Пэсімістычныя маналёгі барда паміж песьнямі засмуцілі. Калі гэты адраджэнец расчараваўся ў жыцьці, то на каго раўняцца?

17 сьнежня ў Доме Ваньковічаў прайшоў канцэрт барда Андруся Мельнікава. Паслухаць нячастыя выступы Мельнікава сабралося чалавек трыццаць. Абраны ім плян творчай сустрэчы — расповяд аб жыцьці ў храналягічным парадку, пачынаючы з 1987 году — даў зразумець, што сьпявак хоча выказацца на публіцы. У Гомелі, дзе ён жыве, гэтага бракуе. Бард, якога ўяўляў значна старэйшым, прадстаў 41-гадовым мужчынам. Сьціплы, худыя рысы твару. Зусім не такі, як ягоныя песьні.

Імя Мельнікава ў пачатку 1990-х было на слыху. А як часы адраджэньня мінуліся, то пра спадара Андрэя забыліся. А яшчэ і турма. Справа аналягічная, па якой праходзілі Шарамет і Завадзкі. Калі пра апошніх гаварылі і пісалі ў прэсе, то пра барда маўчалі. Крыўдна было. Але той час шмат чаму яго навучыў.

Са сьпеваў Мельнікава, а таксама Сокалава-Воюша, пачынаўся мой шлях да беларушчыны. Быў 1999 год. Толькі прайшлі альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта. У аднаго знаёмага пачуў «Продразьвёрстку» ў выкананьні Мельнікава. Стала сьмешна з гукаў трубы (так здавалася тады). А цяпер, на канцэрце, убачыў, што ніякая то была не труба — напружваньне зьвязак барда, і ўвесь сакрэт.

Пэсімістычныя маналёгі Андруся Мельнікава паміж песьнямі засмуцілі. Крыўдна стала за людзей. Калі гэты адраджэнец расчараваўся ў жыцьці, то на каго раўняцца. Чалавек, які бачыць навакольле не на прыкладзе менскіх вуліц, варты таго, каб да яго прыслухоўваліся.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?