Ала Саннікава перакананая, што яе сын пайшоў на выбары, каб грамадзяне Беларусі «адчулі сябе жывымі людзьмі, сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы».

Сусветная супольнасць аказвае большы ўплыў на палітычныя судовыя працэсы ў Беларусі, чым беларускі народ, які ў большасці сваёй паралізаваны страхам і «сядзіць пад ім, як пад венікам», заявіла БелаПАН Ала Саннікава — маці кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава, які абвінавачваецца па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года.

Разам з іншымі сваякамі палітвязняў 28 красавіка Ала Саннікава ўдзельнічала ў набажэнстве ў памяць маці лідэра ММА «Малады фронт» Зміцера Дашкевіча Вользе Дашкевіч, якая памерла ў ноч на 26 красавіка на 55-м годзе жыцця і 28 красавіка была пахаваная ў Старых Дарогах (Мінская вобласць). Малебен з удзелам сваякоў палітвязняў і прадстаўнікоў грамадскасці адбыўся ў Мінску ля Чырвонага касцёла.

Як адзначыла Саннікава, у краіне ўсё застанецца па-ранейшаму без актыўнай пазіцыі беларускага народа, які павінен перастаць баяцца, працягваць змагацца за свае правы і праяўляць салідарнасць адзін з адным. Судовы працэс над сынам яна назвала судзілішчам.

«Што можна чакаць ад суда, на якім сорамна слухаць, як фармуюцца аргументы справы?

Я разумею, што такі суд над ім таму, што Андрэй быў асноўным апанентам улады на выбарах кіраўніка дзяржавы. Бо ў нас ісці на прэзідэнцкія выбары значыць ісці ў турму» , — сказала Ала Саннікава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?