Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі мяркуе, што гучныя крымінальныя працэсы па справе былога гендырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава, экс-начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманька, экс-дырэктара «Атлянта» Леаніда Калугіна, экс-гендырэктара «Нафтана» Канстанціна Часнавіцкага ды інш. нагналі страху на ўвесь дырэктарскі корпус Беларусі.

І цяпер амаль усе кіраўнікі прадпрыемстваў імкнуцца не высоўвацца, не праяўляць ініцыятывы і не рызыкаваць, каб не паўтарыць лёс тых, каго яшчэ нядаўна называлі «прамысловымі генэраламі». Пра гэта Сідорскі адкрыта заявіў на адным з пасяджэньняў з удзелам прадстаўнікоў сілавых міністэрстваў і некаторых іншых чальцоў ураду.

«Мяркую, што дырэктары павінны ісьці на экспэрымэнты, на разумную рызыку, - сказаў прэм’ер. – Але яны сёньня імкнуцца лепш атрымаць «наганяй» за невыкананьне прагнозных паказчыкаў ці нават заплаціць велічэзны штраф, чым пайсьці на нейкія нестандартныя крокі. А гэта таму, што мы іх запалохалі да сьмерці! Рана ці позна гэта негатыўна адаб’ецца на нашай эканоміцы…».

За апошнія гады Сідорскі ўпершыню так рэзка выказваўся на публіцы. Ягоныя словы кардынальна разыходзяцца з думкай Лукашэнкі, што паказальных працэсаў павінна быць яшчэ больш.

Нагадаем, што пры азнаямленьні зь Зянонам Ломацем у пасадзе старшыні Дзяржкантролю, Лукашэнка з сумам заўважыў, што ў Беларусі даўно не было гучных спраў, што грымелі на ўсю краіну. «У апошнія часы камітэт дзяржкантролю здаў свае пазыцыі, пачаў распыляць сілы на вялікую колькасьць дробных праверак, - заявіў Лукашэнка, нагадаўшы пра эфэктыўную працу Камітэта па спыненьні злоўужыывантняў на Беларускім мэталюргічным заводзе, на МТЗ, Беларускай чыгунцы і Менскім падшыпнікавым заводзе.

Як паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што «няма такіх значных для эканомікі краіны праверак, як па Нацбанку і галін лясной гаспадаркі, няма аналізу вэксальнага абарачэньня і страхавога рынку».

Такім чынам, супрацьстаяньне прэм’ера з прэзыдэнтам – відавочна. Цікава, чым усё гэта скончыцца? Лукашэнка пасадзіць Сідорскага ці Сідорскі, нарэшце, возьме ўладу ў свае рукі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?