Канфэрэнцыя «Эканоміка Беларусі: бягучая сытуацыя, асноўныя праблемы й пэрспэктывы разьвіцьця», што адбылася ў Менску ў аўторак пад эгідай Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту, сталася знакавай: тры міжнародныя эканамічныя інстытуты ў адзін голас засьведчылі тое, што фаза «ўзнаўленчага росту эканомікі», што назіралася ў Беларусі апошнія 10 гадоў, хутка скончыцца. І што цяпер — ці не апошні тэрмін, калі можна тэрмінова распачаць структурныя рэформы ў эканоміцы без адчувальных вынікаў для сацыяльнага фону. Але ўсе тры экспэрты маюць мала спадзяваньняў, што «акно магчымасьцяў» будзе адчыненае.

Разьвітая краіна зь пераходнай эканомікай

Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця прэзэнтаваў справаздачу пра беларускую эканамічную трансфармацыю 2005 г. Элізабэта Фальчэці, вядучы эканаміст эканамічнага дэпартамэнту ЭБРР, пачала з пахвалы: «Беларусь набліжаецца да разьвітых краін зь пераходнай эканомікай». Беларусь, сьцьвярджае ЭБРР, захоўвае высокія тэмпы росту ВУП і паніжае інфляцыю, крыху паляпшае бізнэс-асяродзьдзе, але захоўваецца занепакоенасьць празьмерным дзяржаўным рэгуляваньнем і ўмяшаньнем. Пры гэтым прагрэс у прыватызацыі й структурных рэформах нязначны.

Дзяржаўная статыстыка гаворыць пра высокі рост ВУП сёлета — 8% (у мінулым — 11%), што вышэй, чым нават у Азіі (у сярэднім па краінах СНД — 6,2%). У гэтым годзе істотна паменшылася й інфляцыя — да 10,5% гадавых (летась было 18,1%, у 2003 годзе — 28,4%). І ўпершыню з 1992 году інфляцыя ў Беларусі будзе меншая, чым ва Ўкраіне (там чакаецца 14%) і нават у Расеі (13%). Аднак пры гэтым слабымі месцамі застаюцца залежнасьць ад Расеі як асноўнага рынку й пастаўшчыка таннай энэргіі, уразьлівасьць фінансавага сэктару. І, натуральна, суцэльная адсутнасьць прамых замежных інвэстыцыяў. Дарэчы, траціну простых замежных інвэстыцыяў ва ўсёй СНД сёлета склаў продаж украінскай «Крыварожсталі».

Прапановы ЭБРР: актывізаваць рэструктурызацыю прадпрыемстваў і ліквідаваць бюджэтныя абмежаваньні, каб павысіць канкурэнтаздольнасьць прадпрыемстваў і дывэрсыфікаваць экспартныя рынкі; палепшыць бізнэс-асяродзьдзе для ўнутраных і замежных інвэстараў; скараціць квазіфіскальныя апэрацыі й працягнуць адказную манэтарную палітыку.

Слабая дзяржава

Старшыня рады фонду Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў (CASE) прафэсар Марак Дамброўскі зьвярнуў увагу на некаторыя відавочныя хібы, што могуць выступіць бар’ерамі для далейшага ўстойлівага росту:

— павышэньне Расеяй цэн на нафту й газ для Беларусі;

— дрэнны прадпрымальніцкі і інвэстыцыйны клімат;

— слабая, недэмакратычная дзяржава;

— неінтэграванасьць ў сусьветную й эўрапейскую эканоміку (то бок праблемы з уступленьнем у СГА і наяўнасьць квотаў Эўразьвязу);

— празьмерная залежнасьць ад каньюнктуры на асобных таварных рынках (у першую чаргу — рынку ўгнаеньняў, прадуктаў нафтахіміі, мэталапракату).

Асабліва цікава тут глядзіцца выснова пра слабую дзяржаву. Адказныя супрацоўнікі МЗС, што прысутнічалі на канфэрэнцыі, не пагадзіліся з дакладчыкам. Дамброўскі тлумачыць: адсутнасьць палітычных свабод вядзе да адсутнасьці эканамічных, бо адсутнічае сыстэма стрымак і проціваг грамадзкага кантролю (парлямэнцкага, судовага, кантролю СМІ й грамадзянскай супольнасьці).

