Міністэрства сувязі і інфарматызацыі падтрымала прапанову рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» аб выпуску паштовых марак з відарысамі замкаў Беларусі, паведаміў БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў.

На свой зварот у Мінсувязі ён атрымаў адказ ад намесніка міністра Мікалая Струкава, які сказаў, што РУП «Белпошта» сёлета запланавала выпуск новай стандартнай серыі паштовых марак аб помніках айчыннай архітэктуры. Прычым у серыі з 12 знакаў паштовай аплаты тры паштовыя маркі будуць прысвечаныя Мірскаму, Лідскаму (абодва — Гродзенская вобласць) і Нясвіжскаму (Мінская вобласць) замкам, гаворыцца ў адказе.

Трусаў выказаў задавальненне тым, што Мінсувязі падтрымала прапанову ТБМ і відарысы самых вядомых помнікаў айчыннага абарончага дойлідства з’явяцца на беларускіх марках стандартнага выпуску, якія друкуюцца мільённымі накладамі. Было б добра, каб гэта традыцыя была працягнута ў наступныя гады і з’явіліся філатэлістычныя мініяцюры, прысвечаныя ўсім вядомым абарончым збудаванням краіны, уключаным у дзяржпраграму «Замкі Беларусі», сказаў старшыня ТБМ.

Паводле яго слоў, гэта праграма на 2012–2018 гады, што знаходзіцца на зацвярджэнні ва ўрадзе, прадугледжвае аднаўленне, кансервацыю, добраўпарадкаванне і ўключэнне ў сферу турызму 38 помнікаў беларускага абарончага дойлідства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?