Беларускія ўлады могуць забараніць выезд за мяжу каля 200 апазіцыянерам і прапанаваць паслам шэрагу дзяржаў ЕС пакінуць межы краіны ў выпадку ўвядзення Еўрасаюзам эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі,
заявіла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у чацвер крыніца ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

«Беларускі бок спакойна ўспрымае такія заявы аб санкцыях, мы працуем над шэрагам захадаў у адказ. У комплексным плане магчымых захадаў прадугледжана і забарона на выезд за мяжу шэрагу дзеячаў беларускай апазіцыі, якія найбольш актыўна заклікалі і працягваюць заклікаць улады Еўрасаюза да ўвядзення эканамічных санкцый супраць беларускага народа», — адзначыў прадстаўнік адміністрацыі.

«Папярэдні спіс ужо ўключае больш за 200 чалавек. Гэтым асобам будзе забаронены выезд з краіны, у тым ліку — і праз тэрыторыю Расіі,

з улікам фарміравання адзінай міграцыйнай палітыкі дзвюх краін», — заявіў суразмоўца агенцтва.

Акрамя таго,

супрацоўнік адміністрацыі не выключыў, што «будзе прапанавана пакінуць межы краіны некаторым паслам дзяржаў ЕС у Беларусі,
якія, замест развіцця ... адносін з краінай знаходжання, паслядоўна навязвалі ўрадаў сваіх дзяржаў правядзенне антыбеларускага курсу». Няясна, на падставе якой прававой нормы асобным грамадзянам можа быць забаронены выезд за мяжу.
Гэтая заява лукашэнкаўцаў можа баць адказам на ўчарашні выступ кіраўніцы дыпламатыі Еўрасаюза Кэтрын Эштан.
Лукашэнка не пакінуў Еўрасаюзу іншага выбару, акрамя дзеянняў супраць ягонага рэжыму, заявіла яна ўчора ў Еўрапарламенце. «Ён навязаў нам прыняцце строгіх санкцый супраць яго, супраць яго краіны. Мы павінны дзейнічаць супраць гэтага рэжыму, уключаючы самога Лукашэнку, супраць тых, хто нясе адказнасць за жорсткасць сілавых органаў», — сказала яна.

Еўрапарламент рыхтуе жорсткую рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?