21 сьнежня

«Бацькаўшчыну» могуць ліквідаваць

МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» пагражае ліквідацыя. Аб`яднаньне атрымала зь Менскага гаспадарчага суду матывацыйную частку рашэньня суду ад 12 сьнежня. Тады суд адмовіў прадпрыемству «Менская спадчына» ў пазове аб скасаваньні дамовы арэнды з «Бацькаўшчынай». У матывацыйнай частцы дакумэнту, рашэньне адмовіць у скасаванні дамовы аб арэндзе прынятае на той падставе, што сама дамова прызнаная несапраўднай.

Суд у аддзяленьні кардыялёгіі

Віцебскі абласны суд спрабаваў разгледзець скаргу праваабаронцы Паўла Левінава на дзеяньні абласной выбарчай камісіі ў аддзяленьні кардыялёгіі віцебскага шпіталя хуткай мэдыцынскай дапамогі, куды Левінаў патрапіў з дыягназам «гіпэртанічны крыз». Аднак стан шпіталізаванага пагоршыўся, таму суд не адбыўся.

Ператрус у кватэры кандыдата

Увечары ў Пінску міліцыянты і людзі ў цывільным уварваліся ў кватэру кандыдата ў дэпутаты гарадзкога савету, сябра Партыі БНФ Юрыя Бахцерава. Ператрус доўжыўся больш як тры гадзіны. Міліцыянты забралі хатні архіў кандыдата ў дэпутаты, а таксама сьпіс з подпісамі выбарцаў і агітацыйныя матэрыялы, падрыхтаваныя да мясцовых выбараў.

Берасцейскім сацыял‑дэмакратам не даюць выступаць

Георгію Руцкому, кандыдату ў дэпутаты Берасьцейскага гарсавету па акрузе №11 ад БСДП (Грамада), адмовілі ў выступе перад выбарцамі на бацькоўскім сходзе ў СШ №16. У адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам напярэдадні сходу Г.Руцкі зьвярнуўся да дырэктара школы з просьбай дазволіць 5‑хвіліннае выступленьне перад бацькамі. Аднак дырэктар школы Тацяна Саланенка такой магчымасьці кандыдату ў дэпутаты не дала. Сябар камісіі Аляксей Крываносаў (вылучаны БРСМ) пацьвердзіў правамернасьць дзеяньняў Т.Саланенкі.

Фронтавец падаў пазоў на газэту «Рэспубліка»

Сябра Партыі БНФ Вадзім Канапацкі падаў пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі ў суд Савецкага раёну Менску на рэдакцыю газэты «Рэспубліка». Нагодаю стаў матэрыял журналіста Андрэя Сотнікава «Грошы і дэмакраты», апублікаваны ў нумары газэты «Рэспубліка» за 10 лістапада. У ім В.Канапацкі вінаваціцца ў растрачваньні замежнага гранту.

Разумаў пазьбег «хіміі»

Былы прафсаюзны лідэр Мікола Разумаў, асуджаны ў чэрвені 2006 года аршанскім судом на 3 гады «хіміі» за «паклёп на прэзыдэнта», знаходзіцца на свабодзе. Як паведаміў праваабаронца Алесь Бяляцкі, да адпраўкі на месца адбываньня пакараньня Разумаў пасьпеў аформіць 2‑ю групу інваліднасьці. Заканадаўства Беларусі вызваляе гэтую катэгорыю грамадзянаў ад пакараньня на «хіміі».

22 сьнежня

Клімаў на волі

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13‑га скліканьня Андрэй Клімаў выйшаў на волю пасьля аднаго з паловай году зьняволеньня, якія ён правёў у вёсцы Баршчоўка Гомельшчыны.

Прысуд Садоўскай бязь зьменаў

Кацярыну Садоўскую колькі месяцаў таму пакаралі зьняволеньнем на два гады за абразу А.Лукашэнкі і пагрозы судзьдзям Кіраўскага райсуду. Садоўская адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі. Менскі гарадзкі суд не знайшоў падставаў паменшыць тэрмін пакараньня ці замяніць яго на больш мяккі рэжым.

