У Брэсце 19 чэрвеня адкрыты памятны знак ахвярам Халакосту. Мемарыяльны знак устаноўлены на могілках «Паўночныя», дзе ў лістападзе 2010 года ў брацкай магіле былі пахаваныя астанкі 350 брэсцкіх яўрэяў, расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У цырымоніі адкрыцця помніка ўзялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, дыпламатычных місій у Брэсце, Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, брэсцкай яўрэйскай абшчыны, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

На цырымоніі зазначалася, што ў гэтай брацкай магіле пахаваныя астанкі яўрэяў, знішчаных фашыстамі ў верасні 1942 года на ўскраіне былой вёскі Гершоны, якая зараз уваходзіць у гарадскую рысу Брэста. Паводле ўспамінаў старажылаў, ахвярамі былі старыя, жанчыны і дзеці.

«Усяго на тэрыторыі Брэсцкай вобласці 76 месцаў масавага расстрэлу яўрэяў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На 17 устаноўленыя памятныя знакі ахвярам Халакосту. Сёлета будуць адкрытыя яшчэ два — у Івацэвіцкім раёне», — паведаміў старшыня Брэсцкай гарадской яўрэйскай грамадскай арганізацыі «Брыск» Барыс Брук.

Намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Мікалай Бясько падкрэсліў, што гэты памятны знак — яшчэ адзін напамінак пра той страшны час.

«З 50 тыс. чалавек, якія жылі ў Брэсце напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, 26 тыс. былі прадстаўнікамі яўрэйскага народа. У першыя ж месяцы вайны гітлераўскія захопнікі расстралялі значную частку яўрэйскага насельніцтва горада, ізаляваўшы астатніх у гета. 15 кастрычніка 1942 года яго вязні былі расстраляныя ў рвах пад Броннай гарой», — сказаў Бясько.

Удзельнікі мерапыремства ўсклалі вянкі і кветкі да помніка, ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання. Мемарыяльны знак — гранітная стэла, якую вянчае мінора, з памятным надпісам на іўрыце, беларускай і англійскай мовах. Эскіз помніка распрацаваны ў Мінску, у творчай майстэрні пры Саюзе беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аргаізацый і абшчын. Сродкі на яго выраб выдзеліў Фонд Лазарусаў (Вялікабрытанія).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?