Калі працоўны люд у Алёшчы зьбіраецца ў бытоўку пагрэцца ці ў абедзенны перапынак, калі апошнія вясковыя навіны абсмактаны да астатняй костачкі, а дзяжурны анэкдот ужо не выклікае ўсьмешак, запаноўвае шматзначная ціша. Тады хто-небудзь з рабочых абавязкова запаліць цыгарэціну, агледзіць прысутных і рашуча кракне:

— Ну, Паша, давай пра палітыку.

Пра яе тут гавораць ахвотна. Слухаюць уважліва, аднак любое сьцьверджаньне патрабуюць падмацаваць фактамі. Жывая гутарка — не палітынфармацыя: народ хоча, каб яго пераканалі, а не «загрузілі».

Шмат чаго люд ня ведае, але ў нежаданьні ведаць іх не абвінаваціш.

Аднак залатое правіла агітацыі спрацоўвае і тут: паведамленьне ўспрымаецца настолькі эфэктыўна, наколькі яно пацьвярджае існыя меркаваньні. Напрыклад, сярод некалькіх тузінаў тэм вакол кандыдатуры «ўсенароднаабранага», якія абмяркоўваліся падчас гутарак, гітамі тутэйшае масавае сьвядомасьці можна лічыць ня больш за дзясятак:

1. «Хопіць. За 12 гадоў можна было памяняць усё да лепшага, а яно ўсё горш ды горш… Куды яшчэ пяць гадоў!..»

2. «БТ і АНТ хлусяць. Кажуць, усё добра. А мы што, ня бачым, як насамрэч?»

3. «Чыноўнікі твораць, што хочуць. Крадуць, выціраюць аб цябе ногі, зьдзекуюцца, дзяцей сваіх забясьпечваюць. Ну пасадзіў ён аднаго, ну хай дзесяць — дык іх жа тысячы! Мафія. А хто ёй кіруе?..»

4. «Усе прэзыдэнты як прэзыдэнты, вунь паказваюць, з жонкамі, а гэты адзін як воўк». (Забойна гучыць абурэньне «жанок»: «Сыноў вунь хоць з сабою бярэ, а іхнюю маці ў вёсцы кінуў».)

5. «Сын старэйшы зь ім езьдзіць. Відаць, пераемніка рыхтуе».

6. «З усімі ў замежжы перасварыўся. У Эўропу ўжо не пускаюць. З суседзямі трэба ў міры жыць».

7. «250 даляраў заробак. Ты чуў?! У каго ў нашых такія заробкі?».

8. «Гарэлка таньнейшая за закуску. Нават за камуністамі было наадварот. Спойваюць!»

9. «Панаствараў сабе міліцыі, войска, КДБ, спэцслужбаў. Усё, каб утрымаць уладу. Чулі, колькі ён ім плаціць?»

10. Нарэшце, мясцовыя праблемы — пачынаючы ад разваленага калгасу ды зношанага савецкага абсталяваньня на вытворчасьці і канчаючы кепскімі дарогамі, адсутнасьцю водаправоду й «ніякім» сельсаветам, — зьвязаныя з агульнай палітыкай дзяржавы й хлусьнёй афіцыйных СМІ, ператвараюцца ў зброю ці ня самую эфэктыўную.

Аналізуеш маласіценскі палітычны гіт-парад — і пераконваесься, што добрая яго палова ў масавых кампаніях дэмакратамі не выкарыстоўваецца.

Зь іншага боку, шэраг казырных апазыцыйных «мэсыджаў» проста не ўспрымаюцца тут:

1. На размовы пра рынак, прыватызацыю, рэформы Эўразьвяз народ практычна не рэагуе.

2. Лёзунг «Незалежнасьць!» выклікае зьдзіўленьне: мы і так незалежныя далей няма куды.

3. Што цікава, людзі не перакананыя, што нашыя суседзі жывуць лепей.

4. Пра зьніклых палітыкаў ці перайменаваньні праспэктаў проста ня ведаюць.

І галоўнае: нягледзячы на ўсё разуменьне становішча і пратэстныя настроі, людзі лічаць, што «нічога ня зьменіцца».

Пераканаць іх у адваротным можа толькі адно. Наша перамога ў 2006-м, у якой яны паўдзельнічаюць.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?