Беларусь заўсёды гатовая падставіць плячо Туркменістану ў любой сітуацыі і «ніколі не выдыгала (юлила) з кан’юктурных меркаванняў», заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Ашгабаце на сустрэчы з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.

Як паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка, Бердымухамедаў падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца для Туркменістана сябрам і важным партнёрам на палітычнай арэне. Ён адзначыў блізкасць пазіцый дзвюх краін па асноўных пытаннях сумеснай дзейнасці па ўмацаванні міжнароднага міру, бяспекі, супрацьдзеянні выклікам сучаснасці, звярнуў увагу на цеснае супрацоўніцтва ў межах СНД, АБСЕ, ААН.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Туркменістан будуюць адносіны на прынцыпах стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва. «Мы выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства і, што больш важна, саюзніцкіх адносін», — сказаў ён.

Па выніках перамоў бакі падпісалі шэраг двухбаковых пагадненняў.

Адбылося падпісанне праграмы супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін на 2011–2012 гады і міжурадавага пагаднення аб узаемным выдзяленні зямельных участкаў для размяшчэння пасольства Беларусі ў Туркменістане і пасольства Туркменістана ў Беларусі.

Пагадненне аб супрацоўніцтве заключылі міністэрствы фінансаў Беларусі і Туркменістана.

Лукашэнка і Бердымухамедаў падпісалі сумеснае беларуска-туркменскае камюніке, у якім выказалі намер шукаць і развіваць новыя формы эканамічнага супрацоўніцтва.

У дакуменце акрэслена прыярытэтнасць пашырэння і ўмацавання ўзаемавыгаднага партнёрства ў гандлёва-эканамічнай сферы. Адзначана важнасць максімальнага выкарыстання патэнцыяльных магчымасцяў дзвюх дзяржаў у энергетыцы, хімічнай і лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадарцы.

Бакі падкрэслілі неабходнасць развіцця новых форм эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку рэалізацыі сумесных прамысловых і інфраструктурных праектаў з прыцягненнем інвестыцый і ўкараненнем сучасных тэхналогій.

Пацверджана ўзаемная зацікаўленасць у далейшым паглыбленні сувязяў у галіне адукацыі, навукі, культуры, мастацтва, турызму, спорту.

Лукашэнка ўсклаў вянкі ў маўзалеі Туркменбашы, да манумента незалежнасці Туркменістана.

29 красавіка Лукашэнка і Бердымухамедаў працягнуць зносіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?