На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы ўпершыню пастаўлена трагедыя "Макбет" Уільяма Шэкспіра. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у тэатры, прэм’ера гэтага спектакля адбудзецца 16 і 17 снежня.
Гэта адзін з самых загадкавых і містычных твораў вялікага англійскага драматурга, і з ім звязана мноства легенд і прыкмет. Напрыклад, кажуць, што нельга ўголас вымаўляць назву п’есы, паколькі гэта можа прынесці няшчасце, таму яе часта называюць проста "Шатландскай п’есай". "Макбет" таксама - адна з нямногіх шэкспіраўскіх п’ес, разам з "Гамлетам" і "Рычардам ІІІ", героі якіх сутыкаюцца з незямным светам.
Пастаноўка "Макбета" ў Купалаўскім тэатры абяцае выгадна вылучацца арыгінальным сцэнічным і пластычным вырашэннем. Акрамя таго, паводле версіі рэжысёра-пастаноўшчыка Альгірдаса Латэнаса, лінія п’есы зрушваецца ў бок лэдзі Макбет. Яна тая гераіня, вакол якой развіваецца ўсё дзеянне, што адбываецца на сцэне. Ведзьмы ж увасабляюцца ў думкі лэдзі Макбет. У постмадэрнісцкай стылістыцы на сцэне ствараюцца асаблівыя ўмовы існавання герояў, якія раскрываюць іх унутраны свет. Асноўнай рухаючай сілай застаецца каханне паміж Макбетам і лэдзі Макбет, якое падштурхоўвае іх да забойства, а пасля ўсіх перыпетый спусташаецца, тым самым сцвярджаючы несумяшчальнасць дабра і зла.
Тэкст п’есы і колькасць дзеючых асоб скарочана, каб акцэнтаваць увагу на галоўных героях і зрабіць спектакль больш дынамічным. Завяршаецца ж ён і зусім нечакана. Арыгінал не адхіляецца, але сюжэтная лінія праламляецца праз прызму бачання рэжысёра.
Галоўныя ролі выконваюць Алег Гарбуз і Святлана Зелянкоўская. У спектаклі заняты народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Віктар Манаеў і Сяргей Краўчанка, артысты Андрэй Кавальчук, Ігар Дзянісаў, Вячаслаў Паўлюць, Сяргей Чуб, Павел Яскевіч, Аляксандр Паўлаў і іншыя.
Яркае відовішча стварае на сцэне цэлая пастановачная група з Літвы - вядомы ў Еўропе рэжысёр Альгірдас Латэнас, папулярныя літоўскія мастак-сцэнограф Гінтарас Макарэвічус і мастак па касцюмах Сандра Страўкайтэ, а таксама вядомы літоўскі кампазітар Фаўстас Латэнас. Рэжысёр па пластыцы - Павел Адамчыкаў.