Сэнсацыяй трэцяга дня крымінальнага працэсу над Андрэем Саннікавым, Іллём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым і Уладзімерам Яроменкам стала сведчанне пэнсіянэра Пятра Кучка.

Сведка прадэманстраваў фотаздымкі, якія ён зрабіў непасрэдна пасля разгону акцыі на Плошчы, і заявіў, што там не было ніякіх прадметаў, пра якія паведамляюць матэрыялы справы: рыдлёвак, ледарубаў, каністраў з запальнай сумессю і пра якія казалі дзяржаўныя тэлеканалы ў фільме “Плошча. Жалезам па шкле”.

Амаль два дзясяткі чалавек захацелі выступіць у судзе над Саннікавым і яшчэ чатырма ўдзельнікамі Плошчы ў якасці сведкаў таго, што акцыя 19 снежня была мірнай. За дзень выступілі журналіст Алег Груздзіловіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі, юрыст Уладзімер Лабковіч, якія засведчылі, што шыбы ў Доме ўрада білі людзі зусім не з дэманстрацыі пратэсту, якія, нашкодзіўшы уцяклі з месца падзеяў, а міліцэйскія начальнікі, якія там знаходзіліся, не хацелі спыняць і арыштоўваць іх.

Але найбольш уразілі сведчанні простых людзей, якія прыйшлі ў суд, каб распавесці пра той енк і крык, які яны чулі пад час разгону Плошчы спэцназам, пра тое, што людзі шлі не граміць будынкі, а дамагацца вольных выбараў. Сапраўднай жа сэнсацыяй сталася сведчанне менскага пэнсіянэра Пятра Кучка, які ўдзельнічаў у акцыі пратэсту і заставаўся на Плошчы пасля крывавага разгону фактычна апошнім: спэцназаўцы чамусці не затрымалі сівагаловага чалавека – відаць, падумалі, што ён нехта з начальства, мяркуе сведка.

Пятро Кучко, будучы на Плошчы пасля разгону, заўважыў, што нічога там пасля дэманстрантаў не засталося, пляцоўка была чыстай. Якое ж здзіўленне і абурэнне было ў яго, калі ён паглядзеў фільм БТ “Жалезам па шкле”, дзе былі паказаныя розныя сякеры, рыдлёўкі, каністры з запальнай сумессю, якія нібыта засталіся пасля дэманстрантаў. Каб зняпраўдзіць гэта, спадар Кучко і прыйшоў у суд. Мала таго, ён прадэманстраваў 5 фотаздымкаў, якія зрабіў адразу пасля разгону Плошчы мабільным тэлефонам, і якія суддзя пасля доўгіх роздумаў у дарадчым пакоі адмовілася далучыць да справы, паколькі час вывучэння рэчавых доказаў яшчэ не настаў.

Спадар Кучко кажа, што здымкі гэтыя зрабіў, каб ня быць галаслоўным перад сябрамі, якія маглі б не паверыць, што ён быў на Плошчы і застаўся незатрыманым.

Падсудны Фёдар Мірзаянаў горача падзякаваў Пятру Міронавічу за здымкі, публіка ў зале пляскала ў далоні. Шчырую падзяку выказала яму і маці Андрэя Саннікава Ала Ўладзіміраўна: “Я яму так удзячная, што ён гэтыя фатаграфіі зрабіў, і што ён прыйшоў сюды і паказаў, што ніякага злачынства, ніякіх масавых беспарадкаў не было. Але вы ж разумееце, што нават калі гэтае хадайніцтва адверглі, то на што цяпер спадзявацца”.

Паводле цесця Андрэя Саннікава Уладзіміра Халіпа, здымкі Пятра Кучка “абсалютна абвяргаюць хлусню, якую столькі часу ствараюць улады”.

На сённяшняе паседжанне суду прыйшло шэсць студэнтаў БДЭУ, аднакурснікаў і сяброў падсуднага Фёдара Мірзаянава. Гаворыць адна зь іх: “Мы вельмі ганарымся тым, як ён трымаўся на судзе. Мы яго падтрымліваем. Мы былі вельмі радыя яго пабачыць пасля такога працяглага прамежку часу. Мы вельмі ганарымся тым, як ён трымаўся на судзе, якія пытанні задаваў, таму што верым у яго, мы ведаем, што ён невінаваты і чакаем ягонага хутчэйшага вызвалення”.

Маці Мірзаянава Людміла выказала абурэнне тым, як быў арганізаваны сам судовы працэс. Людміла Мірзаянава сёння ледзьве змагла патрапіць на судовае пасяджэнне. Ёй з цяжкасцю знайшлі месца, бо палову залы занялі невядомыя маладзёны, з выгляду актывісты БРСМ, які пратачыліся ў памяшканне пад выглядам сваякоў падсудных, а ў часе судовага пасяджэння многія зь іх, не хаваючыся, спалі.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?