Старшыня назіральнага савета хакейнага клуба «Дынама» (Мінск) Юрый Бародзіч зацвердзіў план перадсезоннай падрыхтоўкі каманды, паведаміла 28 красавіка прэс-служба клуба.

У адпаведнасці з рэгламентам КХЛ гульцы павінны выйсці з адпачынку 20 ліпеня. Чакаецца, што 21 ліпеня будзе праведзена адкрытая трэніроўка для балельшчыкаў і СМІ.

З 21 па 31 ліпеня пройдзе першы збор каманды ў Мінску.

У ходзе збору плануецца арганізаваць прагляд шэрагу хакеістаў з адкрытага чэмпіянату Беларусі. З 1 па 14 жніўня пройдзе збор у Швейцарыі, «арыентаваны на закладванне функцыянальнай базы гульцоў ва ўмовах сярэднягор’я (1.200 м над узроўнем мора), што забяспечвае павышэнне трываласці і больш хуткую адаптацыю да складаных нагрузак».

З 11 па 14 жніўня дынамаўцы возьмуць удзел у турніры з удзелам вядучых швейцарскіх і чэшскіх каманд. Запланаваны тры гульні ў рамках турніру і адзін кантрольны матч з удзельнікам турніру. Расклад чакаецца пазней.

Пасля заканчэння збору каманда вылеціць у Мінск і з 15 па 22 жніўня правядзе яшчэ адзін збор дома.

23–28 жніўня дынамаўцы возьмуць удзел у традыцыйным перадсезонным турніры Латвійскіх чыгунак у Рызе з удзелам гаспадароў, «Атланта», «Лакаматыва», «Нафтахіміка» і, магчыма, каманды з Фінляндыі. Запланаваны тры гульні, расклад таксама чакаецца пазней.

З 29 па 31 жніўня «Дынама» правядзе кароткатэрміновы збор у Мінску, а з 1 па 3 верасня возьме ўдзел у турніры імя Бяляева ў Чарапаўцы. Запланаваны тры гульні з камандамі Заходняй канферэнцыі КХЛ.

4 верасня дынамаўцы вяртаюцца ў Мінску і пачынаюць падрыхтоўку да першага матча сезона.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?