18:03
Суддзя адно за адным адхіляе хадайніцтвы аб перапынку ў працэсе. У зале сапраўды няма чым дыхаць.
17:24
Яроменак просіць спыніць працэс на сёння, бо кепска сябе адчувае.
17:21
Хадайніцтва адхіленае. Варвашэвіч робіць спробу нумар два, каб у якасці сведкаў былі дапытаныя Бандарэнка і Халіп. Гэтае хадайніцтва таксама адхіленае.
17:00
Суд разглядае хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы здымкаў, зробленых сп.Кучко пасля разгона Плошчы.
16:51
Суддзя разглядае пытанне, ці магчыма працягваць справу без сведкаў, якія на суд так і не з’явіліся. Вырашыла, што можна.
Зараз далучаюць да справы характарыстыкі.
16:35
Разглядаюць флэшкі. Тэлефоны.
16:27
Суд прыступіў да рэчыўных доказах. Там ёсць дзённік Яроменка, дзе ён пісаў пра падзеі, што папярэднічалі 19 снежня.
Суд палічыў, што доказаў ціску на Мірзаянава і Васілевіча няма.
16:09
Саннікаў кажа, што даваў паказанні пад ціскам. Ён заяўляе пра катаванні ў СІЗА КДБ. Гаворыць тое самае, што раней Міхалевіч.
«Моцна збітага мяне адвезлі ў СІЗА, пратрымалі пяць гадзін без магчымасці схадзіць у туалет. Потым перавялі ў камеру без месцаў, з хворай нагой, было вельмі цяжка знаходзіцца. У камеры вельмі холадна. Я пісаў заяву, што прымяняюцца катаванні.
Нават калі далі месца, то ляжаў тварам да святла, прымушалі не мяняць позы. Калі я засынаў і пераварочваўся, то будзілі ўсю камеру і прымушалі легчы ў тую ж позу.
Зноў перавялі ў іншую камеру, пад нары. Цябе выводзяць з камеры з усімі рэчамі — матрац, пасцельныя прыналежнасці, гоняць па крутой лесвіцы ўніз, людзі ў масках. Яны былі добра падрыхтаваныя, агрэсіўныя. Калоцяць дубінкамі па лесвіцы, сценах. Заводзяць у сутарэнні, дзе раздзяваюць дагала. Ставяць на расцяжку да сценкі. Прымушаюць прысядаць.
Потым дазваляюць адзецца. У прысутнасці трох чалавек у масцы. Такое рабілася штодзённа. Я быў пазбаўлены права на перапіску.
Людзі ў масках дазвалялі ўдары дубінкамі па спіне, тычкі.
Прымушалі пісаць заяву на імя Лукашэнкі, як іншых кандыдатаў. Я даведаўся, што майго сына хацелі скрасці службы апекі. Мне было сказана КДБшнікамі, калі я хачу дапамагчы жонцы, то я павінен даваць паказанні.
31 снежня ў мяне была прымусовая гутарка з старшынём КДБ Зайцава, які пагражаў жыццём і здароўем жонкі і дзіця. Калі я адмовіўся, што Зайцаў сказаў, што супраць іх будуць больш жорсткія метады.
Я быў уражаны. І зразумеў, што ад мяне залежыць жыццё жонкі і дзіця. Са мной працаваў оперупаўнаважаны Фяцісаў, які рыхтаваў мяне да допытаў. Ён казаў, што трэба гаварыць. Яго цікавіла фінансаванне, мае кантакты з замежнікамі.
15:45
Адкрыты працэс узнавіўся.
«Я заклікаў спыніць правакацыі. Не паддавацца на іх», — кажа Саннікаў.
15:03
Суд пераходзіць на закрыты рэжым, бо будзе агучаная прыватныя тэлефанаванні Андрэя Саннікава.
14:46
Усё, што кажацца на відэа, ужо было чуваць на ранейшых. Напэўна, з розных кадраў. Цяпер дэманструецца відэа з парталу tut.by.
Карэспандэнт Лашкевіч перадае, што людзі ломяцца ў Дом урада, б’юць дзверы. «Людзі на чале з Саннікавым і Статкевічам», — кажа Лашкевіч.
