17 сьнежня – 82-ая гадавіна беларускага кіно. З гэтай нагоды Андрэй Кудзіненка даслаў мне артыкул, які падрыхтаваў для сайту Маладая Беларусь.

Мушу прызнацца, што лепшага падсумаваньня беларускіх кінавынікаў дасюль не было. Роўна, як не былі падказаныя й лепшыя шляхі выйсьця.

З ласкавае згоды аўтара вывешваю артыкул на сваім блогу.

Чытайце. Думайце. Стварайце.

***

Андрэй Кудзіненка

Праз могілкі*

Беларускае кіно ў пошуках аўтэнтыкі ва ўмовах каляніяльных варункаў

Эпахальны лозунг Ільліча (Леніна): "Найважнейшым з мастацтваў для нас зьяўляецца кіно" – паставіў кінэматограф у авангард савецкага мастацтва. Але Ільліч меў на ўвазе кінахроніку і яе прапагандовае значэньне. Яму, рэтраграду ў эстэтычных пытаньнях,было не па дарозе з сапраўднымі авангардыстамі і мастацкімі рэвалюцыянэрамі, якім быў наканаваны трагічны лёс. З непаразуменьняў пачалося савецкае кіно. У год сьмерці Леніна"нарадзілася" і савецкае беларускае кіно, але наколькі беларускім яно было?

Беларускае кіно. Эпізод І. Штучнае апладненьне.

Любое мастацтва пачынаецца натуральна і само сабой. Яно заўсёды вынікае зь перайманьня – у першую чаргу, зь пераймання формы (першабытны чалавек пераймаў прыроду); а ў пародыі прымітыўныя формы пераймаюць высокаарганізаваныя. Беларускае кіно нарадзілася дэкрэтам Саўнаркаму ад 17 сьнежня 1924 году, у горадзе Ленінградзе.

Беларускае кіно было зачатае ненатуральным чынам. Бо кіно пачалося парадыраваннем не формы, а зьместу нацыянальнай культуры. Ужо прызнаныя майстры рускага і савецкага кіно (Гардзін, Хахлова, Тарыч і інш.) ставілі (за 1100 км. ад Беларусі!) фільмы нібыта беларускія, нібыта пра Беларусь, а часам, нават і па творах беларускіх аўтараў. Але першыя творцы і кіраўнікі "беларускага" кіно былі людзьмі далёкімі ад беларускай культуры.

У выніку атрымалася пародыя на нацыянальную культуру. Калі б мы перапранулі актораў гэтых першых фільмаў у малдаван, і прымусілі размаўляць на малдаўскай мове, дадаўшы некалькі фолкстэрэатыпаў, то атрымалі бы "малдаўскае" кіно.

Піянэр рускага авангарду Леў Куляшоў зьняў "Прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў". Ягоная карціна – гэта пародыя на амэрыканскае кіно, у якога тады ўсе вучыліся. Пазьней гэтая вучоба і перайманьне пераўтварылі пародыю ў сур'ёзнае, з трагічным патасам мастацтва. У беларускім кіно меў месца зваротны працэс: ня зьмест шукаў для сябе найболей выразную форму, а ўжо знойдзеная форма шукала свой нацыянальны беларускі зьмест. Не было ў родапачынальнікаў беларускага кіно нацыянальнай беларускай ідэі, а было толькі павярхоўнае і абстрактнае разуменьне яе.

Заўсёды важна, з чаго пачынаеш. Напрыклад, першай фінскай стужкай была "Самагонка". Наколькі гэта вызначыла тэматыку і стыль фінскай кінэматаграфіі? Можа, не выпадкова фаварытамі прэстыжных кінафэстаў дзевяностых сталі мілыя і адчайныя маргіналы-алькаголікі з фільмаў Каўрысмякі і Мякіі?

Першы беларускі фільм – "Прастытутка" 1927 году (іншая назва "Забітая жыцьцём"), рэжысэра Алега Фрэліха. Сацыяльны фільм, дзякуючы вылучанай тэме, быў вельмі прыбытковым. Ён зарабіў шмат грошай і дазволіў трэсту "Белдзяржкіно" сур’ёзна заняцца кінавытворчасьцю. Але імітацыя (як прастытуцыя, імітацыя каханьня дзеля грошай) – сталася для савецкага беларускага кінематографу фатальнай.

Беларускае кіно. Эпізод ІІ. Першыя прыкметы жыцьця.

Першыя пробліскі свайго, аўтэнтычнага кіно зьявіліся толькі ў шасцідзесятыя гады, у перыяд хрушчоўскай "адлігі" і ідэалягічных паслабленьняў, калі адбылося абуджэньне цікавасьці да простага чалавека, да ўласнай гісторыі і мовы. Папярэднічаў кінаадлізе дзяржаўны рэспубліканскі праект па збіраньні нацыянальных кадраў з усёй пасляваеннай краіны.

І першыя дасягненьні беларускага кіно былі зьвязаныя менавіта з тымі людзьмі, якія былі родам з Беларусі. Тады зьявіліся ў літаратуры Быкаў, Адамовіч, Караткевіч, пачало стварацца і пакрысе структуравацца беларускае культурнае асяродзьдзе.

У гэты момант і паўстала беларускае кіно, якога дагэтуль не было ў прынцыпе. Ягоныя творцы – у першую чаргу, рэжысэр Віктар Тураў, а пазней – Валер Рубінчык, Валер Рыбараў, Міхаіл Пташук.

