Ці Бог ізноў ашчаджае беларусаў?

Юбілей

«Цяжка ўявіць сабе, што гэты цудоўны пісьменьнік жывы. Цяжка паверыць, што ён ходзіць па вуліцах разам з намі. Здаецца, быццам ён памёр.

Бо ён напісаў столькі кніжак! Кожны чалавек, напісаўшы столькі кніжак, даўно ляжаў бы ў магіле. Але гэта — сапраўдны нечалавек! Ён жыве і ня думае паміраць, на ўсеагульнае зьдзіўленьне. Большасьць лічыць, што ён даўно памёр — настолькі вялікае захапленьне ягоным талентам…І ён сам напэўна ў гэта ня верыць. Алё ён безумоўна памрэ. Яму паставяць агромністы помнік, а ягоным імем назавуць іпадром — бо ён так любіў коней. Магілу ягоную агародзяць мэталічнай рашоткай. Так што ён можа не хвалявацца. Мы ўбачым на ёй ягоны барэльеф.

Заўчора я пачуў, што ён сканаў. Аб гэтым паведаміла мая дачка, якая любіць пажартаваць. Я, праўду кажучы, адчуў радасьць і гонар за нашага сябра-таварыша.

- Нарэшце!, - усклікнуў я, — ён зойме месца ў літаратуры!

Радасьць была дачасная. Але я думаю, доўга нам не давядзецца чакаць. Ён нас не расчаруе. Мы ўсе верым у яго. Мы пажадаем яму завершыць працу, якую ён яшчэ ня скончыў, і як мага хутчэй узрадаваць нас».

Гэта фрагмэнт апавяданьня расейскага пісьменьніка-гумарыста Віктара Галяўкіна, апублікаванага ў 12-м нумары паўзабытага цяпер савецкага часопісу «Аврора» за 1981-ы год. Апавяданьне выклікала нечуваны ўсесаюзны скандал. Магчыма, ніхто не зьвярнуў бы ўвагі на тую гумарэску пад назвай «Юбілейная прамова», калі б рэдакцыя ня ўспомніла ў апошні момант пра сапраўдны юбілей і не надрукавала на адкрыцьці нумару партрэт Леаніда Брэжнева. 19 сьнежня 1981 году яму споўнілася 75 гадоў, і жыць генэральнаму сакратару ЦК КПСС заставалася меней за год.

Той нумар часопісу карыстаўся вялікай папулярнасьцю, апавяданьнем зачытваліся, падзяляючы пачуцьці гумарыста. Цяпер цяжка зразумець, што ў ім знаходзілі такога сьмешнага. Але вось нататка таго часу ў газэце «Правда»:»Ваяры вучэбнага танкавага палка Забайкальскай вайсковай акругі на сходзе асабістага складу прынялі рашэньне прасіць міністра абароны СССР залічыць ганаровым курсантам 1-й танкавай роты гэтага палка Генэральнага сакратара ЦК КПСС, Старшыню Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР, Старшыню Савету абароны СССР Маршала Савецкага Саюзу Леаніда Ільліча Брэжнева. Ідучы насустрач пажаданьням ваярам гарнізону, дзе Леанід Ільльіч Брэжнеў пачаў вайсковую службу, міністар абароны СССР Маршал Савецкага Саюзу Дз.Х.Усьцінаў даў загад аб залічэньні таварыша Л.І.Брэжнева ганаровым курсантам першай роты вучэбнага палка».

Тым, хто забыўся, ці ніколі ня ведае, скажу, што пералік усіх вышэйшых тытулаў таварыша Брэжнева быў абавязковым для ўсіх публікацыяў уСМІ, таксама, як і напісаньне гэтых тытулаў зь вялікай літары.

А вось яшчэ нататка ТАСС. «КАТМАНДУ. Тут адчынілася выстава, прысвечаная 75-годзьдзю Л.І.Брэжнева. На ёй прадстаўленыя кнігі «Малая Зямля», «Адраджэньне», «Цаліна», перакладзеныя на нэпальскую мову, іншыя працы савецкага кіраўніка, а таксама шматлікія фотадакумэнты».

Такія паведамленьні на той час нават усьмешкі ўжо не выклікалі — настолькі звыклай часткай савецкага жыцьця яны зрабіліся.