Паводле журналіста, ён размаўляў з Дзмітрыевым. Кіраўнік штаба Някляева сказаў, што Саннікаў і Статкевіч сарвалі мірную акцыю.
14:35
Саннікаў глядзіць відэа стоячы. Момантамі крышку ўсміхаецца. Зараз дэманструюцца кадры, як ён з Бандарэнкам гукаюць: «Пара мяняць лысую рызіну».
«З кадраў бачна, што мы падышлі да начальніка ДАІ Карзюка толькі з ветлівасці, бо людзі ўжо прайшлі гэта ланцуг», — кажа Саннікаў.
14:03
Саннікаў кажа, што ў яго праблемы са здароўем. Учора ён быў у шпіталі СІЗА, дзе гэта пацвердзілі. Кандыдат у прэзідэнты кажа, што ні разу за час працэсу не паспяваў на вячэру ў СІЗА, бо яна пачынаецца, а 18 гадзіне.
Працягваецца знаёмства з томам сёмым крымінальнай справы.
12:57
Абвешчаны перапынак да 14:00.
12:49
Хадайніцтва адхіленая. Адвакатка Кавалеўская кажа, што ніякіх рыдлёвак ці ледасекаў няма. Супрацоўнікі міліцыі не робяць нічога, каб спыніць хуліганскія дзеянні на ганку Дома ўрада.
Кавалеўская падкрэслівае, што кандыдаты ў прэзідэнты ўсялякімі заклікамі спрабавалі спыніць правакацыі.
12:28
Кавалеўская кажа пра мантаж. Яшчэ адно хадайніцтва аб неабходнасці экспертызы апошняга запісу. Яшчэ адзін перапынак.
12:23
Па галасах адчуваецца, што пачаўся разгон. Тым не менш, Саннікаў гукае: «Застаемся».
Рымашэўскі заклікае не збіваць людзей, але разгон ужо пачаўся.
Чутны голас: «Беларусы сюды!». А нехта кажа: «Не трэба біць».
12:08
Чуваць выступ Наталлі Каляды, якая дасылае прывітанні ад галівудскіх зорак.
Саннікаў пачынае скандаваць: «Мы адзін народ».
«Гэтыя падонкі паднялі руку на кандыдатаў у прэзідэнты. Гэтым падонкам няма апраўдання, — кажа Рыгор Кастусёў. — Пакуль мы не атрымаем перамогу, мы не павінны адсюль сысці».
Хадановіч пяе «Разбуры турмы муры».
11:58
Хадайніцтва адвакатаў адхіленае. Ніякай экспертызы не будзе. Працягваецца прагляд відэа.
11:31
Адвакат Варвашэвіч звяртае ўвагу, што відэа змантажаванае. Заяўленая хадайніцтва правесці
Суддзя выйшла ў дарадчы пакой, каб прыняць рашэнне. Абвешчаны перапынак.
11:22
Відавочна, што зараз дэманструюцца кадры штурму Дома ўрада. Нічога разабраць не атрымлівацца. Пракурор глядзіць уважліва. А вось суддзя час ад часу перамаўляецца з засядацелямі. Адвакат Галіеў нешта разглядае на сваім нэтбуку. Яроменку, відаць, не бачна відэа за шырокай спінай Гнедчыка. Хлопец устаў з лавы.
11:15
Рымашэўскі дае шматлікія інтэрв’ю. Калякін выступае: «Ад нас залежыць, як будзе развівацца Беларусь. Давайце скажам: Не — Лукашэнку!».
«Зараз мы прадстаўнікі ўрада нацыянальнага выратавання пойдзем на перамовы ў Дом урада. Падтрымайце нас», — кажа Саннікаў.
«Мы заклікаем кіраўніцтва пракуратуры, МУС выйсці да нас», — чутны голас Рымашэўскага.
Чутно біццё шкла. Нехта выгуквае: «Ёмаё». Далей не вельмі разборліва.
10:56
Дзеля чагосьці дэманструюцца кадры са збіццё Някляева. Суддзя просіць праматаць далей.
