужын крыві, яму паднялі стужачку, ён паклаў кветкі.

Аднак на фотах БелТА ён фігуруе без Колі, з Макеем. Найбліжэйшы да яго — начальнік ягонай Службы бяспекі Уцюрын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?