Прадчуваньне трэцяй сусьветнай

У той самы час, за некалькі дзён да юбілею генсэка, ТАСС паведамляла з Варшавы: «Вайсковая рада нацыянальнага ўратаваньня працягвае працягвае ажыцьцяўляць неабходныя меры, скіраваныя на пераадоленьне перажыванага краінай найвастрэйшага крызысу. Згодна з распараджэньнем Вайсковай рады падразьдзяленьні Войска Польскага сумесна зь мясцовымі органамі ўнутраных справаў перашкаджаюць спробам правакатараў арганізаваць страйкі на асобных прадпрыемствах».

Размова, нагадаем, ішла пра ўвядзеньне вайсковага становішча ў Польшчы, калі Вайсковая рада (WRON) на чале з кіраўніком ПАРП генэралам Ярузэльскім інтэрнавала дзясяткі тысяч дзеячоў «Салідарнасьці», увяла татальную цэнзуру, гвалтам здушыла страйкі і ўсе праявы грамадзянскага супраціву. Праўда, як выявілася, ненадоўга.

Многія, у тым ліку і ў Савецкім Саюзе, прадчувалі нешта падобнае. Прадчувалі, што не пацерпіць Масква існаваньня вольнай дэмакратычнай Польшчы на заходняй мяжы СССР. Памятаю, як незадоўга да вайсковага перавароту да нас прыехалі сваякі з Польшчы. Для іх, у адрозьненьне ад грамадзянаў СССР, на той момант не было вялікай праблемы атрымаць дазвол на выезд. Яны вельмі неадназначна ставіліся да таго, што адбываецца ў іх на радзіме — да «Салідарнасьці», да Валэнсы. Але яны вельмі трывожыліся за тое, што будзе зь іх краінай далей. Хоць наўпрост яны гэтага й не выказвалі, але пры развітаньні мы ўсе адчувалі вялікі сум і хваляваньне, нам чамусьці здавалася, што мы можам ніколі больш ня ўбачыцца. Таму абдымаліся з сваякамі перад іх дарогай мацней, чым калісьці раней, і нават амаль не хавалі сьлёзаў.

Насамрэч, убачыцца мы змаглі празь якіх сем гадоў.

Але на той момант, у сьнежні 1981-га, ніхто ня мог быць упэўненым, што Савецкі Саюз не ўвядзе свае войскі ў Польшчу, як перад тым увёў іх у Аўганістан, і не справакуе трэцюю ўсясьветную вайну. Масква не рашылася, чакала, што Ярузэльскі сам навядзе парадак. ЗША таксама не сьпяшалася з рэзкімі дзеяньнямі, абмежаваўшыся асуджэньнем рэжыму і маральнай падтрымкай унтранаму польскаму супраціву. (Як цяпер вядома, ня толькі маральнай.)

Між іншым, Ярузэльскага цяпер хочуць пазбавіць усіх званьняў за ягоныя злачынствы. А вось аднагодка й сябра Брэжнева — Эдварда Герэка, які кіраваў Польшчай да Ярузэльскага і давёў польскую эканоміку да поўнага краху, дагэтуль бальшыня палякаў успамінае зь цеплынёй. Аб гэтым сьведчаць і леташнія сацыялягічныя апытаньні ў Польшчы.

Рэальны сацыялізм у спадчыну

Да 100-годзьдзя Брэжнева Расейская Фундацыя грамадзкай думкі (ФГД) правяла сацыялягічнае апытаньне, паводле якога 61% рэспандэнтаў лічаць гады яго праўленьня шчасьлівым часам, і толькі 17% — нешчасьлівым. Прычым, сярод тых, каму ад 36 да 54 гадоў, пазытыўную ацэнку таму часу даюць 75% рэспандэнтаў, і сярод тых, хто старэйшы — 74%%.

Наўрад ці падобнае апытаньне, калі б яно праводзілася ў Беларусі, дало б іншыя вынікі. І пацьверджэньнем гэтага могуць служыць іншыя лічбы. У адказ на пытаньне, што б хацелі рэспандэнты ўзяць з брэжнеўскае эпохі ў дзень сёньняшні, часьцей за ўсё называлася бесплатная адукацыя (14% ад усіх апытаных) ахова здароўя (12%), поўная занятасьць (11%), нізкія цэны (9%), годныя заробкі і пэнсіі (7%), бясплатнае жыльлё (6%). 13% апытаных згадвалі ў гэтым канктэксьце стабільнасьць, упэўненасьць у заўтрашнім дні. Фактычна, гэта ўсё тое, чым ганарыцца сёньняшняя ўлада Беларусі. За выключэньнем «нізкіх цэнаў» (чамусьці апытаныя забываюць пра неаднаразвыя падвышэньні цэнаў за брэжнеўскім часам на так званыя «прадметы раскошы» — дываны, мэблю, аўтамашыны) і «бясплатнага жыльля» (атрыманьня якога можна было чакаць дзесяцігодзьдзямі) усё ёсьць у цяперашняй Беларусі. Прынамсі, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у Беларусі перамог «рэальны сацыялізм», пра які гаварылі брэжнеўскія ідэолягі.

