19 чэрвеня споўнілася паўгода з дня правядзення апошніх прэзідэнцкіх выбараў, перамогу на якіх, паводле афіцыйных звестак, атрымаў Аляксандр Лукашэнка, і разгону масавай дэманстрацыі пратэсту ў Мінску. Трое кандыдатаў атрымалі вялікія тэрміны зняволення (Статкевіч, Ус, Саннікаў), двое -- умоўныя (Някляеў, Рымашэўскі), адзін уцёк з краіны (Міхалевіч).

Змены, што адбыліся ў краіне за шэсць месяцаў, па просьбе БелаПАН пракаментавалі палітыкі, які ў той ці іншай якасці бралі ўдзел у прэзідэнцкай гонцы.

Ім былі зададзены тры пытанні: 1. Што змянілася ў краіне за апошнія паўгода? 2. Ці здолела апазіцыя ачуняць ад нанасенага ёй удару? 3. Што будзе адбывацца ў бліжэйшыя паўгода?

На думку экс-спікера Вярхоўнага Савета 12-га склікання, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслава Шушкевіча (працаваў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава), сітуацыя ў краіне змянілася «не вельмі моцна». «Спачатку было ўзрушэнне, потым замірэнне. Не чакаючы нічога добрага,

грамадзяне пачалі працэс выжывання (дачы, агароды), па-беларуску прыстасоўваючыся да змены эканамічнага становішча», — зазначыў Шушкевіч.

Ён лічыць важным, што выбары выявілі, хто ёсць хто ў апазіцыі. «Былі людзі, якія зрабілі з апазіцыі даходнае месца; былі тыя, у каго, апрача клопатаў пра сябе і самарэкламу, нічога не было, гатовыя прадаць усё і ўсіх і ў любы час. Разам з тым выявілася вельмі шмат прыстойных людзей, сярод якіх, што радуе, шмат моладзі. Шкада, што з-за мярзотнасці рэжыму частцы давялося з’ехаць. Я сустракаўся з многімі з іх, у тым ліку ў Парыжы і Бруселі. Яны жывуць Беларуссю і абавязкова вернуцца», — заявіў Станіслаў Шушкевіч.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшыя паўгода будзе зразумела, здрадзіць Расія Беларусі ці не здрадзіць. «Калі з-за электаральных гульняў Пуціну і Мядзведзеву будзе выгадна здрадзіць правам чалавека, інтарэсам дэмакратыі, калі „Адзіная Расія“ ператворыцца ў КПСС, будзе цяжка супрацьстаяць гэтай навале. Калі Расія засаромеецца і будзе пачуты голас расійскай інтэлігенцыі — шанц на змены ёсць», — мяркуе палітык.

Пра сітуацыю ў Беларусі сведчыць эканамічны крызіс, які ўсё больш нагадвае катастрофу, заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі (прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна па абвінавачанні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што парушалі грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх). «У палітыцы галоўнае пытанне — вызваленне палітзняволеных, — заявіў ён. — Істотны момант — вельмі многія не падтрымліваюць уладу і звязваюць з ёй цяперашні крызіс. У параўнанні з 19 снежня незадаволеных стала значна больш. Калі б выбары прайшлі сёння, выбаршчыкі яшчэ больш актыўна галасавалі б за дэмакратычных кандыдатаў,

а кандыдат ад улады набраў бы не больш за 20%».

Паводле слоў Рымашэўскага, БХД дастойна вытрымала ўдар пасля прэзідэнцкіх выбараў. «Зыход не быў масавы, пайшлі адзінкі. З’явілася шмат новых людзей. Спадзяюся, што і іншыя вытрымалі. Вядзём перамовы пра супрацоўніцтва. Шанцы на аб’яднанне намаганняў высокія», — мяркуе палітык.

«У найбліжэйшыя паўгода будзем дабівацца ад улад уступак ва ўсіх найважнейшых сферах жыцця, уключаючы вызваленне палітзняволеных, свабоду СМІ, грамадскіх арганізацый і сходаў», — заявіў Рымашэўскі. На яго думку, эканамічны крызіс даў сур’ёзны шанц на змену сітуацыі ў краіне.

«Сітуацыя ў краіне за гэтыя паўгода пагоршылася — і палітычна, і эканамічна, і сацыяльна, — заявіў БелаПАН экс-кандыдат у прэзідэнты, эканаміст Яраслаў Раманчук. — Падзеі, што адбываюцца сёння, маглі пачацца яшчэ ў 2010 годзе, калі б не крэдыт МВФ. Крэдыт даверу насельніцтва, Масквы і Захаду да беларускай улады блізкі да крытычнага значэння. Краіна ўступіла ў сур’ёзную паласу выпрабаванняў, і Лукашэнку ў нечым давядзецца падаць назад. Пытанне — калі і ў якім кірунку».

