25 красавіка калегія па грамадзянскіх судах Мінскага абласнога суда пад старшынствам Таццяны Кулаковай пакінула ў сіле рашэнне суда Пухавіцкага раёна, які не задаволіў іск былой настаўніцы Талькаўскай сярэдняй школы Наталлі Ільініч аб аднаўленні яе на працы.

Як падкрэсліў палітык Вінцук Вячорка, «яшчэ да судовага працэсу чыноўнікі не ўтойвалі факту дыскрымінацыі настаўніцы па палітычных матывах, паколькі, на іх думку, Ільніч са сваімі поглядамі не можа вучыць дзяцей». Палітык назваў судовую пастанову «ганебнай» і адзначыў, што іншага цяжка было чакаць ад суда, які «з’яўляецца складнікам сістэмы ўдушэння любога іншадумства ў краіне».

Ільініч адзначыла, што судовая сістэма краіны працуе без асечак, хаця яна і спадзявалася на зваротнае. Настаўніца збіраецца працягваць абскарджанне рашэння суда першай інстанцыі.

Прысутная ў зале суда жыхарка вёскі Вежы Слуцкага раёна Мінскай вобласці Марына Дамарад назвала несправядлівым рашэнне суда Пухавіцкага раёна і пастанову калегіі Мінскага абласнога суда па іску Ільініч.

***

Настаўніца гісторыі вышэйшай катэгорыі была звольненая 27 студзеня дырэктарам школы Наталляй Меркуль. Педагог лічыць, што звальненне звязанае з яе актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Ільініч 26 гадоў адпрацавала ў Талькаўскай школе, дзе стварыла карязнаўчы гурток і сайт talka.info, выдала кнігу «Талька і наваколле», даследуе нацыянальна-вызвольнае паўстанне 1863 года Кастуся Каліноўскага ў Ігуменскім павеце, штогод праводзіць Талькаўскі фестываль — свята, якое любяць школьнікі і добра ведае грамадскасць. Сярод яе выхаванцаў — філосафы, сацыёлагі, гісторыкі і фалькларысты.

Ільініч з’яўляецца прыхільніцай ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння. Брала актыўны ўдзел у шэрагу выбарчых кампаній — збірала подпісы за дэмакратычных кандыдатаў і была назіральнікам.

5 студзеня супрацоўнікі КДБ і МУС правялі ў яе доме вобыск, канфіскаваўшы сярод іншага флэш-карту фотаапарата і сістэмны блок камп’ютара. Праз тыдзень настаўніцу звольнілі з працы, нягледзячы на хадайніцтвы старшыні школьнай прафсаюзнай арганізацыі, бацькоў вучняў і выпускнікоў.

Безвыніковымі выявіліся звароты Ільініч да начальніка аддзела адукацыі Пухавіцкага райвыканкама Таццяны Чарнышовай і міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з просьбай аказаць садзеянне ў аднаўленні на працы. У сувязі з гэтым 10 лютага Ільініч падала заяву ў суд. Паколькі 10 сакавіка суддзя Святлана Акуліч не задаволіла іск жанчыны, яна абскардзіла судовае рашэнне ў Мінскім абласным судзе. Улады Пухавіцкага раёна не дазволілі правесці 15 красавіка ў Мар’інай Горцы пікет салідарнасці са звольненай настаўніцай. З 1 красавіка, калі пачалася акцыя салідарнасці з Ільініч, яе матэрыяльна і маральна падтрымалі больш як 100 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?