У Канах абвешчаны пераможца кінафестывалю 2011 года. «Залатую пальмавую галіну» 64-га Канскага фестывалю атрымаў фільм «Дрэва жыцця» амерыканскага рэжысёра Тэрэнса Маліка. Гэта драма з элементамі сюру і фантастыкі. У ёй зняліся Брэд Піт, Шын Пэн і Джэсіка Чэстэйн. Яе прэзентуюць як «казку пра жыццёвы шлях тэхаскага хлопчыка ад цнатлівага маленства да поўнай расчаравання даросласці, казка пра душу, што заблукала ў сучасным свеце і пра спробы вярнуць жыццю сэнс».

Прыз фестывалю за найлепшую жаночую ролю прысуджаны актрысе Кірстэн Данст за фільм скандынаўскага рэжысёра Ларса фон Трыера «Меланхолія», вакол якога аказалася нечакана шмат скандалаў.

Арганізатары Канскага кінафестывалю абвясцілі дацкага кінарэжысёра Ларса фон Трыера персонай нон грата пасля яго заяў аб сімпатыях да Гітлера.

Фон Трыер на прэс-канферэнцыі, прысвечанай паказу «Меланхоліі», заявіў, што з «разуменнем» і «спагадай» ставіцца да Гітлера. Затым ён назваў сябе «нацыстам». Дырэкцыя фестывалю запатрабавала ў рэжысёра тлумачэнняў, пасля чаго ён прынёс свае прабачэнні.

Прыз за найлепшы сцэнар атрымаў ізраільскі рэжысёр Ёзэф Седар за фільм «Заўвага» — філалагічны трылер, у якім бацька і сын, абодва — даследчыкі Торы, супернічаюць за буйны прыз.

Гран-пры Канскага фестывалю ў гэтым годзе вырашана было падзяліць пароўну паміж туркам Нуры Більге Джэйланом з ягоным амаль трохгадзінным фільмам «Аднойчы ў Анатоліі» і братамі Дардэн, якія прывезлі «Хлопчыка на ровары».

Канскі кінафестываль праходзіў сёлета з 11 па 22 мая, старшынёй журы быў Роберт Дэ Ніра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?