27 красавіка ў Кастрычніцкім судзе пачаўся разгляд справы ўпартага актывіста апазіцыі Паўла Вінаградава, юнака з Гродна Алеся Кіркевіча, архівіста Змітра Дразда, Андрэя Пратасені і Уладзіміра Хамічэнкі (агент «Навушнік»).

Павел Вінаградаў.

Павел Вінаградаў.

Алесь Кіркевіч.

Алесь Кіркевіч.

Андрэй Пратасеня.

Андрэй Пратасеня.

Уладзімір Хамічэнка.

Уладзімір Хамічэнка.

Абвешчаны перапынак да 4 мая, 10.00

---------------------------

16.58. Пракурор хацеў задаць пытанне Кіркевічу, але забыўся, што хацеў сказаць. Праз хвіліну узгадаў- адкуль у Алеся шнар? — «Атрымаў дубінкай па галаве», — адказаў Кіркевіч.

16.57. Вінаградаў заяўляе, што не будзе адказваць ні на якія пытанні ўдзельнікаў судовага працэсу.

16.56. Мінгарвыканкам адказаў, што не можа прадаставіць відэазапісы з Плошчы, бо тыя не захоўваюцца так доўга.

16.15. Пачынаецца зачытванне чарговага, шостага тома справы.

16.10. Пракурор зачытвае пратаколы вобшукаў у абвінавачаных.

15.34. Не пацвердзілася адна з «ключавых» траўм — пабітая ягадзіца намесніка камандзіра роты спецназа міліцыі Сяргея Лушчыка.

15.30. Колькасць «недапацярпелых» дайшла да другога дзесятку. Судмедэксперты не пацвердзілі, што спецназаўцы былі збітыя. Некаторыя «пацярпелыя» нават не прыходзілі на экспертызу.

15.25. У сумнавядомага спецназаўца Давідовіча дыягназ таксама не пацвярдзіўся. Ягоныя пашкоджанні дзясны і ніжняй сківіцы з судовага пункту гледжання не лічацца аб’ектыўна даказанымі.

15.20. Зачытваюцца выпіскі, якія датычыцца характару траўм «пацярпелых». У большасці выпадкаў ступень пашкоджання «вызначыць не ўяўляецца магчымым». Гэта значыць, што траўмы былі нязначныя. Пры такіх траўмах бальнічныя не выдаюцца.

15.00. Найпадрабязнейшы пералік бутэлек з Плошчы працягваецца ўжо паўгадзіны. Былі бутэлькі пластыкавыя і шкляныя, маленькія і вялікія, з жоўтымі і зялёнымі крышачкамі, некаторыя з іх дэфармаваныя, а некаторыя — цэлыя.

14.35. Пракурор настолькі пераканаўча зачытвае адзін за адным пратаколы агляду Плошчы, што курсанты МУС на задніх шэрагах залы задрамалі. Са слоў пракурора складваецца ўражанне, што ўся плошча была засыпана бутэлькамі «Банаквы», прычым кожная з гаручай вадкасцю і «з белай тканінай, палова якой знаходзіцца ў бутэльцы, палова — звонку».

14.10. Асабліва пракурору спадабаўся важны рэчавы доказ — «крышка ад унітаза белага колеру».

14.05. Працэс працягваецца. Пракурор зачытвае вынікі агляду Плошчы Незалежнасці пасля мітынгу. Тут і каністра з бензінам, і балончыкі з газам, і пруты. Пракурор абураецца бязграматнасцю складальнікаў дакумента — вадкасць тут «горющая».

12.52

Абвешчаны перапынак да 14.00.

11.48

Суддзя працягвае зачытваць сведчанні міліцыянтаў, якія адсутнічаюць на працэсе.

11.40

Скончыўся допыт экспертаў. Людзей зноў запускаюць у залу суда.

10.50

Суддзя папрасіла ўсіх пакінуць залу.

