Старшыні Маладога фронту Змітру Дашкевічу, які асуджаны на два гады пазбаўлення волі, дазволена развітацца з маці, якая памерла ў ноч на 26 красавіка. Але суправаджаць яго будзе канвой.

Па словах намесніцы старшыні Маладога фронту Насты Палажанкі, каб дамагчыся права развітацца з самым блізкім чалавекам, прыйшлося зрабіць вялікую працу, але ўсё вырашылася амаль у апошні момант:

— Змітра адпусцілі на момант развітання з маці, усяго думаю нейкая гадзінка. Едзе ён канвоем, у асобнай машыне, пад наглядам і з аховай. Для гэтага нам трэба было ездзіць у Старыя Дарогі, у Слуцк, пасля трэба было ўсе гэтыя дакументы везці ў Маскоўскі суд, дзе я паразмаўляла з намеснікам старшыні суду, а сёння я размаўляла з начальнікам турмы, і мы ўдакладнялі ўсе моманты, як яно мусіць быць. Кіраўніцтва СІЗА шукала яму канвой і яны вызначаюць фарматы, як мае выглядаць развітанне Змітра з матуляй.

Наста Палажанка і яшчэ некалькі прадстаўнікоў Маладога фронту таксама накіраваліся ў Старыя Дарогі, дзе адбудзецца развітанне з Вольгай Дашкевіч і яе пахаванне. Ёй было 54 гады, яна хварэла, нават не прысутнічала на судзе над сынам. У ноч на 26 красавіка ў яе раптоўна спынілася сэрца.

***

Паўгадзіны Зміцер Дашкевіч мог знаходзіцца ў слуцкім моргу каля труны сваёй мамы, паведаміла «Народная воля». Канваіры паставілі машыну, у якой прывезлі Змітра побач з выхадам.

Бацьку і яшчэ пяці сябрам хлопца дазволілі пабыць побач з ім. Са Змітра на гэты час знялі кайданкі і ён мог абняцца з сябрамі і сказаць ціха некалькі слоў. Пасля гэтага Змітру надзелі кайданкі, вывелі асобна, пасадзілі ў машыну і павезлі ў Мінск. Сябры Дашкевіча павязуць цела яго маці на старадарожскія могілкі.

Змітра Дашкевіча прывозілі ў Слуцк пад канвоем на трох машынах. У Старых Дарогах няма морга і таму цела памерлай Вольгі Дашкевіч прывезлі ў слуцкі морг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?