Гомельскі гарвыканкам упершыню за сем гадоў дазволіў у горадзе апазіцыйны мітынг — улады задаволілі заяўку на правядзенне 1 мая масавага мерапрыемства, запланаванага актывістамі Беларускай партыі левых "Справядлівы свет".

Пра гэта паведаміў старшыня абласной арганізацыі партыі Уладзімір Сякерка.

Паводле яго слоў, мэта мітынгу — прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем працоўных і выказванне салідарнасці з рабочымі. "Мы выканалі ўсе патрабаванні ўлады — заключылі дагаворы з міліцыяй, хуткай дапамогай і камунальнымі службамі. Усё гэта каштавала нам больш за адзін мільён рублёў, прычым самая дарагая паслуга — гэта грамадскі парадак, толькі міліцыі мы вінаватыя 680 тысяч рублёў", — пракаментаваў Сякерка.

Згодна з рашэннем гарвыканкама, для правядзення масавага мерапрыемства трэба заключыць дагаворы з міліцыяй, са службай хуткай меддапамогі і з камунальнікамі.

Мітынг дазволены ў горадзе ўпершыню з 2004 года. Дагэтуль гарвыканкам пастаянна адмаўляў апазіцыянерам у адказ на іх шматлікія заяўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?