Заклік кіраўніка Еўрапарламента Ежы Бузека не праводзіць чэмпіянат свету па хакеі ў Беларусі ў 2014 годзе «скіраваны супраць мільёнаў хакейных балельшчыкаў і супраць краіны ў цэлым», заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных на брыфінгу 12 мая.

«Бузеку павінна быць вядома, што з часоў старажытнай Грэцыі спорт знаходзіцца па-за палітыкай, — сказаў Савіных. — Гістарычны вопыт сведчыць, што адступленне ад гэтага праверанага стагоддзямі прынцыпу стварае толькі праблемы, прычым часта для ініцыятараў такіх рашэнняў».

Як заявіў прэс-сакратар, «авантурнасць гэтага падыходу відавочная». Савіных мяркуе, што кіраўнік Еўрапарламента «занадта захоплены гульнёй у палітычныя самапіяры».

Як паведамлялася раней, Еўрапарламент выступіў з заклікам да Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай (ІІХФ) не праводзіць хакейны чэмпіянат свету 2014 года ў Мінску. «Відавочна, што паводзіны беларускага рэжыму пазбаўляюць яго прывілеі правядзення вялікіх спартыўных мерапрыемстваў — такіх як міжнародны чэмпіянат па хакеі 2014 года», — мяркуе Ежы Бузек.

Ён заклікаў міжнародную федэрацыю «прыняць адпаведныя захады, каб гарантаваць, што Лукашэнка не атрымае міжнароднае прызнанне або легітымнасць, што адбылося б у выпадку правядзення міжнароднага чэмпіянату па хакеі 2014 года, пакуль ён не выпусціць усіх палітычных зняволеных». Старшыня Еўрапарламента ахарактарызаваў рэжым Лукашэнкі як «жорсткі і недэмакратычны». Апрача Бузека пад заклікам падпісаліся кіраўнікі шэрагу парламенцкіх камітэтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?