Паводле слоў Раманчука, пасля вельмі жорсткага ўдару апазіцыя праводзіць аўдыт «таго, што засталося, хто ёсць хто». «Чакаць фарміравання кааліцыі не даводзіцца. Але ўсе адзіныя ў адным: палітзняволеныя павінны быць вызваленыя. Праўда, ёсць дзяленне на прыхільнікаў жорсткай і мяккай лініі: адны адмятаюць магчымасць кантактаў з уладамі да вызвалення палітзняволеных, іншыя лічаць неабходным уцягнуць улады ў дыялог, мяркуючы, што гэта вырашыць праблему вызвалення людзей», — сказаў Раманчук.

Ён упэўнены, што сітуацыя ў эканоміцы будзе толькі пагаршацца. «Падстаў для аптымізму няма. Магчымая часоая стабілізацыя, калі ўлады адважацца на продаж актываў», — мяркуе экс-кандыдат у прэзідэнты.

На яго думку, у найбліжэйшыя паўгода палітзняволеныя будуць вызваленыя. «У Лукашэнкі яшчэ ніколі не было такой залежнасці ад Масквы, як сёння, і трэба нешта рабіць для пацяплення адносін з Захадам», — заявіў Раманчук.

«У краіне змянілася ўсё»,
 — мяркуе жонка Андрэя Саннікава, журналістка расійскай «Новой газеты» Ірына Халіп, якая 16 мая была прыгавораная да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.
«Краіна стала зусім іншай. З аднаго боку, яна мне падабаецца, таму што дзяржпрапаганда перастала дасягаць сваіх мэтаў.
Пасля 19 снежня людзі ўключылі магзі і пачалі аналізаваць, што з імі адбываецца. З другога боку, я адчуваю вакуум: вельмі многія або з’ехалі, або сядзяць у турме, у тым ліку мой муж, па якім вельмі сумую», — сказала Халіп.

На яе думку, абмяркоўваць сітуацыю ў апазіцыі трэба толькі пасля выхаду на волю лідараў апазіцыі. Халіп выказала надзею, што ў найбліжэйшыя паўгода палітзняволеныя будуць вызваленыя. «Я чакаю зменаў, якія наблізяць тую Беларусь, у якой нам хацелася б жыць», — заявіла жонка Андрэя Саннікава, прыгаворанага 14 мая да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Экс-кандыдат у прэзідэнты, паэт Уладзімір Някляеў адзначыў змены ў настроях людзей. «Я зараз знаходжуся ў Бычках, на радзіме Васіля Быкава, якому сёння споўнілася б 87 гадоў, і бачу ў людзях значна больш упэўненасці ў тым, што сітуацыя зменіцца, хоць улада зрабіла ўсё, каб увесці народ у нявер’е. Калі ў мінулыя гады на такіх сустрэчах пераважаў песімізм, пачуццё адчаю, то зараз, пасля 19 снежня 2010 года, людзі чакаюць перамен», — сказаў Някляеў.

На яго думку, улада мяркуе, што нанесла апазіцыі накаўціруючы ўдар. «Тыя, хто быў на плошчы, прыйшлі не біцца са спецназам. Збіванне мірных дэманстрантаў не азначае перамогі спецназу і рэжыму з яго бравымі генераламі, якіх Лукашэнка ўзнагароджваў, нібыта яны перамаглі пад Аўстэрліцам ці Барадзіно. Ідзе адраджэнне апазіцыі на якасна новым узроўні. Сёння ў Бычках быў Мілінкевіч. Мы ўпершыню пагутарылі з ім не толькі на палітычныя тэмы, але і па-чалавечы, і гэта таксама вынік 19 снежня», — заявіў Някляеў.

Ён мяркуе, што восенню варта чакаць сацыяльнага выбуху.
«Беларусы, маючы ў панчохах 1–2 тыс. долараў, думаюць, што з’яўляюцца вельмі багатымі людзьмі. Але вельмі хутка высветліцца, што, апрача панчох, і то з дзіркамі, у іх нічога не засталося, і тады пачнуцца першыя сур’ёзныя сацыяльныя пратэсты, да якіх нам трэба быць гатовымі», — сказаў Уладзімір Някляеў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?