Дом на К.Маркса, 36, што насупраць Адміністрацыі прэзыдэнта, быў першым "пісьменьніцкім домам" у Менску. Тут жылі Уладзімер Караткевіч, Вячаслаў Адамчык, Іван Шамякін. Сёньня ў гэтым доме разьвітваліся з народным пісьменьнікам Беларусі Іванам Навуменкам. Навуменка быў апошнім зь пісьменьнікаў, хто жыў у гэтым доме ад моманту яго засяленьня.

Разьвітацца з Навуменкам прыйшло каля трохсот чалавек. Да кватэры пісьменьніка, што месьціцца на 4-м паверсе, утварылася жывая людзкая чарга, якая пачыналася ля першых паверхаў. Амаль усе несьлі кветкі. Было багата моладзі зь бел-чырвона-белымі і значкамі "За Свабоду" на вопратцы.

Праводзіць свайго калегу ў апошні шлях сабраліся практычна ўсе пісьменьнікі старэйшага пакаленьня, тых, хто добра ведаў і працаваў зь Іванам Навуменкам. Паэт Анатоль Вярцінскі расказвае, што ягонае і Навуменкавае лецішча былі побач: "Іван заўсёды заставаўся вяскоўцам. Я добра ведаў яго. Ён любіў па-сялянску аглядаць палеткі, глебу, любіў хадзіць гуляць у лес. У гэтым і была сутнасьць ягонай вясковай натуры, спосаб жыцьця. Сёньня я магу сказаць толькі апошняе бывай і апошняе даруй". Ля труны Навуменкі стаялі ягоны сусед па доме Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Валянцін Тарас.

Леанід Дранько-Майсюк называе сябе адным з тых пісьменьнікаў, хто выхоўваўся і прыйшоў у літаратуру ў тым ліку дзякуючы творчасьці Івана Навуменкі. "Я ўспамінаю, як у 1970 годзе па радыё пачуў, што Іван Навуменка скончыў працу над новым раманам "Сорак трэці", і вельмі ўзрадаваўся. Бо ўжо быў раней знаёмы з творчасьцю Івана Якаўлевіча. Узгадваю наколькі зачытанымі былі ягоныя кніжкі ў давыд-гарадоцкай бібліятэцы. Для мяне і сёньня раман "Вецер у соснах" зьяўляецца адным з найбольш знакавых у беларускай літаратуры". Менавіта Дранько-Майсюк нёс крыж.

На разьвітаньні не было прадстаўнікоў афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў. Анатоль Вярцінскі кажа, што прыйсьці сюды Чаргінец папросту ня мог з маральных і этычных меркаваньняў пасьля ягоных сумнавядомых заяваў пра стан здароўя Навуменкі.

Аляксандар Вайтовіч быў адзіным палітыкам, хто прыйшоў на разьвітаньне. "З Іванам Навуменкам я пазнаёміўся падчас свайго прэзыдэнцтва ў Акадэміі навук, тады Навуменка ўваходзіў у склад прэзыдыюму і мы часта кантактавалі. У мяне засталіся вельмі добрыя ўражаньні ад гэтага знаёмства, таму лічу сваім абавязкам прысьці на пахаваньне". – сказаў Аляксандар Вайтовіч.

Віктар Жыбуль, прадстаўнік наймаладзейшага пакаленьня пісьменьнікаў, сказаў, што прыйшоў сюды, каб выказаць сваю павагу і пашану Народнаму пісьменьніку. "Што б ні казалі, але проста так гэтае званьне ніколі нікому не давалі. Гэта быў сапраўды добры пісьменьнік".

Труна Івана Навуменкі не была накрытая ні бел-чырвона-белым, ні чырвона-зялёным сьцягам. Яе паклалі ў мікрааўтобус. Для жадаючых трапіць на пахаваньне былі падрыхтаваныя два аўтобусы.

Дзяржаўныя мас-мэдыі не прысутнічалі на разьвітаньні з адзіным у краіне пісьменьнікам званьне народнага, якому надаў Аляксандар Лукашэнка. Варта пікнуць нешта ўпоперак уладаў, як улада пачынае цябе ігнараваць, кім бы ты ні быў.

Народнага пісьменьніка Беларусі Івана Навуменку пахавалі, як ён і хацеў, на Кальварыйскіх могілках, побач з жонкай.

Народжаны ў Васілевічах у 1925 годзе, ён стаў вядомы сваёй ваеннай прозай. Ён быў таксама плённым і заслужаным літаратуразнаўцам. Характэрны літаратар савецкай школы, ён цяжка перажываў злом камуністычнага ладу, постсавецкае бурапеньне і падзеньне грамадзкага прэстыжу пісьменьніцкае працы, ды так і ня здолеў упісацца ў новы час.

Іван Навуменка быў адзіным з народных пісьменьнікаў Беларусі, званьне якому прысудзіў А.Лукашэнка. Гэта адбылося на самым пачатку 1995 году, калі беларуская інтэлігенцыя яшчэ ня стала аб’ектам ідэалягічнага цкаваньня. У 2005-2006-м стары ўжо і сьмяротна хворы творца рашуча адмовіўся падтрымаць стварэньне пралукашэнкаўскага Саюзу пісьменьнікаў нумар два на чале з Чаргінцом, даслаўшы апошняму гнеўны і зьедлівы ліст.

Зямля пухам майстру беларускага слова.

Іван Навуменка прыйшоў на сьвет 16 лютага 1925 у Васілевічах, сёньня Рэчыцкі раён Гомельскай вобл. Скончыў БДУ (1950), доктар філялягічных навук (1969), прафэсар (1971). З 1972 г. - дырэктар Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы. З 1992 -- дарадца пры прэзыдыюме Акадэміі навук Беларусі.

Друкаваўся з 1955 г. Першы зборнік апавяданьняў – «Сямнаццатай вясной», аўтар аповесьцяў «Сьнежань», «Мой сябар Пятрусь», «Бульба», «У бары на сьвітаньні», «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці».

Іван Навуменка быў аўтарам літаразнаўчых манаграфій пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Зьмітрака Бядулю, Максіма Багдановіча, Кузьму Чорнага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?