У Чарнігаве 17 сьнежня адбылася ўстаноўчая канфэрэнцыя аргкамітэту Саюзу левых партыяў. У працы канфэрэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі ПКБ, БСДП «Грамада» і жаночай партыі «Надзея». Для правядзеньня канфэрэнцыі партыйцы спрабавалі адшукаць памяшканьне ў Беларусі, але рады не далі, таму вымушаныя былі правесьці сход у суседнім Чарнігаве.

У Чарнігаўскі Палац культуры зьехаліся партыйцы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Шмат хто, як магілёўская дэлегацыя партыі «Надзея», сутыкнуліся з праблемамі пры перасячэньні беларуска-ўкраінскай мяжы. Усяго ў працы канфэрэнцыі ўдзельнічалі 484 чалавекі, звыш ста дэлегатаў з той ці іншай прычыны не змаглі дабрацца да Чарнігава.

Дэлегаты канфэрэнцыі падабраліся надзіва стракатыя. На чыіхсьці пінжаках красаваліся камсамольскія значкі з савецкай сымболікай, на іншых – бел-чырвона-белыя сьцяжкі і значкі «За свабоду». Трэба адзначыць, што ня ўсе партыйцы ўхвалілі ідэю стварэньня Саюзу левых сілаў. З рэзкай крытыкай чарнігаўскай канфэрэнцыі выступіў сацыял-дэмакрат Анатоль Сідарэвіч: ён прынцыповы праціўнік саюзаў з камуністамі.

У асноўным на канфэрэнцыі прысутнічалі людзі старэйшага і сярэдняга пакаленьняў, было зусім мала заўважана моладзі, хаця, паводле афіцыйнай статыстыкі, 111 чалавек былі ва ўзросьце маладзейшым за 30 гадоў. Моладзь асабліва не праяўляла сваёй актыўнасьці. Што праўда і старэйшыя не былі цалкам абазнаныя ў партыйных рэаліях. Мужчына, што сядзеў за мной, увесь час пытаўся ў свайго калегі, хто сядзіць у прэзыдыюме, а тамака ў асноўным была прадстаўлена вярхоўка партыяў.

Канфэрэнцыю на беларускай мове вёў намесьнік старшыні БСДП «Грамада» Аляксей Кароль. Спачатку былі вырашаныя арганізацыйныя пытаньні, хаця сп.Кароль і адзначыў, што ў іх усё адно ўзьнікнуць праблемы зь Мін’юстам.

Аляксандар Бухвостаў расказаў, што налета мае быць праведзены ўстаноўчы зьзд Беларускай партыі працоўных, якая паўстане на месцы ліквідаванай партыі працы, а пазьней далучыцца да Саюзу левых партый. Бухвостаў адзначыў, што непавага да правоў працоўных спарадзіла тры страшныя сусьветныя зьявы, як фашызм, нацызм і сталінізм.

Старшыня жаночай партыі «Надзея» Алена Яськова не пакінула яснага і адназначнага ўражаньня. Яна ў асноўным гаварыла звыклыя рэчы з багажу апазыцыйнага палітыка пра дэмакратыю, свабоду, канстытуцыю. Назвала Беларусь «запаведнікам хамства» і выказала ўпэўненасьць, што гэты лад хутка зьменіцца.

Сяргей Калякін у сваю чаргу адзначыў, што «гэтая канфэрэнцыя ня ёсьць штучнай, а прадыктаваная момнтам. Улада манапалізавала левы флянг Беларусі, але задача ўдзельнікаў сёньняшняй канфэрэнцыі зламаць гэтыя стэрэатыпы». Выступ Калякіна быў вельмі энэргічным, ён сем разоў зрываў авацыі залі. Старшыня ПКБ назваў мясцовыя выбары фарсам, а таксама першы ў гэты дзень заклікаў вызваліць палітвязьняў. Калякін таксама, як і Яськова, гаварыў, што беларускім уладам засталося ўжо нядоўга, а асноўнай задачай левых партыяў назваў «разбурэньне сьцяны страху».

Перад выступам старшыні БСДП «Г» Анатоля Ляўковіч з залі прыйшла цыдулка з пытаньнем: «Чаму пад канчатковым дакумэнтам канфэрэнцыі стаіць подпіс Ляўковіча, а не Казуліна? Раіса Міхайлоўская, прэс-служба А.Казуліна». Як высьветлілася, Ляўковіч па сёньня афіцыйна зьяўляецца старшынёй партыі, а зьезд, дзе быў абраны Казулін ня быў прызнаны Мін’юстам.

Ляўковіч выступаў імпэтна. Сярод іншага ён адзначыў, што для БСДП «Г» адной з асноўных задач «зьяляецца нацыяльнае-культурнае разьвіцьцё». Менавіта Ляўковіч першым на канфэрэнцыі гукнуў у залю «Жыве Беларусь!». Па-беларуску таксама выступаў і адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч, які распавёў пра сваю нядаўнюю сустэчу з Казуліным. Рынкевіч сказаў, што Казулін падтрымаў гэтае аб’яднаньне. «Краіне патрэбныя актуальныя левыя, якія здольныя перамагчы». – гаварыў Рынкевіч.

Канфэрэнцыя аднагалосна вырашыла абраць ганаровым старшнёй Саюзу левых партыяў экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.

Яшчэ было шмат выступаў, але не было канкрэтных прапановаў, што рабіць і як перамагаць. Чыталіся ўрыўкі зь вершаў беларускіх савецкіх паэтаў-аўтсайдэраў, кшталту Івана Батрака. Праграмная заява была падтрыманая амаль усімі дэлегатамі, бяз значных паправак. Цяпер чарга за Мін’юстам.

Пры вяртаньні ў некаторых удзельнікаў чарнігаўскай канфэрэнцыі ўзьніклі праблемы па перасячэньні мяжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?