Арт-хауз на тэму Чарнобыльскай катастрофы з’явіўся на экранах Мінска.

У сакавіку на экраны выйшаў фільм Аляксандра Міндадзэ «У суботу», прысвечаны катастрофе ў Чарнобылі. Да Беларусі фільм дайшоў далёка не адразу. Спачатку не далі правоў на пракат. Сам Міндадзэ быў вельмі здзіўлены гэтай сітуацыяй і меркаваў, што, хутчэй за ўсё, фільм забаранілі.

Урэшце, «У суботу» ў Мінску паказваюць — праўда, у асноўным сеансы пачынаюцца ў 14.00.

Літоўская амбасада зладзіла спецыяльны журналісцкі паказ фільма «У суботу», дзякуючы чаму журналісту «Нашай Нівы» ўдалося пабачыць фільм раней за мінчукоў.

Слова «Чарнобыль» у фільме не ўзгадваецца ні разу, як няма і тлумачэння наконт месца і часу падзей.

Самой катастрофы ў фільме таксама няма: пачынаецца ён у першыя гадзіны пасля выбуху — партыйныя чыноўнікі наведваюць месца катастрофы і прымаюць рашэнне засакрэціць небяспеку. Сярод іх ёсць малады партыйны актывіст, які даведваецца пра рэальныя маштабы здарэння, але паведаміць нікому не можа. Ён адпраўляецца ў горад, спрабуе ўцячы з горада разам са сваёй знаёмай, але ў яе зламаўся абцас і на цягнік яны не паспяваюць.

Ніхто з тых, хто нават і здагадваецца, што адбылося, не верыць у рэальнасць катастрофы. Выходны дзень у горадзе ідзе сваім ходам — у мясцовым рэстаране святкуюцца камсамольскія вяселлі, ва ўнівермаг завозяць замежны абутак. Галоўны герой сустракае сваіх былых сяброў-музыкаў у тым самым рэстаране, дзе яны граюць на вяселлі. І застаецца ў горадзе.

Фільм зняты на ручную камеру, што дапамагае візуальна раскрыць эмоцыі герояў — паніка, стан афекту і такі спецыфічны аптымізм, маўляў, усё адно ўсё будзе добра. Фільм паказвае не ядзерную катастрофу, а хутчэй катастрофу асобы, калі трэба бегчы, але асабліва няма куды. Парадаксальныя ўчынкі герояў: калі яны яшчэ могуць ускочыць у таварны цягнік, які вывезе іх з зоны, яны ідуць у начную краму, каб працягваць святкаваць выходны. І нават смак металу, які яны ўсе адчуваюць, спрабуюць заглушыць чырвоным віном.

Еўрапейцы не ўспрынялі фільм. Калі «У суботу» паказвалі на Берлінале, нямецкія і французскія рэжысёры не маглі зразумець, чаму кожнае дзеянне герояў — натуральны парадокс. Чаму яны не ўцякаюць? Патлумачыць не ўдалося.

Так сталася, што фільм аказаўся ўдвая актуальным — 25 гадоў катастрофе на Чарнобылі, а таксама, адначасова з выхадам у пракат, катастрофа на Фукусіме. І ў дадатак — падпісанне пагаднення па АЭС у Астраўцы. Пасля прагляду стаўленне да АЭС, тым больш айчынных, становіцца рэзка адмоўным. Ці не гэта было асноўнай прычынай таго, што фільм не адразу пусцілі на беларускія экраны?

Паглядзець фільм «У суботу» можна:

кінатэатр «Аўрора»: 26–27 красавіка, 14:30

кінатэатр «Камсамолец» 29–30 красавіка 14:00

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?