22-мільённая краіна, у якой рэжым быў адным з найбольш жорсткіх у савецкім блёку, робіць адназначную ацэнку сыстэмы, зрынутай у сьнежні 1989 г. І гэта ўсё адбываецца амаль за два тыдні да ўваходу краіны ў Эўразьвяз.

У гіганцкі Палац Парлямэнту ў Бухарэсьце сёньня зьедуцца знакамітыя госьці з усяго сьвету. Прэзыдэнт Румыніі Траян Басэску запрасіў іх узяць удзел ва ўрачыстай сэсіі палатаў парлямэнту. Басэску афіцыйна асудзіць на ёй камунізм і прызнае сыстэму злачыннай.

Сымбалічнага акту, аднак, не было б, калі б у красавіку не была скліканая прэзыдэнцкая камісія па справах вывучэньня камуністычнай дыктатуры. «Чакаю ад камісіі дакладу, які мне дазволіць афіцыйна асудзіць камунізм», – казаў тады прэзыдэнт.

Цягам дзевяці месяцаў 19 экспэртаў пад кіраўніцтвам прафэсара Ўладзімера Тысманяну рыхтавалі даклад пра вынікі 50 год камуністычнага рэжыму ў Румыніі.

У першую такую камісію ў постсавецкай Эўропе трапілі паважаныя навукоўцы і асобы грамадзкага жыцьця, між іншым вядомы дэсыдэнт і старшыня Таварыства былых палітычных вязьняў Канстанцін Тыку Думітрэску, стваральнік Мэмарыялу ахвяраў камунізму Ромулас Русан, а таксама праваслаўны мітрапаліт Банату Нікалаэ Карнеану – адзіны сярод румынскіх царкоўных гіерархаў, хто прызнаўся ў супрацоўніцтве з камуністычнай бясьпекай.

Большасьць дасьледчыкаў, аднак, склалі маладыя навукоўцы. Яны ўпершыню мелі мажлівасьць карыстацца архівамі тайнай паліцыі «Сэкурытатэ», якія да гэтага часу заставаліся сакрэтнымі.

Даклад камісіі, што налічвае 650 старонак, будзе прэзэнтаваны сёньня кіраўніком дзяржавы абедзьвюм палатам парлямэнту. У ім пералічваюцца асноўныя злачынствы рэжыму, а таксама зазначаецца адказнасьць асобных людзей і іх роля ў падзеях тых часоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?