10.48

З’явіліся эксперты, якія праводзілі псіхічную экспертызу ў адносінах да Хамічэнкі. Яны просяць не агалошваць вынікі экспертызы і іх допыт праводзіць у закрытым пасяджэнні.

10.46

Зачытваюцца сведчанні другога міліцыянта. У абодвух выпадках гаворыцца пра абразы і мацюкі з боку мітынгоўцаў, збіццё міліцыянтаў.

10.39

Будуць зачытваць сведчанні пацярпелых міліцыянтаў, якія не з’явіліся ў суд. Адвакаты супраць. Маўляў, варта, каб яны прысутнічалі. Суддзя прыняла рашэнне зачытваць, бо прычыны іх адсутнасці лічыць выключнымі.

10.37

«Чаму мітынгоўцы вялі сябе агрэсіўна ў адносінах да вас, калі не было заклікаў да гвалтоўных дзеянняў?», — пытанне адваката. Давідовіч не ведае. Давідовіча адпускаюць, бо яму трэба з’явіцца ў суд Партызанскага раёна Мінска (гэты ж будынак, толькі іншы паверх).

10.34

«Якая мэта вашага выхаду на плошчу была?», — запытала суддзя. Давідовіч дакладна адказаць не змог. Маўляў, шмат інфармацыі было па рацыі, якую нельга было разабраць. Упэўнены, каб ахоўваць грамадскі парадак.

10.31

Калі разарвалі ачапленне, па словах Давідовіча, з усіх бакоў іх пачалі біць. У гэты момант спераду Давідовіча нечым і ударылі ў твар. Дзе адбыўся прарыў ён не бачыў.

10.26

Другі раз роту вывелі, калі людзей было мала на плошчы. «Вы бачылі нейкія прадметы на зямлі», — пытанне адвакаткі. «Не. У мяне былі разбітыя вусны, дзясна, зубы шаталіся». Прэтэнзій да гэтых абвінавачаных Давідовіч не мае.

10.12

Мітынгоўцы спачатку «ціснулі на нас словамі, але мы не рэагавалі».

Калі Давідовіч сыходзіў з плошчы, кажа, што чуў, як нехта з трыбуны да чагосьці заклікаў. Чуў дакладна заклікі рухацца на міліцыю, каб прайсці да Дома ўрада.

Не можа ацаніць колькасць людзей на плошчы.

Разбілі губу. Раніцай 20.12 Давідовіча завезлі ў шпіталь. Але аказалі дапамогу і адпусцілі.

10.08

Сталі ў 5–10 местраў ад прыступак у Дом урада, спінай да будынка. Кажа, што мітынгоўцы іх абражалі, бачыў драўляныя чаранкі, вудачкі ў руках людзей. Пасля, па яго словах, людзі ўзяліся за рукі і рушылі на іх. Нагамі білі па шчытах. Ачапленне прарвалі. Падышлі іншыя спецназаўцы. Ачапленне Давідовіча адышло, каб прывесці сябе ў парадак. Кажа, што ў саслужыўцаў былі разбітыя галовы, падрана адзенне.

Кажа, што з натоўпы выкінулі жалезную сметніццу, якая патрапіла ў шчыты.

10.03

Пачаўся допыт пацярпелага Давідовіча, 1975 г.н., камандзір узвода ГУУС Мінгарвыканкама. 19.12.2010 нёс службу, з 16.00 знаходзіўся ў службовым транспарце каля Палаца Рэспублікі. Каля 22.00 іх перадыслакавалі да Чырвонага касцёла, знаходзіўся ў транспарце. Па рацыі пачулі, што група людзей спрабуе патрапіць у Дом урада. Б’юць шкло. Паступіў загад з боку касцёла ісці да будынка ўрада. Беглі калонай па адным. Убачылі шмат людзей на плошчы Незалежнасці. Кажа, што іх штурхалі, вудачкамі білі па шаломах, спрабавалі паставіць падножкі.

10.01

Зайшла суддзя.

9.57

Запусцілі ўсіх жадаючых патрапіць у залу. Ёсць вольныя месцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?