Урад Беларусі прыняў рашэнне аб зніжэнні дапушчальнага ўзроўню ўтрымання алкаголю ў крыві кіроўцы з 0,5 да 0,3 праміле.
.

Узровень 0,3 праміле выключае кіраванне машынай пасля выпітага піва і віна нават у малых колькасцях.

Пасля выпітай бутэлькі піва, бакала віна ці 50 г гарэлкі узровень алкаголю ў крыві зніжаецца да менш чым 0,3 праміле не менш чым 2—3 гадзіны. Прычым тэмп працверазення моцна залежыць ад таго, мужчына гэта ці жанчына і якая вага чалавека.

Пастанова Савета міністраў ўжо падпісана, паведаміла БелаПАН старшы інспектар па асобых даручэннях упраўлення ДАІ МУС Ганна Банадык.

Тэрміны ўваходжання дакумента ў сілу пакуль не называюцца.

Колькасць кіроўцаў, якія селі сёлета за руль у нецвярозым стане і былі затрыманы інспектарамі ДАІ, набліжаецца да 18 тысяч. За мінулы год было выяўлена прыкладна 5 тысяч вадзіцеляў, якія селі за руль у нецвярозым стане паўторна на працягу года. Па віне п’яных кіроўцаў на дарогах загінулі 205 чалавек.

20–22 мая для эфектыўнага выяўлення вадзіцеляў, якія кіруюць транспартнымі сродкамі ў стане ап’янення, па ўсёй краіне супрацоўнікі ДАІ

будуць актыўна працаваць з выкарыстаннем тактыкі «звужанай паласы»
.

У мэтах стабілізацыі становішча на дарогах, арганізацыі бяспекі дарожнага руху і аказання дапамогі ўдзельнікам дарожнага руху ў перадвыхадныя і выхадныя дні Дзяржаўтаінспекцыя арганізуе ўзмоцнены варыянт нясення службы. Асаблівую ўвагу супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы нададуць выкананню хуткасных рэжымаў, правілаў абгону і манеўравання, выкарыстанню рамянёў бяспекі, кантролю цвярозасці. Аўтамабільныя патрулі ДАІ будуць узмоцнены матацыклістамі са спецпадраздзялення ДПС «Страла». На ўсёй тэрыторыі Беларусі інспектары ДПС будуць працаваць паводле высокаэфектыўнай методыкі з выкарыстаннем мабільнага комплексу фотавідэафіксацыі «Арэна» і каналаў электроннай сувязі GPRS, якія дазваляюць на любыя адлегласці перадаваць фотаматэрыялы з зафіксаванымі парушэннямі для далейшага адэкватнага рэагавання на іх.

За мінулыя суткі ў Беларусі зафіксавана 345 дарожна-транспартных здарэнняў. У 15 ДТЗ 15 чалавек атрымалі раненні (два з іх — дзеці). За кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення затрыманы 128 вадзіцеляў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?