Асобна прафэсар прыпыніўся на чыньніках, што ўплываюць на дрэнны прадпрымальніцкі клімат:

— бар’еры для ўваходжаньня на рынак, рэгістрацыйны й ліцэнзійны рэжымы, сыстэма дазволаў;

— галіновыя рэгуляцыі (будаўнікі, санстанцыі, пажарнікі, працоўныя, тэхнічныя, якасныя стандарты й г.д.);

— шматлікія інспэкцыі й праверкі, сыстэма «самафінансаваньня» інспэкцыйных органаў;

— падатковая сыстэма й падатковае адміністраваньне, незбалянсаванасьць правоў падаткаплатнікаў і падатковых органаў;

— мытная сыстэма й мытнае адміністраваньне;

— нестабільнасьць і непразрыстасьць прававой сыстэмы, неадпаведнасьць шматлікіх прававых нормаў міжнародным стандартам;

— дрэннае выкананьне законаў выканаўчай і судовай уладай (палітычная залежнасьць, карумпаванасьць і непрафэсіяналізм шмат якіх судзьдзяў, неэфэктыўнае выкананьне судовых рашэньняў;

— адсутнасьць эфэктыўнай абароны правоў уласнасьці, дзе дзяржава зьяўляецца галоўным парушальнікам;

— недаразьвітасьць фінансавага сэктару й фінансавых паслуг;

— недаразьвітасьць і манапалізаванасьць інфраструктуры.

Сьпіс, як бачым, вялікі. Дарэчы, па індэксе эканамічнай свабоды, што склалі спэцыялісты CASE, Беларусь займае 143 месца ў сьвеце (для параўнаньня: Эстонія — 4, Літва — 23, Латвія — 28, Чэхія — 33, Польшча — 41, Украіна — 88, Расея — 124).

Страчанае пачуцьцё рэальнасьці

«Міжнародная эканамічная супольнасьць у апошнія два гады канчаткова страціла пачуцьцё рэальнасьці ў дачыненьні да Беларусі». Так распачаў сваё выступленьне кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Вадзім Варонін. Прагнозы эўрапейскіх экспэртаў пра тэрміны краху беларускай эканомікі ўпарта не жадаюць спраўджвацца. Ён назваў сёньняшнюю эканамічную сытуацыю ў краіне як «акно магчымасьцяў» для павышэньня канкурэнтаздольнасьці беларускай эканомікі й забесьпячэньня ўстойлівых тэмпаў эканамічнага росту, як «пункт разгалінаваньня». «Па-вашаму гэта называецца «мець або ня мець», — сказаў ён. З 1996 году эканоміка Беларусі дэманструе няўхільны рост. Адбылося скарачэньне беднасьці з 38,5% да 17,8% (у два разы), то бок з-за рысы беднасьці было выведзена каля двух мільёнаў чалавек. Але «стратэгія росту набліжаецца да мяжы магчымасьцяў», — кажа Варонін. Ёсьць вялікая рызыка таго, што сытуацыя будзе пагаршацца.

У беларускай эканомікі хранічна слабы фінансавы й інвэстыцыйны рынак, не адкрываюцца новыя вытворчасьці, дывэрсыфікацыя экспарту ідзе павольнымі тэмпамі, замарожана прыватызацыя як такая. Да таго ж мае месца канцэнтрацыя 57% усяго беларускага экспарту паміж 20 асноўнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі-экспартэрамі. Галоўныя рэкамэндацыі для беларускай эканомікі, калі казаць агульна, — перайсьці да структурных рэформаў, а менавіта: скараціць дзяржаўную падтрымку прадпрыемстваў, лібэралізаваць гандаль, паскорыць працэс банкруцтва неканкурэнтаздольных прадпрыемстваў, стымуляваць рост вытворчасьці празь зьніжэньне падатковай нагрузкі, лібэралізаваць аплату працы й цэны, паслабіць адміністрацыйны кантроль, палепшыць грамадзка-палітычны імідж краіны. То бок зрабіць усё тое, што сёньняшняя беларуская дзяржава зрабіць мэнтальна ня ў стане. А перад выбарамі — тым больш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0