Беларускае кіно. Эпізод ІІІ. Заняпад.

Канфармізм 70–80-х гадоў. У гэты пэрыяд савецкая беларуская кінэматаграфія дасягае сваіх рэкордных колькасных паказчыкаў, але практычна цалкам губляе ўласны голас і становіцца, у адрозненне ад грузінскай, літоўскай і ўкраінскай кінэматаграфіі, правінцыйнай і безаблічнай. Фільмы здымаюцца на рускай мове, і ў галоўных ролях заўсёды задзейнічаныя акторы маскоўскіх і ленінградскіх тэатраў.

Беларускае кіно. Эпізод ІV. Кома.

Чым жыве цяпер несавецкае беларускае кіно?

Яно ізноў займаецца імітацыяй кінапрацэсу і перайманьнем савеччыны. У сучасных дзяржаўных фільмах дзеяньне адбываецца ў абстрактнай расейскай глыбінцы, на экране расейскія "мэдыйныя" твары, а сюжэты ня маюць ніякага дачыненьня да Беларусі. Чыноўнікі апраўдваюць гэта тым, што прадаваць кіно прыйдзецца ў Расеі, а ўласны рынак надзвычай малы.

Але яшчэ аніводны дзяржаўны фільм не здабыў ні грошай, ні славы. Да таго ж усе мэханізмы кіраваньня і фінансаваньня кіно засталіся савецкімі (Мастацкія рады, жорсткая ідэалягічная цэнзура, мэтавыя замовы Міністэрства культуры). У такіх умовах папросту немагчыма зрабіць годнае і актуальнае кіно, і ўсё зводзіцца да марнаваньня грошай падаткаплатнікаў пры нулявых творчых і камэрцыйных выніках.

Замкнёнае кола, з якога няма выйсьця. Тут трэба альбо адключаць "жывы" труп ад штучнага сілкаваньня, альбо падтрымліваць стан комы, рапартуючы народу, што беларускае кіно шчэ існуе.

Беларускае кіно. Эпізод V. Пачатак.

Досьвед тых жа фінаў або былой Югаславіі паказвае: зрабеце добрае кіно, нацыянальнае, сваё, і яго купяць, дзе заўгодна, і пакажуць на прэстыжных кінафэстах. Галоўнае, каб яно было актуальным для сусьветнай культуры. А сучаснае беларускае кіно, па-першае – не сучаснае, па-другое – не беларускае, па-трэцяе – зусім не кіно.

Кіно – гэта кінапрацэс, не асобныя фільмы асобных рэжысэраў, а жывы арганізм. Гэта і незалежнае кіно, і фільмы, датаваныя дзяржавай, і карціны, фінансаваныя тэлеканаламі і фондамі. Гэта і артгаўз, і камэрцыйны прадукт, і шматлікія, рознага рангу і кірунку, кінафэсты, якіх у Беларусі практычна няма.

Сапраўдны кінапрацэс заўсёды шматаблічны і разнастайны, а, значыць, цяжка кантраляваны. Нездарма пры Сталіне быў перыяд малакарціньня, бо "правадыр усіх народаў" праглядаў усе зьнятыя фільмы і сам асабіста даваў дазвол на кінапракат. Да таго ж, Беларусь сёньня зьяўляецца недаразвітай камплексуючай культурнай правінцыяй Расеі. Такі вэктар нашага сучаснага грамадзкага жыцьця, што падрымліваецца прапагандай.

Большасьць з беларускіх кінатворцаў даўно працуюць у Маскве, дзе ганарары ў некалькі разоў вышэйшыя, але і лепшыя творцы, як гастарбайтэры, змушаныя задавальняцца другаснымі ролямі.

Ці будзе калі-небудзь беларускае кіно, ці зойме яно годнае месца ў сусьветным кінапрацэсе? Спадзяюся, што так. Ёсьць ужо пробліскі, падзеі, якія, магчыма, стануць выспачкамі будучыні.

Але пакуль гэта лякальныя, паўпадпольныя і, вядома, незалежныя праекты, што атрымалі жыцьцё дзякуючы лічбавым тэхналогіям, якія разбураюць “таталітарнасць” кінапрацэсу. А рэзкі старт аргентынскага ці гішпанскага кіно даказвае, што ёсьць пэрспэктыва, каб пераадолець правінцыйную "забітасьць жыцьцём" і "прастытуіраваньне" на чужой культуры.

І магчымы ўласны прадуктыўны шлях да сучаснага кіно – "праз могілкі" савецкага беларускага мастацтва.

* Назва кінастужкі рэжысёра Віктара Турава 1964 году. У 1994 годзе рашэньнем ЮНЭСКА гэтая стужка была занесеная ў сьпіс 100 лепшых фільмаў сьвету.

***

posterАндрэй Кудзіненка – беларускі кінарэжысэр. Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Берасьці. У 1998 годзе скончыў Беларускую Акадэміў мастацтваў. Вучань Віктара Турава.

Аўтар дакумэнтальна-экспэрымэнтальных фільмаў “Сны В.В.”, “Плянэта ХХ”. Ягоная ігравая стужка “Акупацыя. Містэрыі” сталася найважнейшым дасягненьнем айчыннага кіно, была цёпла прынятая на кінафэстах у Ратэрдаме, Маскве, Тайбэі, але выклікала скандал у Беларусі і дасюль забароненая ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?