Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце лічыць, што тэрміналы для захоўвання звадкаванага газу павінныя мець усе тры краіны Балтыі,паведамляе БЕЛТА.
Пасля сустрэчы кіраўнікоў Літвы і Эстоніі Далі Грыбаўскайце і Хендрыка Ільвеса ў Вільні ў паведамленні для прэсы было прыведзенае меркаванне прэзідэнта Літвы аб тым, што адзін рэгіянальны газавы тэрмінал не забяспечыць патрэбаў усіх трох краін у звадкаваным газе, а некалькі тэрміналаў — у Латвіі, Літве і Эстоніі — не толькі ўмацуюць энергетычную незалежнасць рэгіёну, але і будуць стымуляваць канкурэнцыю на газавым рынку, што прывядзе да зніжэння цэнаў на газ для спажыўцоў.
Літва, паводле словаў прэзідэнта, не супраць таго, каб у Латвіі пабудавалі рэгіянальны нафтатэрмінал звадкаванага газу, але хоча пабудаваць і свой тэрмінал паменей, каб завозіць газ па моры танкерамі і знізіць энергетычную залежнасць ад «Газпрома».
Латвія актыўна прапагандавала будаўніцтва рэгіянальнага тэрмінала на сваёй тэрыторыі, спадзеючыся прыцягнуць для яго будаўніцтва грошы Еўрасаюза. Да гэтага часу гэтую ідэю лічыў ўзаемавыгаднай і эстонскі прэзідэнт Хендрык Ільвес. Паводле словаў Далі Грыбаўскайце, эстонцы цяпер таксама падумваюць пра будаўніцтва ўласнага невялікага нафтатэрмінала.





