Неабходнасць правядзення сур’ёзных структурных рэформаў наспела ў эканоміцы Беларусі. З такой смелай заявай выступіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, выступаючы на «семінары кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ» ў пятніцу 29 красавіка.

«Мяркую, што наша эканоміка не можа далей паспяхова развівацца ў існуючым фармаце і патрабуе сур’ёзных структурных рэформаў», — сказаў віцэ-прэм’ер.

«Нам трэба перастаць жыць не па сродках, а менавіта так у апошнія гады мы жылі,

калі на 10–13% спажывалі больш, чым выраблялі», — дадаў ён.

Тозік пачаў за здравіе, а скончыў за ўпакой.

Паводле яго слоў,

глыбокія эканамічныя пераўтварэнні ў Беларусі неабходна праводзіць, захоўваючы і умацоўваючы цяперашнюю палітычную сістэму.
«Мой досвед працы ў Кітаі гэта пацвярджае: многія краіны Паўднёва-Усходняй Азіі дамагліся каласальных поспехаў у эканоміцы і
змаглі гэта зрабіць толькі з дапамогай моцнай палітычнай улады», — адзначыў ён.

Бо «фінансава-эканамічны крызіс паказаў, што тая эканамічная мадэль, якую выбудавалі ў Беларусі, здольная забяспечыць развіццё краіны».

Віцэ-прэм’ер увайшоў у супярэчнасць з самім сабой. Калі мы спажывалі больш, чым выраблялі, то чаму крызіс паказаў, што мадэль правільная? Увогуле, нашто нам глыбокія перамены, калі мадэль правільная?

Харошы эўфемізм для дыктатуры ўжыў Тозік — «моцная ўлада». Харошы, але падманны. Сапраўды моцная ўлада там, дзе нізкая карупцыя, высокая збіральнасць падаткаў, эфектыўныя чыноўнікі. У Эстоніі — моцная ўлада. У Швецыі і Нідэрландах таксама. А ўлада дыктатарская — слабая, бо бескантрольная.

Захапленне лукашэнкаўцаў Кітаем — або палітычна матываванае, або ад абмежаванасці далягляду. Сапраўды каласальных поспехаў у Азіі дабіліся Японія, Карэя, Тайвань — усё дэмакратычныя, плюралістычныя дзяржавы.
Ніводная аўтарытарная, а тым больш таталітарная краіна Азія і блізка не дасягнула такога ўстойлівага развіцця, як яны. Кітай жа пакуль знаходзіцца на такім нізкім старце, з якога лёгка расці. Але застаецца вялікім пытаннем, да якога ўзроўню ён дарасце. І яшчэ большае пытанне, наколькі справядліва кітайскі народ карыстаецца пладамі гэтага росту.
У захапленні лукашэнкаўцаў Кітаем выяўляецца іх любоў да валу, да росту як самамэты, да паказухі.
Тая самая любоў, якая прымушала іх «спажываць на 13% больш, чым вырабляць», найперш каб атрымліваць кітайскія лічбы росту ВУП. На чым грунтуецца поспех кітайскага экспарту? На танным юані і супертаннай, бяспраўнай працоўнай сіле. Зрабі рубель па 6000 за даляр, і беларускі экспарт таксама пачне перавысіць імпарт. Але і заробкі стануць як у хвалёным Кітаі.

А такая опцыя Лукашэнку не пасуе. І не таму, што ён так дбае пра дабрабыт народу. Проста яму з краінай не пашанцавала. Побач

польская эканоміка без «моцнай улады», «каласальных поспехаў» і «нарадаў рэспубліканскіх СМІ» забяспечвае сярэдні заробак па 1200 даляраў. А наша з «моцнай» і «каласальнымі» — толькі 450.
А апусці заробак да 225, і тут ужо ніякія «рэспубліканскія СМІ» не памогуць уцерці акуляры. Тут табе не там. Еўропа!

У выніку

жаданні лукашэнкаўцаў разыходзяцца з магчымасцямі.
А словы — са справамі. Лукашэнкаўцы — і Тозік цяпер далучыўся — з года ў год таўкуць пра «экспартаарыентаванасць». А пры гэтым
сёння, фактычна, у самым нявыгадным становішчы апынуліся… экспарцёры. Пра якіх на словах так шмат гаворыцца. Бо гэта ж экспарцёры вымушаныя прадаваць 30% выручкі па заніжаным курсе (а народ — усе 100%). Чаму? Таму што афіцыйны курс даляра палітычна матываваны.
Бо «моцная ўлада» ўстыдаецца прызнаваць уласныя эканамічныя памылкі.

Вось і прыходзіцца небаракам-Тозікам выдумляць ровар, які б ехаў наперад, калі ты круціш педалі назад. Уся Еўропа дурная, адна мы разумныя. Ва ўсёй Еўропе еўрапейская мадэль, адны мы — па-кітайску. Абы апраўдаць існаванне «моцнай улады».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?