У нядзелю, 24 красавіка, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Фрунзенскага РУУС Мінска двойчы спынялі прыватныя аўтобусы, якія везлі вернікаў на велікодныя набажэнствы ў пратэстанцкую царкву «Новае жыццё».

Вадзіцелям аўтобусаў заявілі, што яны неправамерна выкарыстоўваюць гэтыя транспартныя сродкі для перавозкі людзей. Пра гэта паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін.

Святочныя набажэнствы былі запланаваны на 09:00 і 12:00. Ужо некалькі гадоў ад станцыі метро «Каменная Горка» вернікаў падвозіць да царквы прыватны аўтобус аднаго з вернікаў. «Кіроўца аўтобуса неаднаразова праходзіў тэхагляд і інструктаж ў ДАІ Фрунзенскага РУУС. Паколькі перавозкі вернікаў на набажэнствы з’яўляюцца дабрачыннымі і не носяць камерцыйны характар, супрацоўнікі ДАІ тлумачылі, што дадатковыя дакументы на правядзенне такіх паездак не патрабуюцца», — прыводзіць БелаПАН словы Сяргея Луканіна.

Нягледзячы на гэта, каля 09:00 работнікі ДАІ спынілі аўтобус з прыхаджанамі ля ўезду на вуліцу Янкоўскага — за паўтара кіламетры ад царквы. «Капітан ДАІ, які не прадставіўся, запатрабаваў ад кіроўцы прад’явіць дакументы аб яго рэгістрацыі ў падатковай інспекцыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і дазвол на перавозкі пасажыраў, што супярэчыць ранейшым патрабаванням, якія прад’яўляліся да кіроўцы аўтобуса супрацоўнікамі таго ж ДАІ», — распавёў юрыст «Новага жыцця». Каля 50 вернікаў высадзілі з аўтобуса, да царквы яны дабраліся пешшу.

Паколькі кіроўцу папярэдзілі наконт неправамернасці выкарыстання дадзенага аўтобуса для пасажырскіх перавозак, на другое набажэнства вернікаў падвозіў іншы аўтобус, які належыць адной з мінскіх пратэстанцкіх цэркваў. «Аднак і гэты аўтобус быў спынены супрацоўнікамі раённага ДАІ ля ўезду на вуліцу Янкоўскага. Кіроўцу былі прад’яўлены аналагічныя прэтэнзіі, вернікаў высадзілі, і яны таксама вымушаны былі пешшу дабірацца да царквы», — адзначыў Сяргей Луканін.

На яго думку, дзеянні супрацоўнікаў ДАІ з’яўляюцца «спланаванай акцыяй, якая перашкаджае правядзенню ў царкве святочных велікодных набажэнстваў». «Аднак ім не ўдалося сарваць правядзенне набажэнстваў і азмрочыць святочны настрой вернікаў», — дадаў юрыст царквы.

Нагадаем, што сталічныя ўлады апошнія пяць гадоў прадпрымаюць спробы выселіць царкву з будынка па вуліцы Кавалёва, 72.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?