Адзіная рэалістычная версія гэтага здарэння — атачэнне Лукашэнкі працуе супраць яго.

Уладам выбух адназначна нявыгадны: ён наўрад ці адцягне ўвагу ад эканамічных праблемаў, і больш за тое — у паловы краіны ў галаве на аўтамаце спрацавала думка наконт прычаснасці рэжыма да арганізацыі тэрарыстычнага акту. Пагатоў, не для таго ўлады пачалі паступова вызваляць палітычных вязняў пад відавочным ціскам міжнароднай супольнасці, каб ствараць штучную нагоду для масавых рэпрэсій супраць апазіцыі. Хаця ніколі нельга недаацэньваць ступень неадэкватнасці таго, хто прымае рашэнні ў сённяшняй Беларусі.

За атакай на менскую падземку мог бы стаяць і хтосьці з актывістаў апазіцыі, пагружаных у дэпрэсію і фрустрацыю пасля таго, што ўлада нарабіла 19 снежня. Самахвярны Дзмітры Галко пасля хвалі рэпрэсій і доўгіх сутак арышту адчайным жэстам абвесціў галадоўку — а хтосьці ў гэты час і з падобнымі адчайнымі думкамі мог рыхтаваць выбухоўку.

Хаця і гэта версія адкідаецца, зважаючы на відавочны прафесіяналізм падрыўніка. І на тое, што аналагічны тэрарыстычны акт на 3 ліпеня 2008 г., які няма ніякай нагоды не ставіць у адзін шэраг з гэтым здарэннем, так і застаўся нераскрытым.

Расіі атака ледзьве можа быць выгадная: Крэмль мае дастатковы ўплыў і, галоўнае, дастаткова часу ў сваім распараджэнні, каб ціснуць на Лукашэнку і дыктаваць яму свае ўмовы.

Версіі пра Захад ці дэзарганізаваную і дэмаралізаваную беларускую апазіцыю варта адкінуць адразу.

Застаецца, напэўна, толькі адна рацыянальная версія — атачэнне беларускага дыктатара, якое напружана працуе супраць свайго боса і якое на дадзены момант з’яўляецца асяроддзем, дзе могуць быць рэальныя гульцы, хаця б тэарэтычна здольныя ажыццявіць змену ўлады ў краіне.
Тэракт перадусім б’е па рэпутацыі беларускага кіраўніка і стварае запыт на бяспеку, якую ён даць больш не можа.

Зважаючы на метады, тыя, хто могуць ненадоўга прыйсці да ўлады пасля Лукашэнкі, могуць апынуцца яшчэ горш за яго.

Лішне дадаваць, што

пазаўчора канчаткова патануў міф пра Беларусь як выспу стабільнасці.
Беларусь не мае праблемных рэгіёнаў з распаўсюджаным сепаратызмам ці рэлігійным экстрэмізмам, як Расія. Тэрарыстычны акт такога маштабу не здараўся ў якойсь іншай сталіцы краіны рэгіёну — Варшаве, Вільне, Кіеве ці Рызе. Ён здарыўся толькі ў Менску. Бо 
ў Беларусі, у адрозненне ад суседзяў, пануе некампетэнтная рэпрэсіўная дыктатура, пры якой спецслужбы наладжаныя для барацьбы супраць апазіцыі, а не супраць злачынцаў.

Ці можа здарыцца так, каб гэтыя людзі хоць цяпер узяліся за галаву? Найноўшая гісторыя Беларусі вучыць быць песімістам.

Відавочна, што ўлада зноў апынецца ў разгубленасці і не здолее зрабіць нешта больш эфектыўнае за якуюсь чарговую кампанію па татальнай дактыласкапіі ці чарговае зацісканне правоў чалавека ў краіне.

Дай нам Божа, каб такога больш ніколі не паўтарылася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?