«Патрабуем неадкладнага вызваленьня Андрэя Пачобута і зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў супраць яго», гаворыцца ў закліку рэдакцыі польскай «Газэты Выборчэй», беларускім карэспандэнтам якой зьяўляецца журналіст Андрэй Пачобут.

Цяпер ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Гарадзенскай турмы. Ягоныя калегі называюць фальшывымі абвінавачаньні «супраць журналіста, які дабрасумленна выконваў свае абавязкі».

У сваім звароце рэдакцыя зазначае, што Пачобут быццам бы абразіў прэзыдэнта Лукашэнку ў васьмі артыкулах у «Выборчэй» і двух камэнтарах у інтэрнэце, за што яму пагражаюць два гады зьняволеньня. Яшчэ больш — чатыры гады зьняволеньня яму пагражаюць, што ён «зьдзейсьніў паклёп». Аднак КДБ і пракуратура канкрэтна не паведамілі, чаму вырашылі, што журналіст парушыў закон. «Так выглядаюць сёньня дэмакратыя і свабода слова ў Беларусі»,- падсумоўваюць польскія журналісты.

«Чаму Андрэя Пачобута працягваюць трымаць за кратамі? Таму што «ўлады ў Менску баяцца ягонай адвагі, нязломнасьці і цьвярозай ацэнкі сытуацыі ў Беларусі, якую выказваў на старонках «Газэты»,- гаворыцца далей у рэдакцыйным закліку.
«Такім чынам рэпрэсіі закранаюць таксама жонку і двух малых дзяцей Пачобута. Іхняяя „віна“ ў тым, што яны зьяўляюцца сям’ёю журналіста, які нікуды не зьбіраўся ўцякаць і зьяўляўся на кожны выклік сьледчых. Так дзейнічалі улады СССР у сталінскія часы»,- падсумоўваюць калегі Андрэя Пачобута.

Гэты дакумэнт разасланы ў міжнародныя журналісцкія арганізацыі, у арганізацыі, якія займаюцца абаронай правоў чалавека, у замежныя мэдыі і палітыкам. Калі пад ім будуць сабраныя подпісы, яго перададуць у беларускую амбасаду ў Варшаве.

Нагадаем таксама, што ў Беларусі пачаўся збор подпісаў пад хадайніцтвам аб змене меры стрымання Андрэю Пачобуту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?