На сайце мультымедыйнага часопіса 34mag.net 16 чэрвеня прайшла анлайн-прэзентацыя новай кнігі Віктара Марціновіча — «Сцюдзёны вырай». Гэты раман не выйдзе ў друкаванай версіі, не будзе прадавацца ў крамах, а распаўсюджвацца будзе толькі праз інтэрнэт.

Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч

Кніга даступная для бясплатнай запампоўкі, а ў сваім відэазвароце ды чытачоў Марціновіч заклікае «пірацтваваць» і пускаць яго раман па свеце.

У інтэрв’ю naviny.by Віктар Марціновіч прызнаўся, што «гэта кніга пра тое, як складана быць беларусам і пра тое, якая псеўдахрэнічная краіна Беларусь. Часткова гэтая кніга будзе, напэўна, нагадваць фільмы Кустурыцы, часткова, магчыма, раманы Набокава і апавяданні Борхеса».

— Чаму яна выйшла менавіта ў электронным варыянце?

— У папяровую літаратуру я больш не веру. Я лічу, што будучыня літаратуры — выключна ў лічбавым фармаце, асабліва ў Беларусі, дзе ўся папяровая літаратура манапалізаваная дзяржавай і тымі людзьмі, якія гавораць ад імя дзяржавы.

— Але ж «Параноя» выходзіла ў расійскім выдавецтве…

— Так, і я думаю, што гэта было маёй памылкай. «Параноя» пачала масава распаўсюджвацца менавіта ў сеціве. Калі мы параўнаем яе друкаваны наклад і колькасць запамповак, якую паказвае Яндэкс па гэтым запыце, то зразумеем, што асноўны яе чытач быў не сярод тых першых тысяч, якія купілі папяровую версію, а сярод тых дзясяткаў тысяч, якія запампавалі электронную.

— Вы наогул не плануеце больш выдавацца ў друкаваным варыянце?

— Менавіта гэтая кніга, паколькі яна прысвечаная Беларусі і напісаная на беларускай мове, будзе выдадзеная толькі ў электроннай версіі. У папяровым фармаце, магчыма, у будучыні будуць выдадзены іншыя тэксты на рускай, ангельскай, польскай і іншых мовах.

— Публікуючы кнігу ў інтэрнэце, вы ж пазбаўляеце сябе аўтарскіх ганарараў.

— Грошы ў дадзеным выпадку не самае галоўнае. Калі я пісаў гэты тэкст, я адчуваў пякучае задавальненне ад той інтэлектуальнай гульні, якую вёў з чытачамі. Чаму я павінен прасіць грошы за тое задавальненне, якое я ўжо дэ-факта атрымаў?

Ганарары за «Параною» — усе выплаты, якія я атрымаў да гэтага моманту, — былі ніжэйшыя за мой месячны заробак. Але ўзамен на гэтыя ганарары ты ўключаешся ў гульню з паперай, у гульню з месцам, дзе цябе могуць забараніць. У інтэрнэце літаратуру немагчыма забараніць, і новую кнігу не забароняць. Зыходзячы з гэтага, я і прымаў рашэнне, што яна павінная з’явіцца ў такім дзіўным фармаце. Вось хай цяпер дацягнуцца.

— Вы размаўляеце і пішаце у газеце па-руску. Чаму гэтую кнігу вырашылі напісаць па-беларуску?

— Таму што гэты тэкст пра беларускую мову, пра беларускую літаратуру сёння. Гэты тэкст пра тое, што такое Беларусь. Ні на адной іншай мове гэты тэкст з’явіцца не мог.

Я недасканалы пісьменнік, і мая беларуская мова недасканалая. Над гэтым тэкстам працавалі тры рэдактары і адзін карэктар, і ўсе яны знаходзілі масу памылак. Разам з тым я лічу, што пэўнае месца менавіта ў беларускамоўнай літаратуры гэты тэкст зойме, таму што я прыйшоў у гэты свет з акрэсленым уяўленнем пра тое, якой павінная быць стылістыка сапраўднай сур’ёзнай літаратуры.

Валянцін Акудовіч пасля таго, як прачытаў гэты тэкст, сказаў мне, што я яго абхітрыў. Ён некалі казаў мне пераходзіць на беларускую мову, каб памяняць стыль, зрабіць яго карацейшым, выразнейшым і, на яго думку, больш канвенцыйным. Пасля чытання кнігі ён сказаў мне, што ўсю тую стылістыку, якая характарызавала мае рускамоўныя тэксты, я цяпер перавёў у беларускамоўны фармат і што атрымалася нядрэнна. Ён быў уражаны тым, якую мову для пачаткоўца я там прадэманстраваў.

— У Беларусі пісьменніцтва можа быць эканамічна выгадным?

— Быць пісьменнікам наогул эканамічна нявыгадна. У Расіі ёсць дзесяць пісьменнікаў, якія зарабляюць на жыццё прафесійна. Нават Захар Прылепін, які нядаўна атрымаў Букераўскую прэмію і з’яўляецца лаўрэатам ўсіх магчымых і немагчымых прэмій, працуе full-time у мас-медыях.

Быў такі пісьменнік Курт Вонегут, які напісаў «Калыску для коткі». Ён калісьці пачынаў працаваць аўтарам рэкламных тэкстаў для General Motors. У нейкі момант ён перайшоў з General Motors у літаратурныя часопісы, таму што ў іх за кніжку або апавяданне плацілі больш, чым ён мог зарабіць на рэкламе. Іронія лёсу ў тым, што са з’яўленнем масавага тэлебачання ў 1950-х гадах рэклама сышла з літаратурных часопісаў у тэлебачанне, і літаратура як форма «пісання» зноў зрабілася нерэнтабельнай. І ўжо старым чалавекам Курт Вонегут зноў вярнуўся ў рэкламу. Ці гэта не выдатны доказ таго, што, калі вы хочаце зарабляць грошы, ідзіце на запраўку, але ніяк не ў літаратуру?

— Пасля выхаду «Параноі» шматлікія чытачы былі расчараваныя, калі знайшлі яе моцнае падабенства з нямецкім фільмам «Жыццё іншых». Ці не будзе ў новай кнізе такога падабенства з фільмамі Кустурыцы і раманамі Набокава?

— Калі нехта знойдзе падобны твор літаратуры, я паабяцаю наступным разам перад тым, як пісаць што б там ні было, раіцца з гэтым чалавекам.

На маю думку, гэты тэкст не падобны ні да чога наогул. Дэ-факта гэта тэкст з трайным самагубствам аўтара, як сказаў той жа Акудовіч. Гэта тэкст, які ўвесь час называе сябе не тэкстам, а падманам. Гэта падман, падман, падман, які заключаны ў некалькі ўзроўняў падману. Урэшце, калі ты прачытваеш, у цябе ўзнікае разгубленасць, хто табе хлусіў, а хто не. Гэта трылер, у якім зладзеі і героі ўвесь час мяняюцца месцамі. Пры гэтым сутнасць дзеяння вельмі моцна завязаная на Беларусі, гэта прыгода адной палітэмігранткі.

Даведка. Віктар Марціновіч, 33 гады, пісьменнік, журналіст, мастацтвазнаўца, палітолаг. Кіраўнік дэпартамента палітычных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня). Намеснік галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Белгазета». Аўтар раманаў «Параноя» і «Сцюдзёны вырай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?