«Міжнародная Амністыя» прызнала Казуліна

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная Амністыя» прызнала экс‑кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, палітзняволенага Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.

«Новаму жыцьцю» не дазволілі маліцца ў будынку царквы

Вышэйшы гаспадарчы суд прыняў да разгладу тры зь пяці патрабаваньняў царквы «Новае жыцьцё». Сярод адхіленых былі звароты царквы аб перарэгістрацыі суполкі па адрасе разьмяшчэньня будынку (Кавалёва, 72), а таксама просьба аб дазволе правядзеньня богаслужэньняў у будынку царквы. Судзьдзя Караткевіч матывавала адхіленьне гэтых патрабаваньняў тым, што яны не адносяцца да працэсу ў цэлым і мусяць разглядацца як асобныя пытаньні.

Пасьля навагодніх сьвятаў царква «Новае жыцьцё» зьвернецца ў суд Цэнтральнага раёну з пазовам да Сталічнага тэлебачаньня.

23 сьнежня

Студэнтаў праграмы Каліноўскага затрымалі на мытні

А 22 гадзіне вечара на памежным пераходзе «Брузгі» супрацоўнікамі беларускай мытні былі затрыманы студэнты Аляксей Трубкін і Барыс Гарэцкі, якія вярталіся з Польшчы на калядныя вакацыі.

Пасьля 7‑гадзіннага знаходжаньня ў адным з памяшканьняў мытні у Трубкіна канфіскавалі сыстэмны кампутарны блёк, а ў Гарэцкага – ноўтбук.

На чыгуначным вакзале ў Горадні мытнікі затрымалі Зьмітра Мальчыка, які прыехаў у Горадню з Кракава. Хлопца дапытвалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. У выніку праваахоўнікі сканфіскавалі ў студэнта ноўтбук.

24 сьнежня

Затрыманы Алесь Міхалевіч

У часе каляднага канцэрту на кватэры, якая належыць Алесю Міхалевічу, уварваліся міліцыянты. Усіх прысутных затрымалі, аднак пасьля адпусьцілі. У РУУСе пакінулі толькі намесьніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча і яшчэ аднаго хлопца з прысутных, Васіля Лепеша. Дарэчы, Міхалевіч кандыдат у дэпутаты гарсавету. Ім інкрымінавалі нецэнзурную лаянку і пасадзілі на пяць сутак на Акрэсьціна.

Ушанаваньне памяці ксяндза Гадлеўскага

У нядзелю грамадзкасьць з ініцыятывы «Разам» ушанавала памяць ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Меркавалася ўсталяваць на месцы ягонага расстрэлу ў Трасьцянцы 24 сьнежня 1942 г. памятны крыж.

Адзін зь мікрааўтобусаў, у якім ехалі ўдзельнікі мерапрыемства, спынілі супрацоўнікі ДАІ. Празь некаторы час пасажырам патлумачылі, што прычына затрыманьня ‑ у аварыі на трасе, нягледзячы на тое, што процьма іншых машын спакойна выяжджала з гораду. Урэшце, у кіроўцы аўтобуса забралі дакумэнты, а пасажыры мусілі пешкі дабірацца да месца правядзеньня жалобнай акцыі.

У часе акцыі былі затрыманыя і адвезеныя ў РУУС Заводзкага раёну Галіна Апанасевіч, Ала Саскавец, Ніна Каляда, Ніна Валькоўская, а.Леанід Акаловіч, Аляксандра Лісоўская, Мікола Савіцкі, Яўген Гучок, Уладзімер Пацюкевіч.

Затрыманых Вячаслава Сіўчыка, Юрыя Дзядзінкіна, Аляксандра Макаева, Уладзімера, Ігара Курыцына адвезьлі ў пастарунак міліцыі ў Шабанах.

26 сьнежня

Цімох Дранчук на волі

А 7‑й гадзіне раніцы зь першай менскай калёніі вызвалілі былога актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства» Цімафея Дранчука. За кратамі ён адбыў болей за 8 месяцаў і быў вызвалены ўмоўна‑датэрмінова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0