Сёння ў Гродне адбыўся суд над супрацоўнікам часопіса Саюза палякаў Беларусі «Magazin Polski» Аляксеем Салеем. Суддзя Ленінскага суда Наталля Козел прызначыла пакаранне – 7 сутак арышту за «лаянку і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі».

Суд пачаўся ў 14.30 і доўжыўся прыкладна 30 хвілін. Сведкамі з боку абвінавачання выступілі міліцыянеры Піцько і Вечар, просьбу запрасіць сведкаў з боку А. Салея суддзя адхіліла.

Учора а 19-ай гадзіне двое чалавек ў цывільным затрымалі Аляксея Салея на скрыжаванні вуліц Будзённага і Ажэшкі, калі ён вяртаўся на працу з аптэкі, дзе набываў лекі ад прастуды.

Аляксея Салея адвезлі ў аддзяленне Ленінскага РАУС Гродна і паведамілі, што ён затрыманы на падставе артыкула 156 (дробнае хуліганства) Адміністратыўнага кодэксу. Астатні час да суду – крыху менш сутак – Аляксея пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку. Карыстацца мабільным тэлефонам яму было забаронена.

Выпадковым сведкам затрымання стаў знаёмы А.Салея, які папярэдзіў аб здарэнні яго калег, а тыя ў сваю чаргу сваякоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?