Жыхары Беларусі, якім на момант аварыі на ЧАЭС не было 18 гадоў, маюць рызыку захварэць на рак шчытападобнай залозы ў 15 разоў большую, чым астатнія.

Аб гэтым паведаміў 19 красавіка ў Мінску загадчык кафедры радыяцыйнай гігіены і эпідэміялогіі Міжнароднага ўніверсітэта імя Сахарава прафесар Аляксей Акіянаў на канферэнцыі, прысвечанай 25-годдзю аварыі на ЧАЭС.

«Гэты груз яны нясуць да сённяшняга дня і працягваюць хварэць на рак у 15 разоў часцей, чым астатняе насельніцтва Беларусі», — сказаў ён і падкрэсліў, што сувязь захворвання на рак шчытападобнай залозы і радыяцыйнага апраменьвання ў выніку аварыі на ЧАЭС навукова даказаная. Колькасць захворванняў на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей у параўнанні з дачарнобыльскім перыядам павялічылася ў 200 разоў. Колькасць іншых захворванняў шчытападобнай залозы, напрыклад, гіпатырэозаў, вузлавых форм валля ў дзясяткі разоў перавышае колькасць выпадкаў раку шчытападобнай залозы.

На думку Акіянава, на ўсплёск захворвання шчытападобнай залозы магло паўплываць тое, што ў Беларусі мала прыроднага ёду. У дачарнобыльскі перыяд не праводзілася ёдная прафілактыка, і насельніцтва мела недахоп ёду ў арганізме. Пры гэтым шчытападобная залоза ўстроена так, што паглынае любы ёд, які ёсць, таму збіранне радыеактыўнага ёду было значным. Ёдны ўдар, адзначыў Акіянаў, атрымала ўсё насельніцтва Беларусі. Рост захворвання на рак у Беларусі пачаўся праз чатыры гады, а ва Украіне і Расіі на два гады пазней, таму што там была меншая доза апраменьвання.

Акіянаў адзначыў, што ёдную прафілактыку пачалі праз 20 дзён пасля катастрофы. Разам з тым

«ёдная прафілактыка павінна праводзіцца да ўздзеяння радыяцыі пры малейшай яе пагрозе», сказаў спецыяліст. Паводле яго слоў, «пасля некалькіх гадзін апраменьвання гэта нічога не дае».

Радыяцыя збіраецца ў арганізме, і ў ім адбываюцца генетычныя паломкі, якія могуць перадавацца ад адных клетак да іншых, адзначыў Акіянаў. Чым больш такіх паломак, тым большая верагоднасць захварэць. Пры гэтым малыя дозы радыяцыі паступова дабаўляюць гэтую рызыку, а вялікія адразу пашкоджваюць вялікую колькасць клетак.

Акіянаў сказаў, што вывучаецца сувязь паміж радыяцыйным заражэннем і захворваннем на іншыя формы раку. Напрыклад, сказаў ён, медыкі высветлілі, што часцей хварэюць на рак малочнай залозы ў тых раёнах Беларусі, дзе вышэйшыя ўзроўні радыяцыі. Паводле звестак канцаррэгістра, у Беларусі захворванне на рак малочнай залозы за апошнія 10 гадоў павялічылася ў 1,5 разу. Пры гэтым захворванне ў Гомельскай вобласці павялічылася з 1970 па 2004 год у 3,7 разу. Так, у 2000 годзе былі выяўлены 384 выпадкі раку малочнай залозы, у 2005-м — 488, у 2010-м — 585.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?