(Працяг цыклу «каталіцкае сацыяльнае навучанне», запачаткаванага на catholic.by з нагоды 50-годдзя энцыклікі Mater et Magistra. Папярэдні артыкул з цыклу: Каталіцкае сацыяльнае навучанне — прынагодная рэфлексія і душпастырскі пастулат )

Калі на хвалі Аксамітнай Рэвалюцыі ў Чэхаславакіі Вацлаў Гавел быў вынесены на пасаду галавы дзяржавы, праблемаў было не пачаты край. Як трапна апісаў той стан Джордж Вайгель: «краіна прадукавала тавары, якіх за мяжой ніхто не хацеў купляць, у той час, як у самой краіне не хапала самых асноўных тавараў. „Дзяржава рабочых“ эксплуатавала гэтых рабочых і марнатравіла скупыя рэзервы айчыннай энергіі. Сістэма адукацыі дысфункцыянальная. Сярэдні ўзровень жыцця самы нізкі ў Еўропе. Паветра, вада і зямля былі жахліва забруджаныя».

Вось у якім стане краіну ўспадкаваў Вацлаў Гавел ад камуністычных папярэднікаў. Аднак, у сваім першым звароце да народу, ён, замест зводзіць рахункі з палітычнымі апанентамі (маўляў, вось да чаго яны давялі!), указаў на глыбінную праблему чэхаславацкага грамадства:

«Найгорш, аднак, тое, што мы жывем у атручаным маральным асяроддзі. Адчуваем сябе маральна хворымі, бо мы прывыклі гаварыць адно, а думаць другое. Мы навучыліся не верыць ні ў што, грэбаваць адзін другім, клапаціцца толькі пра сябе саміх. (…)

Калі гавару пра атручаную маральную атмасферу (…), то гавару пра ўсіх нас. Мы ўсе прывыклі да таталітарнай сістэмы і прынялі яе як незваротны факт, спрычыняючыся тым самым да яго замацавання. Інакш кажучы, мы ўсе — хоць, канечне ж, у рознай ступені — адказныя за дзеянне таталітарнай машыны; ніхто з нас не з’яўляецца адно толькі ахвярай — мы ўсе з’яўляемся таксама яе творцамі».

Не ведаю, як успрымалі гэтыя словы грамадзяне Чэхаславакіі. Здагадваюся, што не адзін мог падумаць альбо сказаць: як так? Замест загрымець з асуджэннем свежа звергнутых дэспатаў, нашых крыўдзіцеляў, выкрыць усю іх сатанінскую сутнасць, ён заяўляе, што, маўляў, мы ўсе вінаватыя?

Каб лепш зразумець пасыл прэзідэнта Чэхаславакіі, варта звярнуцца да яго эсэ Сіла бяссільных, напісанага яшчэ ў змрочныя 70-ыя гады. Там Гавел рысуе вобраз дырэктара магазіна з агароднінай, які паміж цыбуляй і маркоўкай павесіў плакат: Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! «Навошта ён гэта зрабіў? Што хацеў паведаміць іншым? Тое, што ён сапраўды быў энтузіястам яднання пралетараў з усіх краін?» — пытае чэскі філосаф. У гэты лозунг той дырэктар магазіна не верыў, роўна ж як не верылі ў яго сотні тысяч яго суайчыннікаў. Але ён, гэтаксама як і сотні тысяч іншых, вырашыў хавацца ў нару паказной лаяльнасці, вырашыў фальшаваць свае сапраўдныя перакананні. Вывешанне ідэалагічнага лозунгу было нічым іншым, як рабскім сігналам, пушчаным «вярхам», што «я, дырэктар магазіна з агароднінай, знаходжуся ў стане гатоўнасці і ведаю, што павінен рабіць; я паводжу сябе так, як таго ад мяне чакаюць; (…) я — паслухмяны, такім чынам, заслугоўваю на тое, каб жыць у спакоі».

Маленькая ідэалагічная дэкарацыя — што ж тут, здавалася б, такога? Дробязь. Аднак, такая «дробязь» цэментуе таталітарную дзяржаву. Каментар Джорджа Вайгеля: «Дастаткова памножыць сотні тысяч разоў на гэтую быццам бы нязначную саступку фікцыйнага дырэктара магазіна з апавядання Гаўла, а таксама страх, які ён матэрыялізуе, каб зразумець штодзённую рутыну аўтадэградацыі, якая перапаўняла жыццё ў камуністычнай дзяржаве: гэта было жыццё ў хлусні».

Ян Павел ІІ сваё пасланне на сусветны дзень міру на 1980 год прысвяціў тэме праўды. Мабыць, невыпадкова такая тэма з’явілася якраз тады, калі пачаў зарысоўвацца канфлікт паміж камуністычнымі ўладамі Польшчы і грамадзянскай супольнасцю ў гэтай краіне, якая пачала кансалідавацца і заяўляць пра свае правы. У такіх сітуацыях рэжым, як правіла, запускае прапагандысцкую машыну па прадукцыі хлусні, якая пры дапамозе добра прадуманых сродкаў аўдыёвізуальнай маніпуляцыі прыпадносіцца як «шчырая праўда». Зрэшты, сам пантыфік быў аб’ектам няспыннай прапагандысцкай атакі з боку камуністычных рэжымаў таго часу, у тым ліку і радзімага рэжыму ПНР.

«Насілле карэніцца ў хлусні і не можа абыйсціся без хлусні, намагаючыся здабыць сабе прызнанне з боку сусветнай думкі пры дапамозе абгрунтаванняў, нязгодных з іхняй натурай або нават унутрана супярэчлівых» — напісаў Папа і дадаў патэтычна: «А што ж можна сказаць аб практыцы, якая прымяняецца адносна тых, хто не падзяляюць той самай пазіцыі: каб было лягчэй іх маргіналізаваць або прымусіць замаўчаць, яны надзяляюцца кляймом «ворага», ім прыпісваюцца варожыя намеры, а пры дапамозе спрытнай і пастаяннай прапаганды кляймуюцца як агрэсары?" (Пасланне на сусветны дзень міру 1980, пункт 1).

Пасля прынікнёнай «фенаменалогіі хлусні» Папа кліча да сумлення кожнага чалавека добрай волі, а таксама нагадвае пра абавязак Касцёла служэння праўдзе. У трэцім пункце Паслання ён тлумачыць, што значыць «вярнуць праўду»:

«

Вярнуць праўду — значыць перадусім назваць пайменна кожны акт гвалту, незалежна ад таго, у якой форме ён праяўляецца
. (…) Трэба назваць пайменна катаванні і адпаведным чынам назваць усе формы прыцяснення і эксплуатацыі чалавека, калі чалавек эксплутуецца і прыцясняецца дзяржавай або калі адзін народ прыцясняе другі».

Няхай гучыць у нашых сумленнях гэты пасыл — цэнтральны для каталіцкага сацыяльнага навучання пасыл: адкінуць фальш, скінуць маску, вярнуць праўду ў прыватнае і грамадскае жыццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0