Дый бяз гэтага відавочна, што ўзровень жыцьця ў сучаснай Беларусі ня толькі наблізіўся да сярэднестатыстычнага савецкага ўзроўню дваццаціпяцігадовай даўніны, але значна пераўзышоў яго. Хто зь беларусаў тады, на пачатку 1980-х, мог марыць, скажым пра ўласны «Фольксваген»? Ня кажучы ўжо аб уласным катэджы?

У той самы час, паводле сацыялягічнага апытаньня, праведзенага на замову расейскае дзяржаўнае сацыялягічнае службы ВЦІОМ, аб распадзе СССР шкадуюць 68% апытаных расейсцаў і толькі 52% грамадзянаў Беларусі. Аб’яднаньня ж у новы Саюз хацелі б крыху больш паловы расейцаў і толькі 36% беларусаў.

Упэўненасць у заўтрашнім дні

І гэта натуральна. Навошта імкнуцца да нейкага новага мітычнага саюзу, калі Савецкі Саюз захаваўся ў амаль не кранутым выглядзе ў самой Рэспубліцы Беларусь? Дзе захаваліся КГБ, дзяржкантроль, савецкая сыстэма сацыяльнага забеспячэньня і адукацыі. славутыя «стабільнасьць» і «ўпэўненасьць у заўтрашнім дні». Гэта тая самая ўпэўненасьць, якая прымушала дваццаць пяць гадоў таму і прымушае дагэтуль маладых альбо сталых людзей у Беларусі зьяжджаць на Захад. Тая «стабільнасьць і згода», якія пануюць звычайна на могілках і якія прымушалі людзей, не пазбаўленых інтэлекту і гонару, літаральна скавытаць ад тугі. Многія адукаваныя сьпіваліся альбо сыходзілі ва «ўнутранае падпольле» за брэжнеўскім часам — ішлі ў качагары, вартаўнікі, падмятальшчыкі.

Здаецца, «мода» на гэтыя прафэсіі сярод творчай інтэлігэнцыі хутка вернецца.

Зразумела, нармальны чалавек ня можа жыць толькі палітыкай і развагамі на палітычныя тэмы. І за брэжнеўскім часам, як і ва ўсе часы, людзі кахаліся, сябравалі, пісалі кнігі, чыталі, хадзілі ў кіно і тэатры, адпачывалі на моры, зьбіралі грыбы й ягады. Адным словам, жылі. Жывуць і зараз.

Сёлетні год запомніцца ня толькі палітычнымі падзеямі — прэзыдэнцкімі выбарамі і Плошчай, галадоўкамі Казуліна і пратэстантаў, сахараўскай прэміяй Мілінкевіча, судамі над маладафронтаўцамі й флэш-мобамі, пікіроўкамі Лукашэнкі й Пуціна. Гэты год, па-мойму, ўвойдзе ў гісторыю таксама фэнамэнальным ураджаем яблыкаў. Большая частка якога гніе проста ў садах на зямлі, ці на сьметніках. І яшчэ год запомніцца фэнамэнальна цёплым пачаткам зімы.

Ці Бог чарговым разам літасьціва ставіцца да беларусаў, даючы ім магчымасць лягчэй перажыць яшчэ адну зіму трывогі нашай, ці рыхтуе нас да сапраўдных выпрабаваньняў?

Мне чамусьці ўспамінаецца анэкдот брэжнеўскага часу. Што напішуць у будучых энцыкляпэдыях пра Брэжнева і Андропава? «Дробныя палітычныя дзеячы эпохі Сахарава і Салжаніцына…»

Я ня ведаю, ці назавуць калі-небудзь беларусы сучасную эпоху, скажам, эпохай Васіля Быкава. Але гэтая эпоха ўжо належыць ім — толькі яны гэтага яшчэ не ўсьвядомілі, ўвесь час азіраючыся на Брэжнева, Сталіна ды іншыя здані мінулага…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?