Літаратар Ігар Тумаш у момант трагедыі 11 красавіка апынуўся ў адным з вагонаў пацярпелага цягніка на станцыі метро «Кастрычніцкая».
Выбух прагрымеў за некалькі метраў ад яго. Для Ігара ўсё абышлося спалохам, павышаным ціскам і страшнымі ўспамінамі ўбачанага «пасля хлапка».

Перажытае змяніла яго погляды на «стабільнасць у краіне». Ігар прыйшоў у рэдакцыю TUT.BY са словамі падзякі машыністам, поўны захаплення самаадданым паводзінамі суграмадзян, і заявай, што ён пакідае шэрагі дзяржаўнага Саюза пісьменнікаў Беларусі.

— Уладныя структуры, якія не змаглі забяспечыць бяспеку шараговых грамадзян, мусяць сысці ў адстаўку. Таму што кроў нявінных крычыць. Што рабіў спецназ на кожнай станцыі метрапалітэна некалькі апошніх месяцаў? Чым было занятае велізарнае войска сілавікоў? — кажа Ігар.

Метрапалітэн аказаўся непадрыхтаваным да надзвычайнай сітуацыі: пасля выбуху станцыя была пагружаная ў цемру, запоўненая дымам і ўгарным газам. Дзе вентыляцыя і аварыйнае асвятленне?..

На знак пратэсту супраць праяўленага дзяржаўнымі структурамі Беларусі разявацтва заяўляю пра свой выхад з Саюза пісьменнікаў Беларусі, які з’яўляецца адной з ідэалагічных восяў існай уладнай сістэмы.

Карыстаючыся выпадкам, хачу адзначыць самаадданыя паводзіны пасажыраў-мужчын, якія не паддаліся паніцы, не збеглі, а кінуліся на выручку пацярпелым, што задыхаліся ад угарнага газу. Паклон мінскім таксістам, якія адмаўляліся браць з пацярпелых грошы, развозілі іх па дамах бясплатна.

…Дзесьці ў 17.50 я зайшоў у метро на станцыі «Уручча». Народу было яшчэ не вельмі шмат, таму я сеў, забіўшыся ў тарэц, што мяне і выратавала потым… Мне трэба было рабіць перасадку на Купалаўскай, таму я зайшоў прыкладна ў трэці вагон з канца. Недзе са станцыі «Акадэмія навук» вагоны перапоўненыя: людзі ехалі з працы, і ўжо большасць стаяла, а не сядзела. Толькі цягнік спыніўся на станцыі метро «Кастрычніцкая» і дзверы адкрыліся, як раздаўся ціхі, такі глухі хлапок, быццам адкаркавалі шампанскае. Усяго адно імгненне — і змена карціны. Мірна людзі едуць — і раптам апакаліпсіс: імгненна ўсё запоўнілася чорным дымам, выляцела шкло, прычым так вылецела, што нават шчарбінаў па баках не засталося. Усіх, хто стаяў, выбухная хваля паклала. Я не паспеў падняцца, калі б устаў, быў бы траўмаваны, таму што выбух быў зусім блізка. Я думаў, што ён адбыўся ў вагоне за нашым, але мне потым сказалі, што ён быў на платформе.

Я курткай закрыў нос, каб не дыхаць угарным газам, і папоўз да выхаду. Жанчыны пачалі крычаць. Усіх, хто стаяў ля дзвярэй вагона, проста выкінула выбухной хваляй — целы былі раскіданыя па ўсёй станцыі.
У мяне няма поўнай карціны, таму што ўсё было схавана чорным дымам, бачнасць была метр-два ад сілы. Я бачыў асобныя часткі целаў на платформе… адарваная нага да калена ў чаравіку… рукі…

Угарны газ быў настолькі моцны, што ўсе, хто ляжаў без прытомнасці, былі на мяжы смерці… Параненыя імкнуліся запаўзці ў нейкі кут, каб хоць неяк дыхаць.

Ніякага паху пораху не было — менавіта падпалены пластык, такі чорны дым і ўгарны газ.

Метро аказалася негатовае! Аварыйнае асвятленне мусіць быць абавязкова, але святло не гарэла. Вентыляцыя — не працавала… Людзі былі прадстаўленыя самім сабе, ніякай інфармацыі не было…

«Я прабег міма, а потым сумленне заела — і я… вярнуўся назад»

Паніка была, але ўмераная — дзверы адчыненыя, выхады адкрытыя, эскалатары вольныя. Натуральна, хацелася ўдыхнуць паветра. Не да крыкаў было, спачатку ўсе ратаваліся як маглі, не дапамагаючы адно аднаму, усюды былі лужыны крыві. Я накіраваўся да выхаду, калі ўбачыў пажылога мужчыну з парванымі нагамі і рукой, потым высветлілася, што яму 65 гадоў… Я прабег міма, а потым сумленне заела — я развярнуўся і вярнуўся назад, бачыў, што многія мужчыны вярнуліся…

Я бачыў абгарэлых хлопцаў без валасоў у аплаўлены куртках… Калі мы ўжо ўсталі і былі ля самага выхаду, насустрач нам беглі работнікі метро ў жоўтых касках: яны выцягвалі людзей з зоны, бо была вялікая верагоднасць учадзець… Добра, што насілкі ў іх былі і адзін жгут, але ніякіх шпрыцаў і лекаў…

Метрапалітэн быў зусім не гатовы. А ахвяр магло быць больш! Калі адбыўся выбух, на станцыі насупраць нашага цягніка спыніўся іншы цягнік. Тут выдатна спрацавалі машыністы — наш дзверы адкрыў, а той паляцеў без прыпынку.

Калі выйшлі на вуліцу, яшчэ нікога не было — ні МНС, ні «хуткай», толькі карэспандэнты, бо там побач рэдакцыі газет. Ужо пасля з’явіліся выратавальнікі. Першыя рэйсы — у найбліжэйшыя бальніцы: № 1, 2 і ваенны шпіталь на Казлова. Мяне з высокім ціскам, у шокавым стане «хуткая» забрала другім рэйсам у 10-ю бальніцу. Там агледзелі, абкалолі. Ад шпіталізацыі я адмовіўся. Калі выйшаў, пад’ехаў таксіст (там побач іх стаянка), які адвёз мяне дадому. Я яму грошы даваў, але ён адмовіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?