«Андрэй Алегавіч, якія прычыны былі перайсці з Кастрычніцкай да Незалежнасці?» — пытаецца Чацвертакова.
«Нават з гэтага відэа бачна, што ў кандыдатаў былі розныя меркаванні па планах. Была прапанова перайсці — уся Плошча за гэта прагаласавала. Было немагчыма знаходзіцца на Кастрычніцкай, асабліва для такой колькасці людзей. Быў каток. Дайшла інфармацыя, што ў Палацы прафсаюзаў былі спецназаўцы, якія гатовыя былі пачаць разгон», — кажа Саннікаў.
10:42
Рымашэўскі кажа пра ўрад нацыянальнага даверу, куды далучаюцца кандыдаты ў прэзідэнты. Таксама прапаноўвае далучыцца да камітэта Пазняка і Сурвіллу.
Статкевіч кажа, што Лукашэнка атрымаў 37% галасоў. «Калі гэта будзе праўдай, то будзем патрабаваць другога тура без Лукашэнкі. Яны ўжо ў памперсы. Пойдзем да іх і запатрабуем вярнуць свабоду, якую яны скралі».
Праходзяць выбары па стварэнні урада нацыянальнага даверу. Здаецца, гэта голас Дзмітрыева.
Статкевіч агучвае вынікі
10:34
«Лукашэнка захапіў уладу. Мы не дапусцім узурпацыі ўлады. Ні Расія, ні Еўропа, ні ЗША не прызналі гэтыя выбары», — чуваць голас Саннікава.
Голас Рымашэўскага: «Мы заклікаем, каб Лукашэнка выйшаў на перамовы». Саннікаў гукае ў мегафон: «Верым. Можам. Пераможам».
Чуваць выступы Кастусёва: «Мы прыйшлі сёння не з растапыранымі пальцам, а цэлым кулаком». Дзмітрыеў
10:22
Тэлевізар
Чуецца магутнае скандаванне: «Жыве Беларусь!»
Суддзя Чацвярткова кажа: «Саннікаў, вось вы ідзяце з жонкай, чуваць, што б’ецца шкло. Гэта ў які раз?». «Не помню», — кажа Саннікаў.
«Мы не павінны глядзець толькі тое, што абвінавачвае, але і тое, што апраўдвае», — кажа адвакат Варвашэвіч. Ён патрабуе, каб відэа ішло цалкам, а не ўрыўкамі. Суддзя вырашае задаволіць гэтае хадайніцтва.
10:10
Працягваецца вывучэнне відэаматэрыялаў справу. Пракурор зачытвае дакументы з сёмага тома справы. Выступ Саннікава ля Чырвонага касцёла, а таксама падзеі на плошчы Незалежнасці.
«Мы заслужылі свабоду. Мы пераможам. Вы бачыце, што нас шмат. Вы ведаеце, што мы здольныя кіраваць краінай. Мы стварылі ўрад нацыянальнага даверу», — кажа Саннікаў.
Зачытваюць размову Халіп з супрацоўнікамі ДАІ, дзе яна заклікае іх разысціся і не замінаць шэсцю.
Саннікаў звяртаецца да дэманстрантаў: «Шаноўныя, рухаемся ўбок Дома ўрада».
***
Магчыма, сёння пачнуцца судовыя спрэчкі. Даведаемся, колькі запатрабуе пракурор.
Сёння ў Партызанскім судзе Мінска працягнецца суд над кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым, а таксама маладзёнамі Іллём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым і Уладзімірам Яроменкам.
Зала запоўненая добра калі напалову. Сёння няма прадстаўнікоў БРСМ на апошніх шэрагах. Ёсць мама Саннікава, сваякі Мірзаянава, ягоныя аднагрупнікі. Хаця маму і дзядзьку зноў не пусцілі.
Цікава, што сёння абвінавачаных прывялі ў клетку пад канвоем ужо пасля таго, як у залу запусцілі гледачоў.
Сёння працягнецца разгляд матэрыялаў справы. Магчыма, што пачнуцца судовыя спрэчкі. Стане ясна, што патрабуе пракурор Загародскі.