Пазіцыя Нацыянальнага банка адносна ўвядзення расійскага рубля на тэрыторыі Беларусі ў якасці адзінага плацежнага сродку пакуль застаецца нязменнай.

Пра гэта заявіў БелаПАН прэс-сакратар — начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў, каментуючы выказванні пасла РФ у Беларусі Аляксандра Сурыкава.

Сёння ў Мінску Сурыкаў заявіў журналістам аб актуальнасці аднаўлення перамоў па ўвядзенні расійскага рубля на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах фактычнай дэвальвацыі беларускага рубля.

Драздоў нагадаў, што ў кіраўніцтве Нацбанка

дагэтуль трымаліся меркавання аб нямэтазгоднасці выкарыстання расійскага рубля ў якасці адзінай валюты.
«Для таго каб сказаць, трэба нешта рабіць або не трэба, неабходна вывучыць пытанне. На гэты момант пазіцыя застаецца ранейшай», — падкрэсліў прадстаўнік Нацбанка.

Варта зазначыць, што на прэс-канферэнцыі 28 студзеня кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч падтрымаў перспектыву пераходу на адзіную валюту ў межах Адзінай эканамічнай прасторы (ЕЭП). «Казахстан ужо прапанаваў сваю схему пераходу на адзіную валюту. Я думаю, што і мы прапануем сваю схему адзінай валюты ЕЭП. Вядома, гэта будзе не сёння і не заўтра», — зазначыў Пракаповіч.

Аднак, падкрэсліў галоўны банкір Беларусі, гэтай валютай не будзе расійскі рубель. «Гэта не будзе валюта адной краіны — гэта будзе валюта Адзінай эканамічнай прасторы, у адносінах да якой усе будуць мець роўныя ўмовы і магчымасці яе выкарыстоўваць», — сказаў Пракаповіч.

«Але гэты працэс не блізкі і патрабуе вялікай працы. Еўрасаюз ішоў да ўвядзення еўра некалькі дзесяцігоддзяў, і нам трэба прайсці пэўны шлях», — дадаў кіраўнік Нацбанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?