40-гадовы расійскі спецыяліст і легендарны футбаліст Сяргей Аўчыннікаў зменіць на трэнерскай пасадзе мінскага «Дынама» свайго суайчынніка Алега Васіленку, адпраўленага ў адстаўку праз нездавальняючыя вынікі каманды на старце сезоне,
паведамляе афіцыйны сайт клуба.

Сёння ў Стайках пройдзе арганізацыйны сход, на якім футбалісты і персанал будуць пазнаёмленыя з новым трэнерам. З асістэнтамі новы стырнавы «бела-блакітных» вызначыцца ў найбліжэйшы час.

Сяргей Аўчыннікаў выступаў за маскоўскія «Лакаматыў» і «Дынама», а таксама партугальскія «Бенфіку», «Порту» і «Алверку». На яго рахунку 35 матчаў у складзе зборнай Расіі.

Трэнерскую кар’еру пачаў у 2007 г. у маскоўскім «Лакаматыве», дзе працаваў з брамнікамі. У 2008-м асіставаў Юрыю Сёміну ў кіеўскім «Дынама». А ў 2009-м пачаў самастойную трэнерскую кар’еру, узначаліўшы краснадарскую «Кубань». У мінулым годзе трэніраваў бранскае «Дынама» (сышоў у адстаўку ў верасні 2010).

Сяргей Аўчыннікаў стане 24-м трэнерам «Дынама» са снежня 1999 г., калі назіральную раду ЗАТ «Дынама» узначаліў Юрый Чыж.

Алег Васіленка быў прызначаны галоўным трэнерам у снежні 2010 г. Пасля дзевяці тураў сезона 2011 «Дынама» займае перадапошні радок у чэмпіянаце з 2 перамогамі, 3 нічыімі і 4 паразамі (розніца мячоў 5–6), праўда, адставанне ад 2-га месца складае 5 пунктаў.

У нядзелю «Дынама» ў матчы 10-га тура згуляе на сваім полі ў Кунцаўшчыне з «Шахцёрам» (пачатак а 18-й).

***

Трэнеры «Дынама» ад канца 1999 года

1. Юры Курненін
2. Павел Раднёнак
3. Аляксандр Піскароў (Расія)
4. Георгі Кандрацьеў
5. Эдуард Малафееў
6. Андрэй Зыгмантовіч
7. Веніямін Арзамасцаў (у якасці в.а)
8. Георгі Гюраў (Балгарыя)
9. Анатоль Байдачны
10. Пётр Шубін (Расія)
11. Юры Шуканаў
12. Аляксандр Башмакоў
13. Аляксандр Рабаконь (Украіна)
14. Аляксей Пятрушын
15. Пётр Качура
16. Аляксандр Хацкевіч
17. Ігар Крывушэнка
18. Славалюб Муслін (Сербія)
19. Кірыла Альшэўскі
20. Сяргей Гурэнка
21. Сяргей Саладоўнікаў.
22. Уладзімір Гольмак.
23. Алег Васіленка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?