Сёння ў Маскоўскі РУУС Мінска забралі яшчэ трох актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Бажыну, Андрэя Молчана і Данілу Ганчарова.

Як паведамілі ў грамадзняскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», у маладых людзей на кватэрах правялі ператрусы. Забралі камп’ютарную тэхніку. Міліцыянты сказалі затрыманым, што іх будуць дапытваць па справе падалу Дома правасуддзя.

Нагадаем, што ў ноч пасля вынясення прысуду экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву была спроба падпаліць Дом правасуддзя. У будынак кінулі некалькі «кактэйляў Молатава». На месцы здарэння аператыўныя работнікі знайшлі бутэльку з гаручай вадкасцю і фрагменты яшчэ трох разбітых бутэлек.

Агнём усяго толькі пашкоджаны дзверы службовага ўваходу. Па факце падпалу заведзена крымінальная справа па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства).

Па справе ўжо дапыталі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Асінскага, Алега Селіванава, Улада Беразоўскага, Аляксандра Кудлаева з сынам, Георгія Русака, Алега Ярасеню, Мікіту Велікаборца і актывіста кампаніі «Без’ядзерная Беларусь» Арсеня Гурскага. Усе яны адпушчаны. Допыты праводзілі міліцыянты і супрацоўнікі КДБ.

14 мая ў судзе Партызанскага раёна Мінска (Дом правасуддзя) быў вынесены прысуд Андрэю Саннікаву, каардынатару грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?